Мінкультуры супраць РПЦ

Міністэрства культуры просіць Генпракуратуру распачаць крымінальную справу ў сувязі са зменамі аўтэнтычнага выгляду помніка архітэктуры барока XVII стагоддзя — будынка былога Благавешчанскага касцёла пры кляштары дамініканцаў, які знаходзіцца ва ўласнасці праваслаўнага прыходу храма Уваскрэсення Хрыста ў Клецку (Мінская вобласць).

Пра гэта гаворыцца ў лісце намесніка міністра культуры Віктара Кураша старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антону Астаповічу.

Міністэрства культуры просіць Генпракуратуру распачаць крымінальную справу ў сувязі са зменамі аўтэнтычнага выгляду помніка архітэктуры барока XVII стагоддзя — будынка былога Благавешчанскага касцёла пры кляштары дамініканцаў, які знаходзіцца ва ўласнасці праваслаўнага прыходу храма Уваскрэсення Хрыста ў Клецку (Мінская вобласць).
Пра гэта гаворыцца ў лісце намесніка міністра культуры Віктара Кураша старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антону Астаповічу.
Намеснік міністра паведамляе, што пракурор Клецкага раёна адмяніў пастанову Клецкага РАУС аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да парушальнікаў заканадаўства пры перабудове помніка і накіраваў матэрыялы ў Клецкі РАУС для дадатковай праверкі.
Як адзначаецца ў лісце, на сакавік 2011 года Мінкультуры запланавала праверку выканання заканадаўства па ахове спадчыны з боку РКУП «Клецкая ЖКГ».
19 лістапада Астаповіч звярнуўся да міністра культуры Паўла Латушкі з просьбай правесці ў Клецкім раёне праверку выканання заканадаўства ў сферы аховы спадчыны.
У лісце да міністра Астаповіч паведамляў, што па ініцыятыве настаяцеля храма Уваскрэсення Хрыста ўсталяваныя купалы-цыбуліны на будынку Благавешчанскага касцёла.
Паколькі будынак касцёла з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю міжнароднага значэння, любыя несанкцыянаваныя працы, якія прывялі да змены аўтэнтычнага выгляду помніка, парушаюць шэраг артыкулаў закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», а таксама іншыя нарматыўна-прававыя акты краіны, гаварылася ў лісце.
Яго аўтар паведамляў, што яшчэ восенню 2008 года прыход храма Уваскрэсення Хрыста і Клецкі райвыканкам неаднаразова папярэджваліся з боку таварыства, Мінаблвыканкама і Міністэрства культуры пра недапушчальнасць правядзення несанкцыянаваных прац. Нягледзячы на ўсе пісьмовыя папярэджанні і рашэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры ад 26 лістапада 2008 года, «адбыліся навукова неабгрунтаваныя змены вонкавага выгляду помніка пры бяздзейнасці і нават маўклівай падтрымцы адказных супрацоўнікаў Клецкага райвыканкама», падкрэслівалася ў лісце.
У той час, як Мінкульт бароніць адну гістарычную спадчыну, іншую ён гатовы кінуць у ахвяру.
Разгледзеўшы зварот праціўнікаў будаўніцтва офіснага будынка ў гістарычным цэнтры Магілёва, міністэрства ў асобе намесніка міністра Віктара Кураша прыйшло да высновы аб магчымасці ўзвядзення такой пабудовы.
У раёне перасячэння вуліц Першамайскай і Лазарэнкі абласнога цэнтра холдынг «Сервалюкс» — недзяржаўны трэйдар і вытворца сельгаспрадукцыі — плануе ўзвесці офісны будынак. Аднак прыхільнікі аднаўлення і захавання гістарычнай спадчыны Магілёва мяркуюць, што на гэтым месцы неабходна рэканструяваць будынак езуіцкага касцёла Святога Ксаверыя, фундамент якога захаваўся.
У канцы лістапада магілёўскае аддзяленне грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) накіравала пісьмовы запыт у Міністэрства культуры з просьбай перагледзець прынятае рашэнне аб дазволе на правядзенне навукова-даследчых і праектных работ «Сервалюксам».
Згодна з адказам з Мінкульта, зараз немагчыма аднавіць архітэктурны ансамбль езуіцкага касцёла на месцы яго былога знаходжання.
У міністэрстве зазначаюць, што, згодна з законам аб захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, неабходна ўзгадняць навукова-праектную дакументацыю на выкананне работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях. «Замоўца работ на будаўніцтва адміністрацыйнага будынка падчас грамадскага абмеркавання забудовы гістарычнага цэнтра Магілёва пацвердзіў сваю зацікаўленасць у безумоўным выкананні заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», — згадваецца ў лісце.
Старшыня магілёўскай арганізацыі ТБМ Алег Дзячкоў заявіў БелаПАН, што яго «вельмі здзіўляе» такі адказ Мінкультуры. Паводле яго слоў, ТБМ і далей будзе адстойваць сваю пазіцыю аб мэтазгоднасці аднаўлення будынка касцёла.