Колькі год беларускаму школьніцтву?

Спачатку я думаў, што гэты “ляп” належыць выключана газеце “Наша Слова”. Гэта яна ў нумары за 26 жніўня абвясціла, што сёлета спаўняецца “100 гадоў беларускамоўнай адукацыі новага часу”. Такая “шапка” на першай паласе. А на другой змешчана даведка з Вікіпедыі пад загалоўкам “Да 100-годдзя беларускай школы”.



budzma_org_535.jpg

Хацеў быў напісаць рэдактару “Наша Слова” ліст. Ажно разгортваю сёння апошні нумар “Нашай Нівы” і бачу тое самае: “Беларускаму школьніцтву сто гадоў”. Што цікава, пад гэтым загалоўкам друкуецца гутарка са спецыялістам у галіне гісторыі адукацыі Уладзімірам Ляхоўскім. Яшчэ цікавей тое, што пачаткі сучаснага беларускага школьніцтва Уладзімір Ляхоўскі, як і належыць адмыслоўцу, бачыць у 1908 годзе. Тады ў Сенненскім павеце, у маёнтку Гардзялкоўскіх, працавала  беларуская школка, у якой выкладаў Якуб Колас. У літаратуры ёсць таксама звесткі пра школку ў маёнтку Корсакаў (Дрысенскі павет) і ў маёнтку Прусан пад Крычавам (ці не сучаснае Прусіна гэта?).

Такім чынам, да прыходу ў 1915 г. немцаў у Заходнюю Беларусь (гэты тэрмін з’явіцца падчас І сусветнай вайны) у нашай краіне ўжо меліся першыя спробы арганізаваць беларускае школьніцтва. Мелася і пэўная база для навучання па-беларуску. Вацлаў Іваноўскі ў супрацы з Мар’янам Фальскім ды Карусём Каганцом падрыхтаваў першы беларускі лемантар лацінкаю і кірыліцаю (1906), а Цётка склала першую чытанку для дзетак беларусаў (1906). З’явілася і кніжка з прыродазнаўства — “Гутаркі аб небе і зямлі” (1907).  Але — падкрэслю — школкі былі нелегальныя.

З прыходам немцаў і з усталяваннем нямецкай адміністрацыі ў заходняй частцы нашай краіны (Віленская, Горадзенская і Менская губерні) беларуская мова — нароўні з ідышам, літоўскай і польскай — атрымала афіцыйны статус. На моцы дырэктывы Паўля фон Гіндэнбурга беларуская мова стала мовай навучання, а беларускія школы — легальнымі ўстановамі. Гэтая дырэктыва была выдадзена 22 снежня 1915 г., а апублікавана 16 студзеня наступнага года. Што праўда, засноўваць свае школы беларусы пачалі трохі раней. Да 16  снежня 1915 г. у Вільні былі адчыненыя школкі на Лукішках (Свята-Юрскі праспект, 44) і на Антокалі (Антокальская, 23). Яны — падкрэслю — былі цалкам легальныя.

Такім чынам, беларускаму школьніцтву спаўняецца сёлета 107 гадоў (калі лічыць школку ў маёнтку Гардзялкоўскіх самаю першаю). Да 1915 г. у нас меліся толькі нелегальныя школкі. Легальнаму ж, афіцыйнаму школьніцтву сёлета спаўняецца 100 гадоў. Што належала б адлюстраваць у загалоўках адпаведных публікацыяў у “Нашым Слове” і “Нашай Ніве”. Згадзіцеся, паміж выразамі “100 год беларускаму школьніцтву” і “100 год беларускаму легальнаму школьнцітву” маецца істотнае адрозненне.