Дзесяць год наперад(зе): «Студэнцкая думка» 1999–2009
Гэта здарылася тыдзень таму. Я вярталася дадому апошнім цягніком метро і, чакаючы перасадкі на станцыі «Купалаўская», чытала часопіс, прыхінуўшыся да борціка. Побач са мной на борціку сядзеў хлопец. То бок, «сядзеў» — гэта хутчэй апісанне яго фізічнага стану. Малады чалавек яўна лунаў у аблоках няяснага паходжання. На ім былі джынсы і шэры пінжак, з-пад якога амаль да калена звісаў аранжавы гальштук. Гальштук млява гайдаўся ў паветры, а хлопец млява пазіраў за яго рухамі.
Гэта здарылася тыдзень таму. Я вярталася дадому апошнім цягніком метро і, чакаючы перасадкі на станцыі «Купалаўская», чытала часопіс, прыхінуўшыся да борціка. Побач са
мной на борціку сядзеў хлопец. То бок, «сядзеў» — гэта хутчэй апісанне яго фізічнага стану. Малады чалавек яўна лунаў у аблоках няяснага паходжання. На ім былі джынсы і
шэры пінжак, з-пад якога амаль да калена звісаў аранжавы гальштук. Гальштук млява гайдаўся ў паветры, а хлопец млява пазіраў за яго рухамі.
І раптам я адчула, што мой сусед спусціўся на зямлю. Ледзь улоўны жэст ці нейкія біярытмы гэта былі — не ведаю. Носьбіт аранжавага гальштуку нечакана сканцэнтраваўся і ўпіўся ў мяне
позіркам. Прыўзняўшы галаву я, аднак, заўважыла, што позірк прыкуты не да мяне асабіста, а да часопіса, які я чытаю. Хлопец уважліва і прагна пачаў сачыць за тым, як я перагортваю старонкі. На сёмай
хвіліне нашага супольнага чакання электрычкі ён нарэшце не вытрымаў і звярнуўся да мяне з фразай, якую я не чула з кастрычніка 2005 года: «Дзевушка-а-што-вы-такое-чытаеце?»
Я чытала нумар часопіса «Студэнцкая думка», датаваны кастрычнікам 2005 года.
Быў яшчэ варыянт, што хлопцу спадабалася менавіта я, а часопіс стаў нагодай пачаць знаёмства. Бо надта ўжо шмат распладзілася ў Мінску ўсемагчымых пікапераў (хлопцаў, якія знаёмяцца з дзяўчатамі на
вуліцы дзеля спартовага інтарэсу, — я вельмі добра вывучыла іх павядзёнку, калі мы з калегай рыхтавалі для «Студумкі» матэрыял на гэту тэму). Але я выдатна ведала, што гэта
не так. Так было б з любым іншым друкаваным выданнем ці кнігай, якую я магла чытаць у той вечар у апошнім метро. Я выдатна ведала пра гіпнатычную сілу часопіса, які трымала ў руках. Мяне адно
здзівіла, што за чатыры гады імклівага развіцця айчыннага медыйнага рынку гіпнатычная сіла не паменшылася, а ўдзесецярылася.
Прыехала электрычка, і мы ўвайшлі. Хлопец у аранжавым гальштуку ішоў, зазіраючы мне праз плячо, як Шурык у камедыі пра падрыхтоўку да экзамену.
Шэры глянец
Я пачала пісаць для «Студумкі», калі мне было дваццаць. «Галоўнае, — сказалі мне адразу, — азірацца па баках у пошуках трэндаў і граматна тырыць
фічы». Некалькі хвілінаў я прабавіла, перакладаючы гэта на зразумелую сабе мову. А мне ж трэба было самой вучыцца пісаць такім чынам! На маім філфаку гэткаму не вучылі. Праца абяцала быць
цікавай.
Злева направа Алеся Серада, Марыя Мартысевіч, Алена Шалаева, Барыс Мікалайчык —
найлепшыя аўтары часопіса «Студэнцкая думка», ныя падчас святкавання 10-годдзя
часопіса 30 маяў мінскім клубе Fabrique.
Чорна-бела-шэры глянцавы друк — фірмовая адзнака часопіса «Студэнцкая думка» ў 2002–2004 годзе (у 2005 быў уведзены трохколерны друк) — тлумачылася вельмі
проста — так было танней. Але з тэхнічнай асаблівасці развілася ідэалогія. Пазбаўлены колераў друк на падкрэслена дарагой паперы ствараў неверагодны эфект спалучэння неспалучальнага. Гэтак і
паводле зместу «Думка» імкнулася пісаць па-гламурнаму модна, але на тэмы ліберальныя, лявацкія, правакацыйныя, нонканфармісцкія. Усяго гэтага — і гламуру, і нон-канфармізму
— у беларускім моладзевым друку на той момант катастрафічна не ставала.
«Граматнае тыранне фічаў» адбывалася наступным чынам. Рэдакцыя была па вушы заваленая стылёвымі часопісамі, як расійскімі, так і заходнімі. Але «крадзеж» прыёмаў,
тэмаў і афармлення магло заўважыць толькі напрактыкаванае ў такім чытве вока — усё нянаскае бязлітасна адаптоўвалася пад беларускі кантэкст, прыстасоўвалася да айчыннага матэрыялу, абрастала
тутэйшымі прыкладамі.
Падыход да афармілаўкі радыкальна змяніўся, калі файлы на свой працоўны комп пачаў атрымліваць дызайнер Віталік «Вітамін» Дзегцяроў — гіпнатычны эфект папяровай
«Студумкі» шмат у чым яго заслуга. Поруч са мной, апроч галоўнай рэдактаркі Ірыны Віданавай і рэдактараў Міколы Шакеля і Сяргея Сахарава, працавалі Алёна Шалаева, Алеся Серада,
Павел Свярдлоў, Багдан Арлоў, Антон Кашлікаў, Барыс Мікалайчык, Вольга Данішэвіч, Юлія Раўкуць — і многія-многія іншыя. Усяго напярэдадні юбілейнай вечарынкі рэдактары налічылі каля 300
чалавек, якія з 1999 па 2009 год рабілі нешта для «Студэнцкай думкі».
Рэдакцыя часта мяняла офісы, кожны пераезд суправаджаўся ўдарным суботнікам і ўпрыгожвальніцтвам нудных сценаў чарговага здымнага памяшкання постэрамі, цацкамі, вымпеламі і іншым, што цешыць маладое
вока. Мяняўся і часопіс. Напрыканцы года выданне ўжо вельмі аддалена нагадвала сябе ж на пачатку года. Гэта была свядомая ўстаноўка творчага калектыву на эвалюцыю, хоць знешне ўсё выглядала форменным
раздзяўбайствам. За кароткія тры гады мне ўдалося даслужыцца да сталага аўтара. Увайсці, так бы мовіць, у тусу.
Чорная мова
«Чорная беларуская» — так, па аналогіі з «black English» (арго афраамерыканскіх трушчобаў) аспіранты-філолагі празвалі мову, на якой стваралася
«Студумка» ў 2002–2005 гадах. Аднойчы я сутыкнулася на ганку філфака БДУ з такім аспірантам, даследчыкам рускай літаратуры — шчырым прыхільнікам
«Думкі», а ў блізкай будучыні нават аўтарам часопіса. «Марыйка! — ведаючы маю далучанасць да стварэння любімага чытва закрычаў ён на ўвесь ганак філфака.
— Апошні нумар — проста ўлёт. Толькі я не ўсе беларускія словы там зразумеў».
Аспірант быў дачэпісты і схільны да самаразвіцця. Ён выпісаў на паперку ўсе незразумелыя словы і знайшоў па раскладзе пяты курс беларускага аддзялення. Але там яго чакала фіяска. Без пяці хвілін
дыпламаваныя настаўніцы беларускай мовы шчыра пераконвалі яго, што «лядоўня» — гэта лядовы палац. Толькі малады выкладчык, які ішоў міма, здолеў растлумачыць, што гаворка
— пра «халадзільнік». Так паціху-патроху малады навуковец пераклаў амаль усе словы. «Толькі адно засталося, Марыйка. Вось скажы мне, што такое
«фардыбачысты»?» «Няма такога слова», — толькі і магла што адрэагаваць я. «Як гэта няма? Вось жа яно!» — і хлопец
разгарнуў часопіс на старонцы музычных аглядаў. Мне і самой стала цікава, што за слова. Узялі мабільнік, патэлефанавалі аўтарцы артыкула. Аўтарка таксама чула слова ўпершыню ў жыцці. Набралі
рэдактара. Нават праз тэлефон было адчувальна, што ў яго круглыя ад шоку вочы. Знайшлі тэлефон карэктара, сталі тэлефанаваць яму — але той быў па-за зонай досягу.
Ад сцэнкі на ганку філфаку мінула пяць год, але мы і дагэтуль не ведаем, што такое «фардыбачысты» — пошук «Гугл» выдае адзін-адзіны лінк — на
архіў нумароў «Студэнцкай думкі».
«Мова павінна быць бруднай», — сцвярджаў Сяргей Сахараў. Асноўнай бядой беларускай мовы на той час было (дый дагэтуль застаецца) тое, што грамадства ставіцца да яе як да
святарнай каровы. Вершы, песні і ўрачыстыя прамовы — калі ласка, а булачку ў краме купіць — гэта ўжо неяк ненатуральна і амаль хуліганства, вы мне, маладой чэлавек, тут не
выпендрывайцесь. Што ўжо казаць пра такую натуральную для любой мовы з’яву, як моладзевы слэнг, якога па-беларуску проста не існавала?
Разбаўляючы беларускія «геалагізмы» (словы, выкапаныя ў слоўніках, — вазьмі тое ж «фардыбачысты») і асноўныя дасягненні філолагаў-пурыстаў-футурыстаў
1980–1990-х (вазьмі тую ж «лядоўню» ў значэнні «халадзільнік») англіцызмамі, русізмамі, паланізмамі, трасянкай ды словамі іншапланетнага паходжання,
аўтары «Студумкі» дасягалі запатрабаванага эфекту — рэанімацыі кніжнай мовы да стану гутарковай. У адно цэлае разнародную лексіку і рублены сінтаксіс звязвала радыкальная
тарашкевіца, якой упарта прытрымлівалася рэдакцыя. Браніслава Тарашкевіча, дарэчы, на адной з рэдакцыйных планёрак было вырашана раскруціць да рангу бацькі беларускага «олдскулу»,
айца нацыі, «чый партрэт будзе друкавацца на беларускіх еўра» (вынікі чытай у CD № 3, 2004). Многіх выпадковых чытачоў даводзіла да шаленства новаствораная лексіка
(«цішотка» замест «майка», або «дзвіж» ды «экшн» у значэнні «падзея» — ці манера паслядоўна пісаць
«гастрык» замест «крама» або «ніфіга» замест «нічога»), але ў той жа час у беларускай мовы з’яўляліся новыя
прыхільнікі. Тыя, пра якіх яшчэ 20 год таму беларуская мова і марыць не магла.
Белыя людзі
«У часопісе белмова была яркая, модная, вельмі лаканічная і вобразная. Каб Гай Рычы размаўляў на мове, ён бы размаўляў менавіта на такой беларускай. І за гэта «Студумцы»
пашана і гонар», — так адгукнуўся на 10-гадовы юбілей часопіса яго адданы чытач Віктар Марціновіч, намеснік рэдактара «Белгазеты» і кандыдат філасофскіх навук.
Але, вядома ж, справа была не толькі ў мове. Само кола тэмаў, якія падымаліся ў «Студумцы», радыкальна супярэчыла ўсяму, што ў Беларусі прынята было ствараць па-беларуску.
Ультрасучасны тон, кампазіцыя і дызайн часопіса меў пад сабой няхілую задачу — інсталяваць абноўлены светапогляд у галовы «маладых людзей з актыўнай сацыяльнай пазіцыяй»
(так мы акрэслівалі сваю мэтавую аўдыторыю, супрацьпастаўляючы ёй «млявых і абыякавых да жыцця» і спрабуючы ператварыць другіх у першых). Як вам намер паказаць маладых беларускіх
палітыкаў сацыял-дэмакратаў — сур’ёзных стылёвых людзей як тэндэнцыю развіцця палітычных думкі і стылю? Пры тым, што ў большасці насельніцтва слова «апазіцыя»
выклікае асацыяцыі з паламанымі акулярамі, вяскова-інтэлігенцкімі манерамі, сальнымі валасамі і расцягнутымі турэцкімі швэдрамі?
«Студумка» пісала пра сваіх Баракаў Абамаў (толькі белых) задоўга да таго, як Абама прыйшоў да ўлады. Зрэшты, чаму толькі белых — гурт «Рэха» і яго
афра-шансон ад Андрэя Такінданга трапілі на старонкі часопіса, лічы, з першага канцэрту. Пра людзей, якія грымяць у Беларусі і па-за яе межамі (драматург Андрэй Курэйчык, Святлана
«Бенька» Бень, салістка гурта «Серебряная свадьба», паэтка Вальжына Морт і іншыя) «Думка» паспявала напісаць першай, задоўга да іх татальнай
раскруткі. На «Першым музычным» толькі-толькі ўзышла зорка сексапільнай Люсі Лушчык — «Думка» абвяшчае яе «беларускім секс-інструктарам»
(поруч з Уладзімірам Някляевым, Элеанорай Язерскай, Томай Лісіцкай, Дзімам Шэпелевым ды іншымі). На Элеанору Язерскую аўтары «Думкі» маліліся — шануючы яе як каралеву
беларускага трэш-попсу і ставячы ў адзін шэраг з Майклам Джэксанам.
Але былі сярод герояў і простыя рупліўцы штодзённасці, якія ўвасаблялі сабой нераскрытыя дагэтуль у айчыннай прэсе бакі жыцця. Такія, як Павел Рудэня, — сляпы ды-джэй пірацкага радыё, з
Кунцаўшчыны. Або інваліды-вазочнікі, з якімі аўтары часопіса гутарылі пра іх жыццёвыя, у тым ліку сексуальныя, праблемы.
Жоўтая прэса
Сексу ў «Студумцы» было як нідзе шмат — існавала негалосная квота на скандальныя матэрыялы. Карэспандэнт часопіса здымаў прастытутку ў Серабранцы, а потым апісваў гэта ў
рэпартажы. Іншы карэспандэнт ледзь не зняўся ў аматарскім порна — і таксама пра ўсё распавёў чытачам. Прывабная карэспандэнтка падлавіла ў горадзе пікапераў і раскруціла іх на
інтэрв’ю. Гомасексуалізм, інтымныя стрыжкі, праблема нястачы ў краіне секс-шопаў і нават свядомая адмова моладзі ад сексу як субкультурны феномен — усё гэта перыядычна
з’яўлялася на «думкаўскіх» старонках.
Апроч таго, часопіс сапраўды быў студэнцкім — мы пісалі пра самыя розныя праблемы навучальнай моладзі — ад кватэрнага пытання, платы за навучанне і размеркавання да студэнцкіх
суіцыдаў, шлюбаў па залёце і хабарніцтва сярод выкладчыкаў. Рабіліся агляды жыцця замежных універсітэтаў, аўтары пісалі аб «прафесіях будучыні» — тых, якія пакуль можна
атрымаць адно ў дзвюх-трох кропках зямнога шару. Да таго ж, былі ўласцівыя кожнаму глянцаваму выданню агляды музыкі, кіно ды літаратуры… Сёння я не разумею толькі аднаго — як мы
ўмудраліся запіхваць усё гэта на 40 старонак з ілюстрацыямі.
Ружовыя акуляры
Аднойчы ўсё той жа Сяргей Сахараў — галоўны ідэолаг усяго, што адбывалася на старонках папяровай «Студэнцкай думкі», пайшоў на сустрэчу са студэнтамі. Падчас сустрэчы
ўзнялася дзяўчына і сказала: «А мне не падабаецца тое, што вы робіце». Сказала такім тонам, які меркаваў, што часопіс не варта рабіць увогуле. Дзяўчына была чымсьці накшталт
актывісткі «Маладога фронту» — яшчэ ў канцы 1990-х усемагчымая «моладзь БНФ» успрымалася як адзіная наяўная аўдыторыя для беларускамоўнага прадукту, і пад
гэтую «Радзіму-Свабоду» перакройваліся ўсе эстэтычныя памкненні актуальных беларускіх творцаў. Сяргей Сахараў ускудлаціў іракезік, пачасаў вуха з завушніцай, агледзеў дзяўчынку праз
свае вузкія акулярыкі і, затрымаўшы позірк на даўгіх русявых валасах і бел-чырвона-белых фенечках, адказаў: «У гэтым і ёсць асноўная задача нашага выдання — не падабацца такім, як
вы».
Пасля артыкула пра гей-прастытуцыю ў Мінску (CD № 6, 2006) у пошце рэдакцыі пачалася істэрыка — некалькі чытачоў напісалі абураныя лісты: «Я чытаў вас, бо па-беларуску, —
але гэта пераходзіць усе межы!!!» Рабіўся форменны цуд. Кансерватыўныя сілы беларускай культурнай прасторы імкліва страчвалі манаполію на беларушчыну.
Толькі што я адмовіла «Студумцы» ў любові да Радзімы ды Свабоды — але ж ва ўсім, што рабіў часопіс, гэтых двух складнікаў было ці не найбольш. «Студумка»
была да смешнага нацыянальна свядомым і да сентыментальнага патрыятычным выданнем. Ужо сам той факт, што 19 сакавіка 2006 года на Плошчы, як ніколі на мітынгах апазіцыі, зашкальвала колькасць клубнай
і багемнай моладзі, рэдакцыя смела запісала ў свае дасягненні. Відаць, нездарма падчас татальнай зачысткі прэсы перад выбарамі 2006 года, поруч з грамадска-палітычнымі і рэгіянальнымі выданнямі,
улады шчыманулі і моладзевы глянцавы часопіс. Канфіскацыя CD № 10, 2005 мела цынічна-сімвалічны характар. Адбывалася яна вечарам 16 лістапада, а вядома пра ўсё стала 17 лістапада — у
Міжнародны дзень студэнта.
Аранжавы гальштук
«А дзе гэта выдаецца? Як падпісацца?» — не адставаў загіпнатызаваны хлопец. «Нідзе, — мармытала я цераз плячо. — Увогуле, першая
«Студэнцкая думка» выйшла ў Заходняй Беларусі ў 1924 годзе. У 1990-я гады адраджэнская моладзь выданне аднавіла, а ў 1999-м быў зарэгістраваны вось гэты глянцавы часопіс. Але
рэгістрацыю хутка адабралі. І вось я чытаю апошні нумар, наклад якога быў канфіскаваны ўладамі ў 2005 годзе». «Ого, — толькі і змог прамовіць малы, — а ў
інтэрнэце?» І я моўчкі ўсунула яму кампакт-дыск з pdf-архівам нумароў «Студэнцкай думкі». «Дзесять год наперед, — з пазнавальным гарадскім акцэнтам
прачытаў хлопец слоган на вокладцы, — Дзякуй вам. А што, зараз зусім не выдаецца?» — І я аддала яму фардыбачысты магніцік на лядоўню з інтэрнэт-адрасам 34mag.net —
па ім можна даведацца пра мультымедыйны часопіс «34», які з 2006 года па сёння выдаецца калектывам «Студэнцкай думкі».
Хлопец яшчэ раз падзякаваў і зноў уперыўся ў старонку папяровага часопіса, які я працягвала трымаць у руках. Мы пад’язджалі да маёй станцыі. Уздыхнуўшы, я ўціснула часопіс у рукі хлопцу і
хутка выйшла.
Як бы актыўна цягам гэтых 10 год мы не азіраліся па баках у пошуках трэндаў і культавых асобаў для «Студумкі» — галоўным сэнсам існавання праекта былі і —
выяўляецца — працягваюць быць яны, простыя чытачы — маладыя, нестандартныя і актыўныя, як гэты мой спадарожнік у метро. Няхай я нават імя гэтага выпадковага знаёмца не запыталася і,
магчыма, ніколі больш не яго сустрэну, — галоўны герой гэтага партрэту пакалення менавіта ён — напару са сваім аранжавым гальштукам.