Літаратуратэрапія ў час паляндры
Ці можа дапамагчы рэальны мінулы ці ўяны літаратурны досвед нам, сучасным, у разуменні і пражыцці новай паляндры — каронавірусу? Так, напрыклад, французы, італійцы, бельгійцы перачытваюць А. Камю: як толькі абвясцілі пра новы вірус, узняўся продаж эсэ А. Камю «Паляндра». А што могуць пачытаць беларусы?
Вядома, таксама французскага класіка. Заўсёды не позна вярнуцца да «Чарнобыльскай малітвы» С. Алексіевіч, хоць чытацтва заўсёды жадае простых алюзіяў на сучаснасць, а ў творы беларускі няма паралеляў з каронавірусам. Хаця нябачнасць ворага-віруса, які падкрадваецца неўпрыкмет і часцяком бездапаможнасць медыцыны, прагрэсу перад новай пошасцю можна параўнаць з падобным уздзеяннем радыяцыі. Цікавы досвед чалавецтва ў экстрэмальны час дзіўнай эпідэміі слепаты прапанаваў у 1995 годзе Ж. Сарамага ў «Эсэ аб слепаце».
Навуковая фантастыка, фэнтэзі яшчэ смялей ахопліваюць і ўяўляюць свет у час розных вірусаў накшталт паляндры: амерыканскія пісьменніца Колі Уіліс («Вялікая кніга») і пісьменнік Роберт Сільверберг («Дзверы сусветаў»), а таксама ўэльскі ды брытанскі пісьменнік Кен Фолет («Бясконцы свет») прапануюць вусцішыя сітуацыі сутыкнення чалавецтва з паляндрай. Але гэта не толькі жуда і вынішчэнне чалавецтва, пісьменнікі пакідаюць надзею, застаюцца ацалелыя, імунізаваныя, якія прапануюць розныя стратэгіі і сродкі, каб перамагчы хваробу. А таму і чытанка, можа і не з вясёлых у час каронавірусу, але ў фінале цалкам апраўданая і жыццясцвярджальная.
Але не толькі сучаснікі цікавяцца сітуацыяй сутыкнення з пошасцю — так дзвесьці і сто год таму пісьменьнікаў ужо турбавала будучыня Зямлі і новыя сутыкненні з паляндрай. Варта прыгадаць ангельскую клясікіню літаратуры Мэры Шэлі з ейным апакаліптычным раманам «Апошні чалавек» (1826) і амерыканскага класіка, вядомага і папулярнага ў Беларусі — Джэка Лондана з постгістарычным раманам «Пунцовая паляндра» (1912).У недаацэненым і актуалізаваным з спазненнем, хіба ў сярэдзіне 20 ст. рамане Мэры Шэлі вабіць перадусім аспект вусцішнай філасофскай казкі, гісторыі пра свет, які завершыцца ў 2100 і стане годам апошняга чалавека. Паляндра з глыбіні часу вяртаецца і кладзе канец адвечным спрэчкам і войнам людзей. Але паляндра, як і любая іншая пошасць, не вынішчае цалкам віды, а толькі паляндруе і страшэнна мінімізуе асабліва чалавечы від. У філасофскай казцы чытаецца таксама экалагічнае тлумачэнне пошасці і бачыцца песімістычны і нават нігілісцкі след першых ангельскіх рамантыкаў наогул. Мажліва, гэта не найлепшы твор пісьменніцы, аднак у ім спазнаецца эрудыцыя і рэальная заклапочанасць будучыняй.
Куды больш аптымістычным, хоць і вельмі вусцішным у апісанні мору людзей з'яўляецца Лонданава «Пунцовая паляндра». Сто год таму аўтар уявіў, што ў 2013 годзе пунцовая паляндра вынішчыць амаль усю планету, амаль усе 8 мільярдаў людзей загінуць містычным і крывавым чынам. Адныя ацалелыя — імунізаваныя — пачнуць нанава ствараць чалавецтва, забыўшы і згубіўшы мінулы досвед, паўтараючы ўсё тыя ж памылкі і слабіны, звязаныя з сквапнасцю, гвалтоўнасцю, жаданнем улады і падпарадкавання, і ігнараваннем простых сацыяльных законаў салідарнасці і падтрымкі. Галоўны герой, адзін з ацалелых зямлянаў, не аднойчы паўтарае наколькі крохкае жыццё і толькі паляндра дазволіла зразумець гэта канчаткова: «Дзесяць тысячаў год культуры і цывілізацыі зніклі вокамгненна як шума…»
Узгаданы вышэй А. Камю, няма сумневу, бліжэй за ўсіх, а яшчэ рэалістычней падышоў да філасофска-мастацкага трактавання тэмы паляндры. Гэтая пошасць страшная для Камю не толькі фізічнымі наступствамі, але псіхалагічнымі, сімвалічнымі, ідэалагічнымі. Дарэчы, аўтар апісвае вядомы нам і цяпер у час каронавірусу як масавы псіхоз пэўнай часткі людзей, які праяўляецца ў скупліванні ўсіх крупаў, кансерваў ці паперы да прыбіральні, так і геройства лекараў, валанцёраў, навукоўцаў, якія спрабуюць выратаваць жыцці, працуюць, кантактуюць з інфекаванымі. Гэта дваістасць сітуацыі штурхае сказаць яго: «У самы мор разумееш адно: у чалавеку больш захапляльнага, чымся брыдаснага». Яшчэ большая актуальнасць тэксту А. Камю палягае ў тым, што вучыць нас перамагаць страх, мітрэнгу і перагледзіць стаўленне да жыцця, а таксама часам свае эгаісцкія і індывідуалісцкія завядзёнкі і практыкі, якія якраз і раз’ядноўваюць нас, робячы лёгкай здабычай любой пошасці.
Такім парадкам, пакуль навука, медыцына выпрацоўвае імунную сываратку ці іншы сродак ад каронавірусу, літаратура, як велізарнае сховішча рэцэптаў ад усякай пошасці, назапашаных рознымі культурамі і мовамі, якія да ўсяго сутыкаліся з паляндрай у мінулым і выпрацавалі пэўны імунітэт, у тым ліку на ўзроўні сімвалічным, слоўным, таксама можа быць карыснай. Бо і яна мае гэты дзіўны рэсурс дапамагаць псіхалагічна, не кідацца ў роспач, штурхаць нас на развагі, вынаходніцтва і спраўляцца з чарговымі эпідэміяй і стрэсам.