Купляй беларускае — слухай сваё!
Уладзімір Караткевіч сваёй навелай «Кніганошы» рамантызаваў небяспечную працу тых, каго сёння называюць «распаўсюднікамі непадцэнзурнай беларускамоўнай кніжнай прадукцыі». Сучасным кніганошам знайшлася праца. Толькі цяпер яны заняты распаўсюджваннем беларускіх дыскаў, кніг, у тым ліку і па музычнай тэматыцы, адпаведнай атрыбутыкі (значкоў, постэраў і саколак) нашых выканаўцаў.
Уладзімір Караткевіч сваёй навелай «Кніганошы» рамантызаваў небяспечную працу тых, каго сёння называюць «распаўсюднікамі непадцэнзурнай беларускамоўнай кніжнай
прадукцыі». Сучасным кніганошам знайшлася праца. Толькі цяпер яны заняты распаўсюджваннем беларускіх дыскаў, кніг, у тым ліку і па музычнай тэматыцы, адпаведнай атрыбутыкі (значкоў, постэраў
і саколак) нашых выканаўцаў.
Менавіта дзякуючы гэтым сціплым героям музычнага рынку беларускамоўная прадукцыя ўсё часцей знаходзяць сваіх удзячных спажыўцоў. На захадзе гэта з’ява набыла назву «дыстро»
(ад англ. distro: disk + bistro) — так называюцца некамерцыйная сетка распаўсюджвання музыкі, друкаваных выданняў і атрыбутыкі на тую ці іншую музычную тэматыку.
Працуюць беларускія дыстро ў асноўным у інтэрнэце, але існуе актыўная сетка распаўсюднікаў, якія вядуць гандаль беларускамоўнай прадукцыяй наўпрост, у кантакце са спажыўцамі. Сёння прапаную некалькі
штрыхоў да партрэта сучаснага кніганошы, а дакладней — дысканошы. У гэтым мне дапаможа пачынальнік і легенда беларускамоўнага дыстро, вядомы беларускі літаратар і музычны крытык Вітаўт
Мартыненка.
Сучасны беларускі кніганоша
Колькасць распаўсюднікаў беларускамоўнай прадукцыі ў нашай краіне пакуль не такая вялікая, каб стварыць сацыяльны партрэт гэтай культурніцкай з’явы. Тым не менш, сярод гандляроў беларускімі
дыскамі ёсць людзі рознага ўзросту і сацыяльнага становішча. Быць распаўсюднікам такой важнай прадукцыі выказваюць ахвоту і студэнты, і прадпрымальнікі сярэдняга ўзросту, і пенсіянеры...
Да таго ж, ёсць адна рыса, якая аб’ядноўвае беларускіх дысканошаў і якая вельмі неабходна ўсім, каб стаць паспяховым распаўсюднікам, — любоў да беларушчыны, да беларускай музыкі
ўсіх накірункаў. Гэта якасць дапамагае весці з патэнцыяльным спажыўцом бесперапынны дыялог, падчас якога выяўляюцца яго музычныя прыхільнасці, рэкламуюцца навінкі беларускага музычнага рынка,
прапануецца прадукцыя, якая найбольш адпавядае густу пакупніка. Галоўнае — любіць тую музыку, якую прапануеш набыць. Урэшце, такія ўзаемаадносіны вядуць да таго, што беларуская прадукцыя ўсё
часцей знаходзіць свайго спажыўца.
Заўважу, што сярод тых, хто звяртае сваю ўвагу на «меню» беларускага дыстро, сустракаюцца не толькі ўжо вопытныя знаўцы айчынных музычных навінак, але і неафіты, якія ў сваім жыцці
ніколі не сутыкаліся з нацыянальным мастацкім прадуктам. Для іх у распаўсюджвальнікаў беларускамоўнай прадукцыі назапашана вялікая колькасць класічных і найноўшых альбомаў (іх можна паслухаць
«жыўцом» на CD-прайгравальніку), якія могуць перавярнуць іх уяўленне пра сучасную беларускую музыку, а таксама моцная аргументацыя, каб стаць спажыўцом нацыянальнага музычнага
прадукту. Па-першае, тлумачаць ім дысканошы, набываць беларускія дыскі — гэта модна, ці, па-сучаснаму, «крута», па-другое, такога прадукту няма ў іх сяброў, а таму яны
будуць валодаць эксклюзіўным музычным таварам!
Вядзецца дыялог і з нешматлікімі беларусафобамі, якія для задавальнення сваёй цікаўнасці бывае заглядаюць на паліцы з беларускамоўным таварам («А, это ваши беларусские дела!»).
Галоўны аргумент у спрэчцы з імі — факт шырокага стылістычнага спектра беларускамоўнай музычнай прадукцыі. Як і адносіны да любой з’явы, так і іх цікаўнасць да айчыннай музычнай
прадукцыі праходзіць праз тры этапы: першы — «поўная лухта!» потым — «у гэтым нешта ёсць», трэці — «беларуская музыка
выдатная!». Вось чаму трэба адзначыць вялікую заслугу беларускіх распаўсюджвальнікаў у тым, што нядобразычліўцаў беларушчыны становіцца менш.
Беларускі музычны тавар
Яшчэ адна асаблівасць распаўсюджвання беларускамоўнай музычнай прадукцыі — мабільнасць гандлёвых кропак, якія ладзяцца дысканошамі на канцэртах і фестывалях, культурніцкіх імпрэзах
нацыянальнай скіраванасці. Такой развароцістасці не дачакаешся ад дзяржаўнага гандлю. Як і прымальнага для масавага пакупніка кошту на прадукцыю.
А як фарміруюцца цэны на беларускамоўную прадукцыю ў сучасных дысканошаў? Пра гэта распавядае Вітаўт Мартыненка: «У свой час я паматаўся па свеце і паглядзеў, як, напрыклад, у Канадзе
фарміруюцца кошты на музычную прадукцыю. Кожны гандляр там імкнецца быць прывабным для пакупніка: забяспечвае якасць тавару і аптымальнасць яго кошту. Але ў беларускім дзяржаўным гандлі ўсё
знаходзіцца ў полі адміністрацыйнага кіравання. Напрыклад, кніга «222 альбомы беларускага року і ня толькі...» (В. Мартыненкі і аўтара гэтых радкоў А. Мяльгуя) у краме
«Акадэмкніга» каштуе 22 тысячы рублёў. У краме «Падземка» — 29 тысяч, у галерэі «Ў» — 24 тысячы 800 рублёў. І цэннікі на яе не
мяняюцца гадамі...
Я ж перад тым, як выставіць кошт дыска ці кнігі, высвятляю ў выдаўца яе сабекошт і колькі грошай я павінен яму здаць пасля таго, як увесь тавар распрадасца. Дадаю да гэтай сумы свае пару тысяч рублёў
і фармірую кошт тавару, які ў выніку атрымліваецца даволі прывабным для пакупніка. Для параўнання: у дзяржаўных крамах, калі тыя бяруць на распродаж беларускія дыскі ці кнігі,
«накруткі» дасягаюць двух з паловай разоў! Зразумела, трэба плаціць заробкі гандлярам, плаціць арэнду... Мы ад гэтага не залежым, таму і можам прапанаваць зусім іншыя, больш нізкія
кошты. Тую ж энцыклапедыю «222 альбомы беларускага року і ня толькі...» ў мяне можна набыць па 17–20 тысяч рублёў у залежнасці ад якасці выдання. Але я магу прадаць яе і за
15 тысяч, калі бачу, што чалавек вельмі цікавіцца, а грошай на поўны кошт не хапае.
У маркетынгу ёсць такое паняцце, як «імгненны попыт»: чалавек, магчыма, пад уздзеяннем дыялогу з гандляром ці ад разумення грашовай выгады, выказвае жаданне тэрмінова зрабіць
пакупку таго ці іншага выдання. І калі гэты попыт не задаволіць у гэтую ж хвіліну, то жаданне можа згаснуць назаўсёды. Мы маем магчымасць задавальняць «імгненны попыт», бо ўвесь час
мы знаходзімся ў кантакце з пакупнікамі, мы аператыўна інфармуем пра тую музыку, пра тую культуру, якую мы самі любім і шануем!»
Да таго ж, ніводная дзяржаўная крама не можа прапанаваць музычныя дыскі ці кнігі з аўтографамі выканаўцаў ці аўтараў тэкстаў. У выпадку з прадукцыяй ад Вітаўта, разам са многімі музычнымі альбомамі ў
яго можна атрымаць і аўтограф. Як аўтара вершаў (для гурта P.L.A.N., напрыклад), аўтара прадмовы да новых дыскаў БМАgroup ці той жа кнігі «222 альбомы беларускага року і ня
толькі...». Тады тавар, які куплены ў беларускім дыстро, набывае для ўладальніка падвойную каштоўнасць!
Накарміце карову айчыннага шоу-бізнесу
Праблема, якая ўвесь час пераследуе гандляроў беларускамоўнай музычнай прадукцыяй, — узаемаадносіны з дзяржаўнымі кантралюючымі органамі і інстанцыямі. Таму ў сучаснага дысканошы павінна
быць «алібі» на той выпадак, калі ўзнікне пытанне наконт законнасці гандлю музычнай прадукцыяй. І кожны з іх шукае найбольш абгрунтаванае выйсце: хтосьці ўзаконьвае сваю дзейнасць
як прыватны прадпрымальнік, хтосьці мае пасведчанне ад грамадскіх структур, якія раней аформілі права на гандаль. Вітаўт Мартыненка праводзіць свае гандлёвыя «вылазкі» як
аўтограф-сесіі, што дазваляюцца заканадаўствам.
Нагадаю, што Вітаўт браў удзел у стварэнні вялікай колькасці альбомаў і кніг, якія можна набыць у ягоным дыстро. Таму, калі міліцыя ці прадстаўнікі адміністрацыі канцэртных залаў бачаць перад сабой
аднаго з аўтараў некалькіх беларускіх дыскаў і шыкоўна выдадзенай кнігі «222 альбомы беларускага року і ня толькі...», усе пытанні адпадаюць самі сабой...
Чаму ж не пайсці найбольш лёгкім шляхам, не аформіць пасведчанне прыватнага прадпрымальніка? На гэта ў Вітаўта свае аргументы: «Цяпер у краіне адносіны да прыватнай ініцыятывы можна
ахарактарызаваць наступным чынам: «Даіць карову пачынаюць да таго, як яна паела». Іншымі словамі, у гэтую справу можна ўбухаць не адну тысячу долараў, каб потым зразумець, што яна
стратная. Сама сістэма падаткаабкладання не спрыяе развіццю некамерцыйнай культурніцкай дзейнасці.
На захадзе, калі гандляр займаецца распаўсюджваннем некамерцыйных накладаў кніг ці дыскаў (да 1 тысячы экземпляраў), то ён атрымлівае льготы ад дзяржавы. Бо там разумеюць, што гэта спрыяе творчаму
росту выканаўцаў, якія потым папаўняюць шэрагі зорак шоу-бізнесу. Вось гэтыя зоркі, а таксама лэйблы, якія выдаюць камерцыйныя тыражы дыскаў, і з’яўляюцца асноўнымі падаткаплацельшчыкамі. У
нас некамерцыйныя тыражы абкладаюцца татальнымі падаткамі і дыскі становяцца больш дарагімі, чым, напрыклад, у ЗША.
Вось чаму незалежныя распаўсюджвальнікі беларускамоўнай музычнай прадукцыі, якія працуюць з некамерцыйнымі тыражамі, з’яўляюцца пачынальнікамі сапраўднага шоу-бізнесу ў краіне. Альтэрнатыва
заўсёды на карысць слухачам і выканаўцам».
Прыйдзе час, і гісторыя ацэніць тую ролю, якую выканалі незалежныя распаўсюджвальнікі ў дачыненні да сучаснай беларускай культуры. Як гэта адбылося з асэнсаваннем ролі кніганошаў у гісторыі культуры
Літвы і Беларусі, так маляўніча расказанай Уладзімірам Караткевічам.
Але цяпер ёсць значныя адрозненні ад сітуацыі XIX стагоддзя. І галоўная з іх: вопыт беларускіх дыстро — рэальны доказ таго, што нават і ва ўмовах нечуванага прэсінгу ўсяго нацыянальнага ў
краіне можна пашыраць веды пра канкурэнтаздольную нацыянальную культуру на роднай мове і, адначасова, атрымліваць матэрыяльны прыбытак ад працы на беларушчыну.