Гаючая проза

З прозаю Міколы Ільючыка я знаёмы подаўна. Калі чытаў яго апавяданні ў перыядычных выданнях (у «Дзеяслове» і ў «Новым часе»), то суправаджаў многія радкі, абзацы, а почасту — і цэлыя старонкі клічнікамі.

Мікола Ільючык

Мікола Ільючык


Гэткім чынам пазначаў асабліва ўдалыя мясціны, уражаны то каларытнаю моваю персанажаў, то іх учынкамі, а галоўнае — праўдзівым паказам складанага народнага жыцця. Мае ўражанні, натуральна, пабагацелі, калі перад вачыма з’явіліся творы пісьменніка, сабраныя разам у ладную кнігу.

У кнізе Міколы Ільючыка «Усмешка анёла» ёсць аднайменнае апавяданне. Нечаканая, загадкавая назва гэтага твора не дае асаблівага намёку на яго змест. Толькі напрыканцы чытач уведае, пра ўсмешку якога анёла ідзе гаворка. На невялікай плошчы аўтару ўдаецца разгарнуць узрушальную жыццёвую гісторыю, глыбокую драму, разам з тым паказаць рэдкаснае душэўнае хараство, непераможную красу і гаючую сілу найдалікатных чалавечых пачуццяў. З кранальнае фабулы магла вырасці аповесць, мог быць і раман. Пісьменнік пайшоў іншым шляхам: стварыў лаканічную і дынамічную рэч. З яго поля зроку не сыходзіць галоўны герой Вадзім, пра чыю трагедыю, жахлівы стан калекі, фізічныя і маральныя пакуты гаворыцца з першай старонкі апавядання. А ў падтэксце праліваецца святло на яго моцную волю, трывалы і мужны характар.

Свае пяцьдзясят Вадзім сустракае ў інвалідным вазку. Ён спяшаецца ў паліклініку на камісію — пацвердзіць інваліднасць. Прынятая даўняя бесчалавечная завядзёнка, вядома, бязглуздая: што яшчэ трэба пацвярджаць, калі страчаныя ногі вырасці наноў не могуць! Вадзім іх страціў трыццаць гадоў таму ў цяжкім баі, які ягонае жыццё распалавініў. Да яго ён быў вясёлым юнаком, што цешыўся кожным пражытым днём… Ногі адцяпаў яму спрытны хірург у палявым шпіталі недзе каля Кандагара. Ад таго болю можна было звар’яцець. «А яшчэ быў маральны боль, — піша аўтар, — ад таго, што нікому непатрэбны калека сам змагаецца за кожны рух, за кожнае імгненне жыцця».

Пісьменнік, ашчадна ставячыся да мастацкага слова, па-майстэрску вяртае свайго героя ў мінулае, распавядае пра спатканне юнака і дзяўчыны ў навагоднюю ноч ля галоўнай гарадской ёлкі, дзе ўзаемна зачараваліся іх позіркі і запаліўся святы агмень іхнага кахання. У віхуры пачуццяў страціў Вадзім «тую мяжу, што падзяляе рэальнасць і мрою, яву і мары»…

А далей ім была наканаваная цяжкая разлука. Алена сталася студэнткаю медычнага, а Вадзіма жалезная рука высокае ўлады штурхнула ў пекла Афгана. Вярнуўшыся на радзіму, ён бацькам паставіў умову: калі Алена будзе тэлефанаваць ці пісаць, ні ў якім выпадку не казаць ёй, што з ім здарылася. «Надта вялікім было каханне, каб аддаць яго на такое выпрабаванне», — кажа аўтар. Відаць, яшчэ большаю, чым каханне, была ягоная любоў. Герою апавядання пашчасціла спаткаць каханую і ўжо дарослага сына. Апавяданне хвалюе да слёз, гэтак жа, як усякая высокамастацкая літаратура.

Сярод герояў кнігі Міколы Ільючыка даволі часта чужыя людзі мабілізуюцца на дапамогу, дзеляцца шчодрасцю душы, ахвяруюць немалыя сродкі дзеля перамогі над чыёйсьці бядою. Так, напрыклад, чуйным да болю колішняга сябра Сяргея, на чыіх руках цяжкахворая дачка Марыйка, аказаўся Іван Пятровіч. Ён завітаў у гаротную сямейку з фінансавай дапамогай. «Вось, гэтага хопіць на ўсё, лекуй дачку, Сярожа, — і на стол гучна плюхнулася тоўстая капэрта. («Усё добра, дачушка»).

Запамінаецца апавяданне, размешчанае ў самым пачатку кнігі, — «Пабачыць Парыж і». Пётр Сямёнавіч усё жыццё ў роднай вёсцы выкладаў французскую мову, шмат распавядаў вучням пра Францыю і яе сталіцу, сам марыў туды завітаць. Але жыццё склалася няўдала. Не стала жонкі. «Пакуль выхоўваў чужых дзяцей, упусціў сваіх. Амаль страціў, бо сын з дачкою даўно пакінулі бацькоўскі ганак». Вёску дабівае чарнобыльская бяда. Вось пасля чарговай «хіміі» вярнуўся чалавек у сваю выстылую і сумную хату, якая, толькі пасля таго, як у печы затрашчалі смалістыя дровы, азвалася песняй цвыркуна за комінам… Але адзіноту вясковага інтэлігента парушае ягоная вучаніца Валянціна, некалі кволая дзяўчынка са шматдзетнае сям’і, а цяпер паспяховая журналістка з паважнай сталічнае газеты. Яна з’явілася не дзеля гутаркі і газетнага артыкула (крыху раней была папрасіла ў яго пашпарт) — амаль з парога абвясціла:

— Шаноўны Пётр Сямёнавіч! Адмаўляцца не раю, мы з Вамі едзем у Парыж. Вось шэнген, вось квіткі на самалёт, гатэль, няхай сабе і не самы дарагі і шыкоўны, але з асобным пакоем кожнаму, са сняданкам у рэстарацыі. Усё астатняе будзем бачыць на месцы…

Настаўнік, нібы вучань, «спрабаваў з вэрхалу думак абраць нейкія словы». Але ад такой шчырай шчодрасці грэх было адмаўляцца. Парыжская вандроўка атрымалася выдатнай. Яна прыўзняла настрой, дадала аптымізму Пятру Сямёнавічу, ён назваў сябе П’ерам поруч з Наташай-Наталі. Іх цёплаю ўсмешкаю і пацалункам завяршаецца рамантычная гісторыя.

Бескарыслівая дапамога людзям з’яўляецца нормаю ў жыцці многіх герояў прозы Міколы Ільючыка. …Кіроўца-таксовец Лёня ў самым канцы змены атрымаў паведамленне ад дыспетчара: ёсць яшчэ адзін рэйс. Належала адвезці пасажыра з горада ў раён. Малады чалавек нерваваўся, бо яшчэ павінен быў не спазніцца на юбілейны вечар сябра. Як высветлілася, таксоўку замовіла пажылая кабета. Лёню давялося пачакаць яе, апошнюю пасажырку ў той вечар, бо яна збіралася павольна. Таксовец убачыў, якая яна маленькая, худзенькая, кволая, і пранікся павагай ды сімпатыяй да яе настолькі, што выконваў усе ейныя пажаданні. Яна папрасіла Лёню, каб правёз яе цэнтрам горада, ля дарагіх ёй мясцінаў, мабыць, каб моўчкі з імі развітацца, бо кіравала ў прытулак для стомленых жыццём і ў хоспіс адначасна. Не спазніцца на юбілей сябра таксовец ужо не мог, але святы абавязак споўніў: завёз нямоглую бабулю ў хоспіс, прытым грошы з яе не ўзяў. («Апошні пасажыр»).

Пісьменнік ствараў сваю «Усмешку анёла» ў няпросты час пераменаў у краіне, калі душу гняла горкая рэчаіснасць. Дакладна выпісваецца ў кнізе эвалюцыя чалавечых пачуццяў. …Савецкі габрэй Сёма, па чыіх родзічах і суайчынніках, земляках жорстка прайшлося гітлераўскае нашэсце, усімі фібрамі душы ненавідзеў усё нямецкае: мову, краіны, дзе на ёй размаўляюць, нават рэчы нямецкай вытворчасці і, вядома, саміх немцаў. Але нянавісць гэтага таўсматага дзівака змянілася на сімпатыю, калі ён з цяжарнаю жонкаю Ларысай апынуўся ў курортных Карлавых Варах, дзе якраз немцы, сямейная пара, выратавалі непрытомную ягоную любімую, вынікам чаго на свет з’явілася сямімесячная дзяўчынка («Сцеражыся заракацца»).

У аповедзе «Заклятыя сябры» вельмі ўдала паказаны жыхары выміраючай вёскі, іх жыццё-быццё, клопаты і каларытная гамонка ля крамы ў чаканні машыны з харчамі, а галоўнае — кульмінацыя пачуццяў двух адзінокіх суседзяў, якія варагавалі, кранальны эпізод іхнага развітання (адзін з іх памірае), іх узаемнай споведзі.  

Няцяжка прыйсці да высновы: «Усмешка анёла» нясе вялікі станоўчы зарад чалавекалюбства, ажыццяўляе боскі запавет: палюбі бліжняга, як сябе самога. Але не толькі любоў да людзей выхоўвае і ахоўвае Мікола Ільючык. З якім жа замілаваннем, з якою цеплынёю піша ён пра коней і жарабят, а заадно і пра сваё маленства, калі пачыналася знаёмства з гэтымі добрымі і мудрымі жывёламі. Чытаеш такія творы, і думаеш пра боскае — паэзію прозы. Якраз паэзіяй успамінаў, думак, пачуццяў і неабсяжнаю прастораю для чытацкіх роздумаў і фантазій багатае невялічкае апавяданне «Коні і самалёты».

Таленавіты празаік умее распавесці і шчымлівую гісторыю з сабачага жыцця, што засведчыла апавяданне «Сабачае шчасце». Яно лірычнае. Аўтар так дарэчы піша: «Узгадваю выбітнага француза і ягонага «Маленькага прынца» са славутым: «Мы ў адказе за тых, каго прылашчылі». Бо пераважная гаворка тут ідзе пра заклапочанасць сямейнае пары — пана Януша і пані Асі — лёсам любімага сабакі Анёла, які захварэў на лейкемію. У спецыяльнай клініцы, якая з’яўляецца адначасна і аптэкаю, яму ставяць кропельніцы. Гэта агромністы сабака снежна-белага колеру.

— У яго і жона ёсць, — гаворыць Януш госцю. — Мы яго з Францыі прывезлі, а потым і сяброўку яму купілі.

У вялізнага сабакі ногі ад кволасці трымцелі. У сабачых вачах адлюстраваліся і боль, і смутак, і роспач. Анёл памёр апоўначы. Побач была Дорыс, яна адразу пачала скуголіць. А на досвітку памерла і яна. «А ўсё ж Анёл і Дорыс шчаслівыя! Тут ужо без сумневу», — так аптымістычна заканчваецца драматычная гісторыя з жыцця сабак.

У прозе Міколы Ільючыка прыкметнае месца займаюць творы пра людскія здрады і чалавечую вернасць. Думаецца, асабліва тут паказальныя натхнёна пададзеныя гісторыі «Закаханасць як норма» і «Усмешка наўздагон». Пахвальна, што аўтар «Усмешкі анёла» заўсёды на баку пакрыўджаных лёсам ці ліхімі людзьмі, што надае ягоным творам гаючую якасць.  

Знайшлося ў кнізе і месца для людскога тыпу, які адпавядае трапнаму азначэнню пісьменніка і доктара філалогіі Фёдара Янкоўскага: нелюдзь, гнюсата. Такі дзядок у апавяданні «Мухі», ён хваліцца двум студэнтам-першакурснікам, няспраўджаным ягоным кватарантам, што некалі ў яго была адказная справа пад Смаленскам, дзе давялося папацець. «Шчыраваў» ён і ў сталіцы. А заміж адказу на пытанне, чым жа ён займаўся канкрэтна, ён хлопцам нахаміў, тым і выклікаў цвярозую здагадку: пэўна, рукі былі ў крыві…

Ёсць і аповед пра дзівакаватага чалавека Ігнася (па мянушцы Дарагі), які бясконца пасылаў Брэжневу скаргі і віншаваў генсака з днём нарадзінаў…

Хочацца звярнуць увагу чытача і на тое, як аўтар умела карыстаецца простымі, ды яскравымі сродкамі, малюючы розныя тыпы герояў. У гнюснага чалавека — «пранізлівыя, як свярдзёлкі, вочы». З рук ён не выпускае самаробную мухабойку. А вось як выглядае Наташа, тая, што забяспечыла настаўніку вандроўку ў Парыж: «З чырвонага аўтамабіля, нібы птушачка з кубла, вылецела прыгожае стварэнне з распушчанымі русявымі косамі».

У мастацкім палатне яркія ніткі малююць патрэбны ўзор. Ва «Усмешцы наўздагон» у Багдана і Аксаны, якія толькі што пазнаёміліся і за знаёмства вырашылі выпіць «Колы», «гучна і аптымістычна дзынкнулі чаркі, ад рэзкага, нібы няўмелы пацалунак, дотыку». Не магу не заўважыць: аўтар кнігі дужа назіральны…

Выснова відавочная: «Усмешка анёла», таленавітая, шматгалосая кніга Міколы Ільючыка, дагодзіць самым розным чытацкім густам, у тым ліку і самым вытанчаным, далікатным. Грэх такую літаратуру не чытаць!