«Курбітс па-беларуску, альбо Швецыя становіцца бліжэй»
Максім Багдановіч, як прадстаўнік маладой беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя, з’яўляецца адной з выдатных постацяў не толькі ў беларускай, але і ў агульнаславянскай і сусветнай культуры. У адным з артыкулаў ён пісаў, што маладая беларуская літаратура «не толькі нашаму народу, але і ўсясветнай культуры нясе яна свой дар».
У творчасці Максіма Багдановіча ёсць цыкл твораў “Песні”, у якім змешчаны верш “Скандынаўская”. У мастацкіх працах Наталлі Паваляевай, якія прадстаўлены на выставе “Курбітс па-беларуску, альбо Швецыя становіцца бліжэй”, увасоблены ўражаннi аўтара ад скандынаўскай культуры, асабліва ад Швецыi, з выкарыстаннем некаторых элементаў шведскага народнага мастацтва, то бок курбiтса. Мастацкія работы паказваюць, што яднае беларусаў са шведамі.
Што такое курбiтс? Слова “курбiтс” паходзiць ад лацінскага cucurbita i нямецкага Kürbis, што значыць “гарбуз”. Узор, якi складаецца з буйных кветак і лiсця, адсылае нас да бiблейскай фантастычнай раслiны з кнiгi прарока Iоны (у некаторых перакладах – напрыклад, у старашведскiм перакладзе Бiблii, гэтая раслiна фiгуруе менавiта як гарбуз), што з’яўляецца сiмвалам урадлiвасцi. Тэхнiка малявання традыцыйнага курбiтса даволi складаная. У сваіх мастацкіх працах Наталля Паваляева дэманструе ўласную iнтэрпрэтацыю гэтага дэкаратыўнага элемента, уключаючы яго ў кантэкст тых сюжэтаў, што нараджаюцца ў яе ўяўленнi.
Наталля Паваляева – мастачка, iлюстратарка, выкладчыца ангельскай лiтаратуры (БДУ), пiсьменнiца, перакладчыца. Наталля нарадзiлася ў Мiнску ў 1971 годзе. Падчас навучання ў сярэдняй школе наведвала мастацкую студыю пад кiраўнiцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Васiля Сумарава, а таксама курсы скульптуры і гiсторыi мастацтва.
Наталля актыўна супрацоўнiчае з беларускiмi выдавецтвамi ў якасцi iлюстратаркi i перакладчыцы з ангельскай i шведскай моў.
Мастацкiя працы Наталлi знаходзяцца ў прыватных калекцыях у ЗША, Францыi, Германii, Нарвегii, Італii, Фiнляндыi.
Выстава працуе з 14 мая ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а).
Звярніце ўвагу: у музеі зараз дзейнічае масачны рэжым.