Хрысціянскае кіно ў Беларусі

Міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» — з’ява адметная як у кінематаграфічным, так і ў рэлігійным жыцці Беларусі. На гэты раз яго адкрыццё адбудзецца ў Мінску 7 верасня, дэманстрацыя ж асноўнай часткі конкурснай праграмы ўжо традыцыйна пройдзе на Глыбоччыне з 8 па 11 верасня. Пра асаблівасці сёлетняга кінафоруму з яго нязменны прэзідэнтам, рэжысёрам дакументальнага кіно Юрыем Гарулёвым размаўляў Алесь Лапо.



3a61ed715ee66c48bacf237fa7bb5289.jpg

Міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» — з’ява адметная як у кінематаграфічным, так і ў рэлігійным жыцці Беларусі. На гэты раз яго адкрыццё адбудзецца ў Мінску 7 верасня, дэманстрацыя ж асноўнай часткі конкурснай праграмы ўжо традыцыйна пройдзе на Глыбоччыне з 8 па 11 верасня. Пра асаблівасці сёлетняга кінафоруму з яго нязменны прэзідэнтам, рэжысёрам дакументальнага кіно Юрыем Гарулёвым размаўляў Алесь Лапо.
— Наколькі ў свеце распаўсюджана практыка злучаць кіно і рэлігію?
— Самы магутны кінафестываль рэлігійнага кшталту — рымскі «Religion today», на якім прадстаўляюцца хрысціянскія, мусульманскія, будысцкія фільмы, кінапрадукцыя больш дробных рэлігій. Аднак нельга сказаць, што рэлігійны ці хрысціянскі кінематаграфічны рух у Еўропе вельмі распаўсюджаны.
Адным з самых вядомых у каталіцкім свеце з’яўляецца кінафестываль у польскім мястэчку Непакалянаў, які можна назваць братнім для нас: яго арганізатары зрабілі шмат для таго, каб ланцужок каталіцкіх кінафестываляў быў працягнуты ў Беларусь і Расію. Нягледзячы на тое, што «Magnificat» патрануе Канферэнцыя каталіцкіх епіскапаў Беларусі, ён мае экуменічны напрамак. У нас прадстаўлены і праваслаўныя, і пратэстанцкія фільмы — межаў паміж канфесіямі мы не праводзім.
— У чым адметнасць сёлетняга фестывалю і яго конкурснай праграмы?
— Фестываль стаў на ногі — і гэта галоўнае. Напачатку было дастаткова няшмат моцных рэжысёрскіх, аператарскіх работ. Аднак сёння амаль кожная кінакарціна аўтарская, па-мастацку зробленая.
Наш фестываль праводзіцца на Глыбоччыне і ад местачковага характару адмаўляцца не збіраецца. Зрэшты, упершыню фестываль адкрыецца ў Мінску, і на тое маюцца свае прычыны. Па-першае, сёлетні год адметны для каталіцкіх храмаў горада: Кафедральнаму касцёлу спаўняецца 300 гадоў, Чырвонаму — 100. Абысці гэтыя падзеі фестываль не мае права. Па-другое, хацелася б удзельнікаў фестывалю пазнаёміць са сталіцай, а мінчукоў — з хрысціянскім кіно. Трэцяя прычына: фестываль мусіць стаць больш вядомы ў Беларусі.
— Як часта хрысціянскае кіно здымаюць у Беларусі? Ці адпавядае яно міжнародным стандартам якасці?
— У Беларусі маюцца дзве структуры вытворчасці дакументальнага кіно — студыя «Летапіс» на «Беларусьфільме» і «Белвідэацэнтр». Аднак у год яны робяць адну-дзве стужкі з рэлігійна-духоўным ухілам. Астатняе — фільмы, што здымаюцца пры непасрэднай падтрымцы царквы ці касцёла. Так, пры некаторых буйных храмах існуюць асобныя кінастудыі. Сярод іншых можна вылучыць кінастудыю пры Мінскім Свята-Елісавецінскім манастыры. На першыя фестывалі студыя дасылала фільмы, у якіх цалкам ігнаравалася кінематаграфічная стылістыка. Простая кінавыява рэлігійнага казання, пра якія б духоўныя, важныя рэчы не гаварыў герой фільма, — гэта яшчэ не дакументальнае кіно. З кінематаграфічнага пункту гледжання такія карціны не цікавыя. Сёлета студыя даслала стужкі, пра якія можна сказаць, што гэта сапраўднае кіно. У гэтым плане відавочны рост майстэрства айчынных кінавытворцаў.
— Гадоў пяць-дзесяць таму беларускае дакументальнае кіно зрабіла ладны крок наперад, айчынную дакументалістыку было не сорамна паказваць за мяжой: фільмы Віктара Аслюка і Галіны Адамовіч перамагалі на міжнародных фестывалях. Сёння здаецца, што наша кіно вярнулася ў свой звыклы крызісны стан.
— Гаворка пра крызіс мае падставу. На тое ёсць свае прычыны. Няма стымулу для майстроў. Моладзі няма. Не хапае плёнкі. Кінастудыя амаль не здымае. Хоць гадоў трыццаць таму ўсё было інакш. На кінастудыі панавала працоўная атмасфера: быў шырокі кадравы склад, былі фільмы, якія ўздымалі праблемы. Зараз нас вельмі мала: працуе ўсяго з дзесятак рэжысёраў. На кінастудыі ўжо другі год адбываецца абнаўленне кінаапаратуры. Аднак ці правільна гэта, калі няма каму працаваць?! Можа, лепей было б сабраць таленавітую моладзь і накіраваць на вучобу ва Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі?