«Я вярнуся, калі дажыву». Вялікае інтэрв'ю Зоі Белахвосцік

Шчырае інтэрв'ю з народнай артысткай Беларусі, якую выпхнулі з радзімы ў выгнанне. Спадарыня Зоя разважае пра культуру, змаганне і будучыню.

Фота: Karolina Jozwiak

Фота: Karolina Jozwiak

Народная артыстка Беларусі, прыма Купалаўскага тэатру Зоя Белахвосьцік паходзіць са знакамітай беларускай тэатральнай дынастыі. Яна ўнучка Глеба Глебава, дачка Валянціна Белахвосьціка, жонка Аляксандра Гарцуева, маці Валянціны Гарцуевай.
Сыграла ў 55 тэатральных спэктаклях, двух дзесятках фільмаў. На знак пратэсту ў жніўні 2020-га звольнілася з Купалаўскага тэатру разам з 58 калегамі, яе звольнілі з Акадэміі мастацтваў. Больш за год жыве ў Польшчы, далучылася да праекту «Вольныя купалаўцы», — піша «Сваб*да».

«Ратуе тое, што ты тут вольны, табе ня трэба баяцца»

— Спадарыня Зоя, мы сустракаемся з вамі ў Варшаве. Як вы сюды трапілі і калі?
— У лютым 2022 году я трапіла ў Люблін. Мы былі на праекце «Дзяды». Зьбіраліся вяртацца ў Менск, а потым зь «Дзядамі» ехаць у Львоў. Былі дамоўленасьці, сцэна Дому афіцэраў. А тут пачалася вайна — і ўсе нашы пляны парушыліся. Зь Любліна паехалі да маёй сястры ў Варшаву, потым зноў у Люблін — выпускаць спэктакль. А зь верасьня ўжо ў Варшаве аселі, як той казаў.
— Купалаўскі зь дзяцінства быў для вас другім домам. Цяпер жа склалася так, што вы страцілі абодва — і тэатральны, і свой у Менску. Спадзяюся, часова. Што ратуе, што дае сілы?
— Ратуе тое, што ты тут вольны, табе ня трэба баяцца. Гэта не адразу прыйшло, бо спачатку шарахаліся ад кожнага бусіка... Цяпер тут атрымліваем асалоду ад спакойнага культурнага жыцьця, можа, ня так самі ўдзельнічаем, але знаходзімся ў асяродзьдзі нармальных шчасьлівых людзей. Ня ведаю, як гэта ўплывае на дэпрэсіўны стан беларусаў, але мы спрабуем рабіць сваю справу і багата ўжо чаго зрабілі.

«Нам трэба крышачку грошай і сцэна. І мы б маглі зацягнуць людзей у вір беларускага жыцьця»

— Я летам 2022 году езьдзіла ў Люблін на спэктакаль купалаўцаў «Гусі-людзі-лебедзі». І склалася ўражаньне, што ўвесь цягнік Варшава — Люблін быў запоўнены беларусамі. Квіткі на «Рамантыку» і на «Сфагнум» разышліся за паўгадзіны, то-бок купалаўцы ў Польшчы страшэнна запатрабаваныя. Але ў вас няма сваёй сцэны, свайго прытулку.
— Так, з гэтым цяжкасьці. У нас на сёньняшні дзень тры спэктаклі гатовыя, яшчэ адзін на падыходзе. І вельмі-вельмі шмат плянаў — рэальных, таму што ў нас амаль уся трупа ў Варшаве, ёсьць людзі ў Любліне, Жэшуве, Бэрліне — усе мы можам цяпер зьбірацца. У нас усе ёсьць: артысты, рэжысэры, прадусар, гукарэжысэр. Мы гатовыя разьвярнуцца на ўсе 100%! Але нам вельмі патрэбная сцэна ці дамоўленасьць на які-небудзь Дом культуры, каб ня бегаць ад сцэны да сцэны.
Нам трэба крышачку грошай і сцэнічная пляцоўка. І мы б маглі зацягнуць людзей у вір беларускага жыцьця: з конкурсамі, з чым заўгодна — каб проста лягчэй пераносіць гэтыя цяжкія часы ў выгнаньні, каб было з чым вяртацца ў Беларусь.
У мяне ёсьць такая мара, і яе ўсе падрымліваюць: зрабіць тэатральную школку для дзяцей, а можа, і для дарослых. Гэта не азначае, што дзіця стане акторам. Гэта так дапамагае ў жыцьці! Усе практыкаваньні: плястыка, музыка, сцэнічная мова — дзіця пачынае па-іншаму фантазіраваць, па-іншаму думаць, у яго разьвіваецца маторыка, самастойнасьць, уменьне быць у калектыве.
Мы маглі б разьвярнуцца, ладзіць творчыя сустрэчы з гледачамі, гэта быў бы такі пункт прыцягненьня беларусаў. Кавярню там можна зрабіць.
— Тэатар — гэта ня столькі сцэна, колькі людзі. На жаль, творчыя людзі, акторы вымушаныя зараз выжываць і працаваць кіроўцамі, вырабляць сумачкі, займацца не сваёй прывычнай працай.
— Ну мы ж не баімся ніякай працы. Проста не хацелася б гэтыя сілы пускаць не туды, куды трэба. Хацелася б, каб мы не распаліся, не разьляцеліся, а ўсё ж такі захаваліся. Захаваліся для будучай Беларусі, а пакуль разьвіваліся па-іншаму, у іншых умовах. Гэта таксама цікава — складана, але цікава. Таму хацелася б быць аптымістам. Усім складана. Але я ніколі ня стану пэсымісткай, буду ўсіх падбадзёрваць!

«Тэатар — гэта ўсё ж такі не забаўляльная штука»

— Раней у Купалаўскім ставілі п’есы на аснове драматургіі. А апошнія два вашыя спэктаклі — па сучаснай беларускай прозе: «Гусі-людзі-лебедзі» паводле «Сабак Эўропы» Бахарэвіча і «Сфагнум» Марціновіча. Як вам гэта ўдалося?

Асабісты архіў гераіні

Асабісты архіў гераіні

— Для гэтага ёсьць адмысловы чалавек — рэжысэр Аляксандар Гарцуеў, які ўмее гэта рабіць. Іншыя рэжысэры ня ўмеюць! Гэта інсцэніроўка, зусім іншы твор. Таму што мы — тэатар. Проза таксама бывае розная, ня ўсё можна паставіць. А Гарцуеў гэта ўмее рабіць шыкоўна! Гэта штучная прафэсія. Не адразу прыйшло гэтае ўменьне, але ён гэта намацаў, адчувае цэласнасьць твору.
— А вам, акторцы клясычнага акадэмічнага тэатру, ці цікава сучасную беларускую прозу ставіць і граць? Як вы ўваходзілі ў ролю «калгаснай ідэалягіні» Кераміны Аркадзеўны?
— Цікава было. Хаця, па праўдзе кажучы, усе ролі цяжкія... Але калі ты разумееш, чаго ад цябе хоча рэжысэр, калі ты рэжысэру штосьці прапаноўваеш (кшталту «А можна, я тут пачытаю верш?»)... Калі ў цябе складваецца ўзаемапаразуменьне з рэжысэрам, усё атрымаецца. А калі табе рэжысэр штосьці такое «навязвае», што табе няблізка, нецікава, ці калі ты не разумееш, чаго ён хоча ад цябе, атрымаецца ўсё дрэнна і цераз пень-калоду. Гэта ж творчасьць! Ці ты натрапіш на тое зерне, ці не.
— Спадарыня Зоя, а ці цікавіцеся вы, што адбываецца ў вашым былым тэатральным доме ў Беларусі, у Купалаўскім?
— Не цікаўлюся. Даходзяць нейкія чуткі, але мяне гэта на цяперашні момант ніяк не кранае. Сам момант нашага сыходу, распаду — гэта было моцнае эмацыйнае ўзрушэньне. Я не разумела, як людзі на белае могуць гаварыць, што гэта чорнае, не разумець альбо рабіць выгляд, што яны гэтага не разумеюць: «А что случилось?».
Я зычу маім былым калегам, каб яны былі жывыя і здаровыя. І калі ім падабаецца, што яны цяпер робяць, паказваюць — няхай працуюць.
Ну а нашая задача, нашая місія — як мага больш сустракацца зь беларусамі. Я ўжо не кажу пра традыцыі, але тыя людзі, якія прыходзяць на спэктаклі, павінны разумець, што яны нам таксама дапамагаюць: яны ўдзельнічаюць у тым абмене, культурным беларускім працэсе, які нам усім патрэбен. То-бок да нас ня проста прыйшлі гледачы. Тэатар — гэта ўсё ж такі не забаўляльная штука. Яшчэ Станіслаўскі казаў, што ня трэба траціць сваё жыцьцё на тэатар, які можа быць толькі забаўляльным. Гэта ня так.

«У нас было адно выйсьце — звольніцца! Я не разумею, чаму нашыя акторы-пэнсіянэры не пакінулі тэатру»

— Нядаўна ў Варшаве трапіла на спэктакаль «Жнівень» ананімнай тэатральнай трупы «Teatar BY». Там была ўжытая такая мэтафара: жнівень 2020-га ня скончыўся; у той дзень, калі яны паказвалі спэктакаль, паводле іх вэрсіі, было 966 жніўня. Жнівень 2020-га быў драматычным і для купалаўцаў — тэатар рыхтаваўся да 100-годзьдзя. А тут пачаліся пратэсты. Што з вамі тады адбывалася?
— 12 жніўня купалаўцы выступілі зь відэазваротам. 17 жніўня быў разарваны кантракт з нашым дырэктарам Паўлам Латушкам. Да нас прыйшоў міністар культуры Маркевіч. Мы спрабавалі яму ў даволі жорсткай форме сказаць, каб нам вярнулі Паўла Латушку.
Ён нам адказаў, што, маўляў, «гэта ня ваша справа, вы павінны думаць пра тое, як рыхтавацца да 100-годзьдзя тэатру». Мы яго «запляскалі», закрычалі. І паклалі свае заявы на звальненьне.
Выглядала гэта, напэўна, неінтэлігентна, але як можна было паводзіць сябе з гэтым чалавекам інтэлігентна, калі з 13 жніўня пачалі «атакаваць» нашую дырэкцыю: «трэба «разрэдзіць сьвядомых», так яны казалі? Гэта значыць, загадалі звольніць моладзь, самых актыўных, таленавітых. А мы зрабілі салідарны ход, бо думалі аб тым, што заставацца ў тэатры і рабіць штосьці прыстойнае нам ніхто ня дасьць. Ніхто не дазволіць нам іграць тыя спэктаклі, якія мы хочам. Ці паставіць нешта такое на злобу дня нам ніхто ня дасьць! Мы дзяржаўны тэатар, і нам дадуць магчымасьць у лепшым выпадку граць «Паўлінку» зь песьнямі і скокамі. Ну як мы можам іграць «Паўлінку», калі людзей забіваюць, гвалцяць, б’юць, а нас машыны сьцерагуць каля тэатру?
У нас было адно выйсьце — звольніцца! Я не разумею, чаму нашыя акторы-пэнсіянэры не пакінулі тэатар, калі ў іх былі пэнсіі, а моладзь уся звольнілася. Мне шкада нашую моладзь — яны прафэсіяналы, у іх ёсьць розум, талент, але ідзе час, а яны ня могуць цалкам рэалізаваць сябе. Мне іх шкада. Сябе — не. Я шмат чаго зрабіла.
18 жніўня нам забаранілі ўвайсьці ў тэатар, павесілі аб’яву «санапрацоўка». А 19 жніўня на «СТБ» выйшаў сюжэт: у грымёркі накідалі бутэлек, паказалі нейкія зламаныя крэслы... Ды ў нас за заслонай прыгажосьць, парадак, кожная грымёрка — проста цуд, усё ў ідэальным стане, чысьціня! Што ў галовах тых, хто рабіў гэта?
— У жніўні 2020-га вы выходзілі на маршы. Ці быў страх, калі бачылі такую колькасьць сілавікоў і жорсткі гвалт?

Фота: Палуян

Фота: Палуян

— Не, не было! Эўфарыя была, страху не было! Праўда, ужо на пачатку восені мне дачка сказала: «Мама, давай ты сыходзь з маршу раней, можа, ты ўжо дрэнна бегаеш, я за цябе хвалююся!»

«Я думаю, што гэта выхаванае рабства, выхаваны страх»

— Праз пэўны час вас звольнілі з Акадэміі мастацтваў, дзе вы выкладалі 30 гадоў. Што тлумачылі, якімі вачыма глядзелі вашыя калегі, кажучы: «Вы же всё понимаете»?
— У мяне быў чацьвёрты, выпускны дыплёмны курс. Безь мяне немагчыма, я ўсім кірую: як можна пакінуць студэнтаў перад дыплёмам, як студэнтам застацца без мастацкага кіраўніка? Не ўва мне справа, а ў студэнтах. Я яшчэ спадзявалася, што з тэатру звольнілася, а ў акадэміі застануся працаваць. У мяне там былі цудоўныя калегі: выкладчыца сцэнічнай мовы, якую я лічыла сяброўкай...
Я яшчэ ў жніўні пачала хадзіць у акадэмію, рыхтавацца, хацела сустрэцца са сваімі студэнтамі, думала, якія задачы буду ставіць. Заходжу на катэдру, а на мяне ўсе глядзяць, нібыта я нейкі зялёны дзіўны зьвер, з такой цікаўнасьцю! Я распранаюся, мяняю абутак, вітаюся. Людзі не кідаюцца ў абдымкі, як звычайна пасьля лета...
Тут прыбягае наша сакратарка, у яе вочы на мокрым месцы, кажа: «Вам трэба зайсьці ў аддзел кадраў». А там такі цудоўны дзядзька — калі я была яшчэ студэнткай, ён ужо там працаваў. Ён на мяне нават не глядзіць і вымаўляе: «Як скажа рэктар...» І я зразумела, што мне не працягнуць кантракт. Рэктар мяне ня выклікаў, а сама я да яго не пайшла. Я думаю, калі ёсьць сумленьне, гонар і годнасьць і ёсьць разуменьне таго, што адбываецца, сталы чалавек звольніцца сам.
— І ўсё ж — што адбылося з вашымі калегамі, якія прамаўчалі?
— Я думаю, што гэта выхаванае рабства, выхаваны страх. І калі ў чалавеку крыху больш гэтых выхаваных страхаў і рабалепства, нават калі чалавек разумны і ведае шмат прыкладаў гераізму, ён не падыме галавы. Усе рабы!

«Калі выходзіш на сцэну, на цябе глядзяць, як на голас народу, голас Купалы»

— Але ж у вашай тэатральнай дынастыі ўжо пяць пакаленьняў актораў, ня так? Ведаю, што вашыя сваякі пацярпелі ў 1937-м. І ў 2020-м уся вашая сям’я не прамаўчала.
— У маёй сям’і ня так! Мая дачка была першая, хто гэта «замуціў», яна першая сказала: «Мы ня можам іграць спэктаклі! Мы ня можам выходзіць на сцэну!» Мы пярэчылі: «Гэта ж наша прафэсія!» Яна адказала, што ні ў якой прафэсіі нельга страціць годнасьць і трэба рэагаваць на тое, што адбываецца ў краіне. Калі б’юць людзей, мы ня можам выходзіць на сцэну. Бо калі выходзіш на сцэну, на цябе глядзяць, як на голас народу, голас Купалы. І ты ня маеш права на лжывае слова.
— А як вы выходзілі з гэтага стану, калі вас адусюль звольнілі? Гэта ж так несправядліва, крыўдна...
— Ня ведаю. Але боль, хвароба засталіся. Першае, што зьнікла — гэта жаданьне і магчымасьць чытаць. Мая першая «прафэсія» — чытач. Бязь літараў я не існую наагул, а ўжо потым толькі я артыстка. І тут я зразумела, што не магу чытаць! Да сёньняшняга дня. Вядома, тое-сёе я чытаю. Раней я «глытала» тамы кніг, а цяпер — зь цяжкасьцю. Я не магу сканцэнтравацца, засяродзіць увагу. Так што траўма такая засталася.

«Павыгарала ўсё ўнутры. Ну не магу я больш вершы чытаць!»

— У 2018 годзе вам далі самае высокае званьне, народнай артысткі Беларусі, прызналі «Чалавекам года ў сфэры культуры». А ў 2020-м такі паварот. Як вы гэта перажылі?
— Нармальна. Гэта было выпрабаваньне на годнасьць. Я вытрымала. Можа, мы маўчалі даўжэй, чым трэба было. І гэтае «страсеньне», мабыць, патрэбнае было. Цяпер ужо ня вернеш таго, што было. Трэба рухацца наперад. Самае жахлівае — людзі сядзяць у турмах. У іх здароўе пагаршаецца.
Я хацела агучыць цудоўныя кнігі Сяргея Дубаўца «Галасы Беларусі», спэктакаль зрабіць. Зімой мы зь ім кантактавалі, я пыталася, ці можна крыху скарачаць аб’ёмы. Сяргей адказаў, што можна. Але пакуль няма магчымасьці. Дый вельмі цяжка гэта ўсё ўвасабляць...
Мы гралі падпольныя канцэрты — чыталі вершы Купалы, якім 100 гадоў. І нічога не зьмянілася — год прайшоў, і я зразумела, што ўжо не магу чытаць тыя вершы. Не магу! Павыгарала ў мяне ўсё ўнутры. Ну не магу я вершы чытаць! Проста сэрца не вытрымлівае.

«Галоўнае, каб мы не захрасьлі ў тым жніўні. І не захрасьлі ў бел-чырвона-белых рушнічках»

— Спадарыня Зоя, а ці маеце вы надзею, што вернецеся ў Беларусь, і калі так, то як хутка?
— Я вярнуся, калі дажыву. Абавязкова. Ніхто ня можа сказаць, гэта будзе хутка ці не. Часта чую пытаньне: «За што нам гэта ўсё?» Не, не за што, а дзеля чаго!
Думаю, ёсьць і нашая кропля віны, нават і ня кропля — столькі гадоў «усё ўсім было добра!» Калі яшчэ гэта простыя людзі гавораць... А калі гавораць выкладчыкі акадэміі, якія нясуць моладзі добрае, сьветлае, вечнае, якія на добрай літаратуры выхоўвалі студэнтаў, і яны кажуць: «А што было дрэнна? Што вас не задавальняла? Усё ж нармальна!» А што было нармальна?!
— Але вялікая колькасьць беларусаў, якія выехалі, ня вернуцца. Прычым гэта ня горшыя беларусы — айцішнікі з «мазгамі», творчыя людзі. Дзеці іхныя ў новых краінах адаптуюцца даволі хутка. Якія страты панясе Беларусь? Як мы гэта перажывём?
— Я думаю, што гэта будзе няхутка. Але трэба думаць, што настане заўтра, трэба мець нейкія пляны і іх ажыцьцяўляць. Галоўнае, каб мы не захрасьлі ў тым жніўні. І не захрасьлі ў бел-чырвона-белай настальгіі і бчб-рушнічках! Усё гэта ёсьць і нікуды не падзенецца. Але нам трэба шоры здымаць і творча сваё жыцьцё перарабляць — сёньня і заўтра. Гэта складана. Лёгка, напэўна, гаварыць, але трэба гэта зрабіць.
Мы ніколі не забудзем, мы ніколі не даруем, не прабачым. Але разам з тым нам трэба рухацца наперад. Ня спаць у шапку, бо прасьпім усю сваю гаспадарку.