Фатальны вынік не прагназуецца

Перапіс насельніцтва засведчыў істотнае скарачэнне прыхільнікаў беларускай мовы. Усяго за дзесяць гадоў колькасць тых, хто лічыць роднай мовай беларускую, скарацілася на 20,5 працэнта і склала 53,2 працэнта. Тым не менш, завітаўшы ў Таварыства беларускай мовы, там не давялося пачуць змрочных прагнозаў наконт яе знікнення.

З пасіву ў актыў

Перапіс насельніцтва засведчыў істотнае скарачэнне прыхільнікаў беларускай мовы. Усяго за дзесяць гадоў колькасць тых, хто лічыць роднай мовай беларускую, скарацілася на 20,5 працэнта і склала 53,2 працэнта. Тым не менш, завітаўшы ў Таварыства беларускай мовы, там не давялося пачуць змрочных прагнозаў наконт яе знікнення.
З пасіву ў актыў
Філолаг і журналіст Аляксей Шэін ладзіць у ТБМ курсы беларускай мовы. Нядаўна распачала заняткі новая група. У самым прасторным памяшканні, дзе яны адбываюцца, ледзь можна знайсці свабоднае месца. Навучэнцы ў асноўным — моладзь. Ёсць і пенсіянеры, ёсць сярэдняга веку. «Амаль усе — гэта рускамоўныя людзі, якія хацелі б пачаць гаварыць па-беларуску», — адзначыў выкладчык. Таму і ўзніклі гэтыя курсы.
«Непасрэдна дзяржава для таго, каб такім людзям дапамагчы перайсці на беларускую мову, ніякіх паслуг не прапануе. Напрыклад, курсаў, якія ёсць ва Украіне, у Прыбалтыцы. Там дзяржава займаецца пытаннем распаўсюду мовы. У нас гэта больш справа грамадскіх арганізацый ці асобаў», — кажа Аляксей.
Практычна ва ўсіх, хто прыходзіць на курсы, беларуская мова ёсць у пасіве. Яны па-беларуску разумеюць, але не гавораць. «І задача курсаў — вывесці мову з пасіву ў актыў, — паведаміў выкладчык курсаў. — Даць неабходны базавы запас лексікі і пераадолець псіхалагічны бар’ер, каб чалавек пачаў гаварыць па-беларуску. Як паказвае досвед, два-тры месяцы — гэта дастатковы тэрмін, каб рускамоўны беларус перайшоў на беларуску мову».
Не абыходзіцца і без перасцярогаў: як паглядзяць сябры і калегі, што ты пачнеш размаўляць з імі на беларускай мове? Напрыклад, адна з дзяўчат казала, што ў яе вялікая колькасць сяброў, і яны яе не зразумеюць. А праз некалькі тыдняў распавядала, якім для яе было нечаканым адкрыццём, што сябры сталі яе толькі больш паважаць за беларускую мову. І нават цікавяцца, задаюць ёй пытанні. А яна думала, што, наадварот, будуць праблемы.
Ні для каго не сакрэт, што сённяшні стан беларускай мовы — гэта наўпрост вынік дзяржаўнай палітыкі. Выправіць становішча магчыма, калі зменіцца палітычная сітуацыя і адпаведна стаўленне дзяржавы да беларускай мовы.
“Безумоўна, пераломным момантам будзе навучанне дзяцей па-беларуску ў школе, — падкрэсліў Аляксей Шэін. — І першае пакаленне, якое скончыць школу з першага да адзінаццатага класу па-беларуску, будзе пераломным у працэсе беларусізацыі. Вось гэта будзе першае пакаленне, якое загаворыць па-беларуску. І тады ўжо шлях будзе толькі адзін — на пашырэнне беларускай мовы».
За словам — справа
Як распавялі ў ТБМ, да іх прыходзіць многа маладых людзей. Тэму «Беларуская мова і сучасная моладзь» абмяркоўвалі на днях на паседжанні дыскусійнага клуба ТБМ. «Нашы планы ў тым, каб моладзь пачувала сябе цікава, каб яна імкнулася сама сябе рэалізаваць менавіта з беларускай мовай. Трэба ў гульнях, значыць, рэалізаваць у гульнях — трэба ў нейкіх інтэрактыўных дыспутах — значыць, і гэта праводзіць», — адзначыла намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.
Так, нядаўна адбылася прэзентацыя беларуска-англійскага і англійска-беларускага размоўніка. Гэту ідэю здзейсніла менавіта моладзь. Падрыхтавана і яшчэ адна версія: для нямецкай мовы, а таксама распачата праца над шведскім размоўнікам. Выношваецца ідэя правядзення беларускамоўных інтэлектуальных гульняў кшталту «Дзе? Што? Калі?». Многія маладыя людзі зараз уключыліся ў пераклады фільмаў. Яны робяцца не пад эгідай ТБМ, але сябрамі ТБМ. Паэтычныя слэм-батлы, падтрымка юных паэтаў, сацапытанні сярод маладых людзей і шмат іншае — такія прапановы паступаюць ад моладзі.
Тым не менш, у ТБМ не ідэалізуюць моўную сітуацыю. «Насамрэч вельмі важна, што абазначаны пагрозы, каб мы цвяроза ўсведамлялі ўсю небяспеку, — выказала сваё стаўленне да вынікаў перапісу Алена Анісім. — Бо менавіта са знікненнем мовы мы папросту адчыняем вароты сваёй краіны наросхрыст. А нейкага фатальнага выніку я не прагназую. Будзе так, як мы зробім».
P.S. Тыя, хто жадае наведваць курсы беларускай мовы ў мінскай сядзібе ТБМ, могуць звярнуцца за інфармацыяй на маб. тэл. 8 029 651 26 65 (Аляксей Шэін). Заняткі праходзяць кожную сераду ў 18.30 (вул. Румянцава, 13).
Курсы беларускай мовы распачне і мінскі Чырвоны касцёл (касцёл святых Сымона і Алены). Пачатак заняткаў а 17-й гадзіне ў нядзелю (другі паверх — уваход адразу з вуліцы з боку Дома ўрада ці праз канцылярыю касцёла на першым паверсе).