«Калі зносяць нашы крыжы, мы мусім быць разам». Гурт NAKA адзначыў 15-годдзе (фота)
Гурт NAKA з экспрэсіўнай фронтвумэн Настассяй Шпакоўскай сабраў поўны клуб «Бруге» на юбілейны канцэрт. Фанаты пачулі любімыя песні з беларускага і рускага рэпертуару, а нехта, магчыма, упершыню даведаўся пра крыжалом у Курапатах.
Цікава, што па-руску Настасся Шпакоўская пяе пра самарэфлексіі, каханне ды побытавыя рэаліі, а па-беларуску… пра што? Пра Беларусь, канечне. Ну, гэта калі вельмі абагульняць. А так, ёсць і песня «Бяжы» ў версіях на абедзьвюх мовах, і «Про любовь/Про любов/Пра любоў» адразу на трох (яшчэ ўкраінская), і шмат іншых лірычных кампазіцый па-беларуску з альбома «Мая малітва». Ну, вось «Вяртанне», напрыклад:
«На дне гэтых вачэй блішчэлі зорыЯк быццам таямніца нашага каханьняБыло ўсё ганьба, сіроцкія прасторы,Было ўсё для нашага вяртаньня…» — як быццам бы адказ на Караткевічаўскае «Жанчыне з бэзам»:
«І я прайшоў калісьці паўз цябе.Паўз вусны смелыя і рук прынаднасць,І змрок вачэй, глыбокіх, як сусвет.На дне тваіх вачэй блішчэлі зоры,Далёка так, што цэлага жыццяМне не хапіла б даляцець да іх...»
Зрэшты, у нашай рускамоўнай краіне спяваць па-беларуску пра што заўгодна, нават пра музу, якая «п’е штоночы» — ужо прысвячэнне Радзіме. А тым больш класці на музыку вершы класікаў: у рэпертуары гурта — песні на словы Яўгеніі Янішчыц і Янкі Купалы. Праўда, апошнюю, «Мая малітва», NAKA з 2015 года на канцэртах не выконвае. За парушэнне сваіх аўтарскіх правоў інтэрпрэтацыяй твора «Песняроў» на словы Купалы аўтар музыкі, кампазітар Алег Молчан, падаў на гурт у суд і выйграў яго.
На канцэрце 30 красавіка Настасся Шпакоўская разгарнула бел-чырвона-белы сцяг, выконваючы песню «Пагоня». У яе студыйнай версіі, дарэчы, гучыць дуда. Вось бы пачуць жыўцом! «…Замест сцяга і «Пагоні» мы — з агоніі ў агонію…»
З «Пагоняй» дуэт NAKA-piano выступаў у лагеры абаронцаў Курапатаў у 2017 годзе.
Пасля «Пагоні», упрыгожыўшы сцягам авансцэну, фронтвумэн працягнула песняй «Чакаем»:
«Цемра над маёй зямлёю Не зыходзіць, не зыходзіцьБыццам маць свайго дзіцяці Не знаходзіць, не знаходзіцьУсё чакае, усё чакае…»
Неўзабаве спявачка абвясціла песню на верш расстралянага паэта Валерыя Маракова і згадала крыжалом у Курапатах: «Калі зносяць нашы крыжы, мы мусім быць разам. Проста мусім». Валерый быццам бы прадбачыў сённяшнія рэаліі: тэкст «Адыйшоўшым» 1930 года можна прысвяціць рэстарану «Поедем, поедим»:
«На вашых магілах мы справім вяселліІ душы зальём старадаўнім віномУспомнім,Як дні нашы ў нетры ляцелі,Каб больш не вярнуцца ніколі ізноў…»
За 15 гадоў гурт NAKA запісаў 6 альбомаў, выдаў некалькі сінглаў, два дзясяткі відэакліпаў, паўдзельнічаў у шматлікіх фэстах і супольных праектах. Гурт мае класічны «электрычны» склад (гітара — Сяргей Шурко, бас — Валерый Пазняк, ударныя — Зміцер Харытановіч, клавішы — Ірына Кліменка) і часам выступае ў камерна-інтымным фармаце NAKA-piano (Настасся Шпакоўская і Ірына Кліменка).
Галоўным арганізатарам юбілейнага канцэрта гурта выступіла Арт сядзіба.
Фота і відэа Алены Ляшкевіч