Фабіян Шантыр: “Нацыянальнае адраджэнне ніколі не загіне”

Не так даўно іспанская сетка радыёвяшчання Cadena SER апублікавала невядомыя раней дакументы з архіваў Галоўнага паліцэйскага ўпраўлення Гранады, якія тычацца абставінаў арышту і расстрэлу паэта Федэрыка Гарсія Лоркі ў 1936 годзе. 



tree_1044.jpg

Гэтыя дакументы сталі першым афіцыйным пацверджаннем датычнасці франкістаў да смерці паэта. Лорку расстралялі за яго левыя пагляды і падтрымку рэспубліканскага ўрада, нягледзячы на тое, што многія з ліку вядомых фалангістаў, у тым ліку і іх лідар Хасэ Антоніа Прыма дэ Рывэра, паважалі яго творчасць. Месца пахавання паэта дагэтуль невядомае.

У Беларусі поўна творцаў, лёс якіх у 1930-я гады склаўся аналагічным чынам. Стралялі, праўда, не кансерватыўныя фалангісты, а чырвоныя бальшавікі. Прычым распраўляліся не толькі са сваімі “класавымі” ворагамі, але і з аднадумцамі з левага лагеру. Калі ў Іспаніі сімвалам франкісцкага тэрору называюць Федэрыка Гарсія Лорку, то ў Беларусі сімвалам бальшавісцкага тэрору можна назваць Фабіяна Шантыра —  першую ахвяру чырвоных. Пры гэтым, калі асоба Лоркі дастаткова вывучаная, а адкрыццём робяцца абставіны яго смерці, то ў нашым выпадку для многіх адкрыццё —  сама асоба паэта.

Фабіян Шантыр —  беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, літаратар, які трымаўся левых поглядаў. Нарадзіўся ў Слуцку ў сям’і мастака 4 лютага 1887 года. Быў маладым чалавекам з неспакойным характарам. Браў удзел у рэвалюцыйнай дзейнасці сацыял-дэмакратаў. Займаўся рамесніцтвам, шмат вандраваў, шукаючы лепшай долі. Так трапіў у Капыль, дзе пазнаёміўся з будучым вядомым беларускім пісьменнікам і старшынёй першага ўраду БССР Цішкам Гартным. У пачатку ХХ стагоддзя ў Капылі існавала дастаткова моцная суполка сацыял-дэмакратаў, якія вялі рэвалюцыйную агітацыю сярод мясцовага насельніцтва і ўдзельнічалі ў пратэстных акцыях. Акрамя гэтага сябры суполкі чыталі падпольную і легальную літаратуру, а таксама спрабавалі свае сілы ў прозе і паэзіі на старонках саматужнага рукапіснага часопіса “Голас нізу”. У будучыні з гэтага асяроддзя выйдзе некалькі вядомых літаратараў, сярод якіх можна выдзеліць Цішку Гартнага, Алеся Гурло і Фабіяна Шантыра, а знаны даследчык Леў Клейнбард пакіне цікавыя ўспаміны пра тую пару.

У 1905 годзе за рэвалюцыйную дзейнасць на Капыльшчыне Фабіян Шантыр трапіў на два гады ў слуцкую турму. Пазбаўлены волі, ён, аднак, не толькі не расчараваўся ў сваіх поглядах і перакананнях, але пачаў з яшчэ большым імпэтам займацца самаадукацыяй і самаразвіццём. Найперш чытаючы спецыяльную літаратуру па юрыспрудэнцыі і педагогіцы. У будучыні гэта дазволіць яму пасля вызвалення працаваць прыватным настаўнікам і адвакатам, зарабляючы на жыццё прыстойныя грошы.

З пачаткам Першай сусветнай вайны Фабіяна Шантыра мабілізавалі ў войска. Ён служыць адміністратарам Бабруйскага палявога шпіталя. У 1916 годзе час ад часу наведваецца ў Мінск і абавязкова заходзіць у “Беларускую хатку”, дзе збіраецца вечарамі актыўная беларуская моладзь, а таксама першую беларускую кнігарню, заснаваную Антонам Лявіцкім, больш вядомым пад псеўданімам Ядвігін Ш., і Аляксандрам Уласавым. У “Беларускай хатцы” ён знаёміцца з такімі вядомымі ўжо беларускімі дзеячамі, як Аркадзь Смоліч, Язэп Лёсік, Максім Багдановіч, Алесь Гарун. Менавіта там на адной з вечарынаў ён пазнаёміўся з Людвікай Сівіцкай, больш вядомай як Зоська Верас, якая неўзабаве стане яго жонкай і паплечніцай.

У кнігарні Фабіян Шантыр рэгулярна набывае кніжкі беларускіх аўтараў, якія ў будучыні стануць прызнанымі класікамі: Я. Коласа, Я. Купалы, Ф. Багушэвіча, Ц. Гарэцкага, Цёткі ды іншых. Чытае, аналізуе, спрабуе свае сілы. У беларускую гісторыю Фабіян Шантыр увайшоў як паэт, але ён яшчэ быў ўдалым прамоўцам і публіцыстам.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ён робіцца адным з лідараў левага крыла Беларускай Сацыялістычнай Грамады, ачольвае Бабруйскі камітэт партыі. У гэты час ён актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці краіны —  наведвае разнастайныя сходы і з’езды, вядзе агітацыю і палеміку, бярэ чынны ўдзел у працы Першага ўсебеларускага з’езду, на ўрачыстым адкрыцці якога, паводле газеты “Беларуская Рада”, выступіў з “прыгожай, поўнай журбы і пяшчоты прамовай”. А 16 снежня, калі дэлегаты абмяркоўвалі вострае і спрэчнае пытанне далейшай будучыні Беларусі, Фабіян Шантыр звярнуўся да іх з наступнымі словамі: “Калі нам кажуць забыць сваю радзіму —  гэтага я… не разумею. Асіміляцыя —  гэта рабства. Чаму вы сабраліся сюды? Вас прывяло сюды, браты, нацыянальнае пачуццё. Нацыянальнае адраджэнне ніколі не загіне”.

Акрамя палітычнай і літаратурнай дзейнасці Фабіян Шантыр займаўся тэарэтычнай распрацоўкай праблем беларускага нацыянальнага адраджэння. У той час палітычныя пагляды Фабіяна Шантыра можна акрэсліць наступным чынам: левыя па форме, нацыянальныя па змесце.

У 1918 годзе ў Слуцку ў адной з прыватных друкарняў выходзіць яго невялікая праца “Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаадзначэння народу”, у якой аўтар разглядаў самыя важныя пытанні таго часу. Найперш Шантыр падняў пытанне пра існаванне беларусаў як самастойнага народа. Цяпер такое выглядае смешным, а тады гэта было абумоўлена рэчаіснасцю, бо вельмі многія з нашых суседзяў лічылі беларусаў нейкім фантастычным, прыдуманым і няісным народам. У сувязі з гэтым варта згадаць хаця б успаміны Вацлава Ластоўскага, які ў 1926 годзе паехаў з Коўна ў Менск на вядомую моўную канферэнцыю. Па дарозе ён спыніўся ў Віцебску, дзе яму гаспадар дома, дзе ён спыніўся на ноч, распавёў, што беларускай “народнасці наогул ў прыродзе няма”.

Заканчваў свае тэарэтычна-гістарычныя развагі ў гэтай працы Фабіян Шантыр вельмі смелай па тых часах думкай, што толькі свая беларуская ўлада “на спрадвечна беларускай зямлі забяспечыць яго народу нармальнае цывілізаванае жыццё, заснаванае на спрадвечных нацыянальных асновах”.

За сваё кароткае жыццё Фабіян Шантыр шмат разоў арыштоўваўся, прычым не толькі царскімі ўладамі, але і бальшавікамі, з якімі ён нібыта меў агульную палітычную платформу. За бальшавікамі Шантыр займае самыя розныя пасады: працуе загадчыкам Смаленскага аддзялення Белнацкама, супрацоўнікам Слуцкага павятовага ваеннага камісарыята, Мінскага губернскага ваеннага камісарыята і Асобай харчовай камісіі Заходняга фронту. Рэгулярна піша для “Дзянніцы” і “Савецкай Беларусі”. Пік ягонай палітычнай кар’еры —  пасада камісара па нацыянальных справах у Часовым урадзе БССР, дзе ён разам з Цішкам Гартным, Язэпам Дылам, Аляксандрам Чарвяковым ды іншымі “нацдэмамі” спрабаваў праводзіць незалежную палітыку. Фабіян Шантыр актыўна пратэставаў супраць тэрытарыяльнага падзелу Беларусі, пасля якога ўсходнія землі нашай краіны апынуліся ў складзе РСФСР. Гэтага яму ўжо не даравалі…

У лютым 1920 года яго мабілізавалі ў Чырвоную армію, а 29 траўня таго ж года за “контррэвалюцыйную” дзейнасць расстралялі. Месца пахавання, безумоўна, невядомае, як і невядомы лёс большасці яго рукапісаў. Тым не менш гэты чалавек,  які паклаў сваё жыццё на алтар Бацькаўшчыны, варты памяці і павагі, на большае ён, здаецца, і не прэтэндаваў.

Эпілогам у гэтай гісторыі няхай будуць словы Фабіяна Шантыра, з якімі ён звяртаўся да беларусаў амаль стагоддзе таму: “Калі хоць аднаго з іх мне ўдасца прабудзіць да вялікага гарачага кахання к забытаму абяздоленаму краю, пазваць да працы шчырай на нацыянальнай раллі дзеля свету, дзеля лепшай будучыні гаротных братоў, —  я буду шчаслівы”.

Канстанцін Касяк, budzma.by