МІНСК ВАРТЫ BUCHMESSE (уводзіны ў параўнальную букіністыку)
Паводле беларускіх інфармацыйных агенцтваў, 11–15 лютага ў Мінск зноў прыехала Кніга. У Нацыянальным выставачным цэнтры БелЭКСПА адбылася XVI Міжнародная кніжная выстава-кірмаш «Кніга Беларусі–2009». Але, паводле адчуванняў шараговага чытача, Кніга ў Беларусь так і не даехала. І толькі самыя спрытныя бібліяфілы былі ў курсе: Кніга пераехала Беларусь. Вашай увазе прапануюцца нататкі чытачкі, якая пабывала не толькі на кніжнымі кірмашы ў Мінску, але і на Балтыйскім кніжным кірмашы–2009, які адбываўся паралельна з мінскім — 12–15 лютага ў віленскім LITEXPO.
Паводле беларускіх інфармацыйных агенцтваў, 11–15 лютага ў Мінск зноў прыехала Кніга. У Нацыянальным выставачным цэнтры БелЭКСПА адбылася XVI Міжнародная кніжная выстава-кірмаш «Кніга Беларусі–2009». Але, паводле адчуванняў шараговага чытача, Кніга ў Беларусь так і не даехала. І толькі самыя спрытныя бібліяфілы былі ў курсе: Кніга пераехала Беларусь. Вашай увазе прапануюцца нататкі чытачкі, якая пабывала не толькі на кніжнымі кірмашы ў Мінску, але і на Балтыйскім кніжным кірмашы–2009, які адбываўся паралельна з мінскім — 12–15 лютага ў віленскім LITEXPO.
(НА ФОТА: Шараговыя наведнікі Мінскага і ўдзельнікі Віленскага кірмаша Андрэй Хадановіч і Ўладзімір Арлоў на фоне стэнду "Друкаваныя выданні Рэспублікі Беларусь" Вільня, LITEXPO). Арфаграфія афармляльнікаўстэнда захаваная.)
«Планетарный миф»
Кірмаш — гэта свята. Так павялося здавён. У Менску — дык прыкладна з 1499 года, калі паводле Магдэбургскага права горад атрымаў прывілей ладзіць кірмашы. Кніжны кірмаш —
гэта, адпаведна, свята кнігі. Першыя кніжныя кірмашы пачалі ладзіцца ў нямецкім Франкфурце-на-Майне яшчэ ў XVI стагоддзі — акурат тады, калі ў Еўропе засвоілі тэхнічныя вынаходніцтвы
Гутэнберга ды Скарыны. Франкфурцкі кніжны кірмаш і сёння лічыцца найбуйнейшым у свеце. Пачынаючы з 1990-х кніжныя кірмашы — добрая традыцыя фактычна ўсіх еўрапейскіх краін, дзе назіраецца
хоць якое кнігавыдавецтва. У тым ліку і Беларусь ужо каторы раз не праходзіць міма еўрапейскіх традыцый духоўна-матэрыяльнай культуры. Выставачны цэнтр «БелЭКСПА», які сімвалічна
размясціўся наўпоблізь скрыжавання мінскіх вуліц Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, зноў разнасцежыў дзверы насустрач ахвочым складваць у словы літары.
Але, як ні спрабавала я перад паходам «у кнігі» настроіць сябе пазітыўна, адчування свята пасля наведвання мінскага кірмашу ў мяне так і не з’явілася. Наадварот —
вынесла з «парніка» былога ВДНХ адчуванне лёгкай дэпрэсіі. Якая, з аднаго боку, вылекавалася, а з іншага — толькі павялічылася з паездкай на адпаведны кірмаш у Вільні. На
памяць прыходзілі і мае штовераснёўскія ваяжы на Форум выдаўцоў у Львове і чытаныя агляды «Фракфуртэр бухмесэ–2008». Ой, правільна той казаў: меней ведаеш — лепей
спіш.
«Лезвие осознания»
Кірмаш — гэта абмен. Таварамі, досведам, пазітывам. Міжнародны кірмаш — гэта абмен усім пералічаным паміж прадстаўнікамі розных народаў. Ведаючы гэта, арганізатары мінскага кніжнага
кірмашу запрасілі да ўдзелу кнігавыдавецтвы з 25 краінаў. Ганаровай госцяй выставы «Кнігі Беларусі–2009» стала Рэспубліка Казахстан.
Рытуальныя дзеянні па ўшанаванні ганаровай госці адбыліся падчас закрыцця і адкрыцця выставаў. Рэшту часу пужаная і стомленая казахская дзяўчына самотна ахоўвала чатыры метры айчыннага
стэнду і ў адказ на ўсе пытанні прасоўвала наведнікам прайс-ліст выдавецтва «Алматыкітап баспасы», дзе ўсе кошты былі пазначаныя ў тэнге. Стэнды ЗША, Нямеччыны, Швецыі, Паўднёвай
Карэі, Венесуэлы, Арменіі ды іншых краін, большасць з якіх былі постсавецкія ці сацыялістычныя, стваралі трывалае ўражанне зусім не прафесійнага абмену, а жэсту добрай волі з боку пасольстваў пэўных
дзяржаў.
Кнігі размяркоўваліся па стэндах не па камерцыйным прынцыпе (хто выдаў, той і прадае) — а па ідэйна-тэматычным, таму кнігі Уладзіміра Арлова можна было пабачыць на стэндах Польшчы і
Славеніі, а шведы прэзентавалі свае галоўныя дасягненні ў галіне сяброўства з Беларуссю: «Карлсана-з-Даху» і «Піпі Даўгуюпанчоху». Мелі поўнае права, вядома ж
— але даверу да прафесійнасці мерапрыемства гэта не дадавала. Большасць з выстаўленых кніг памацаць так і не давялося.
Усё, прывезенае дэлегацыямі, экспанавалася ў дэма-рэжыме, напрыканцы кнігі пампезна перадаваліся ў падарунак бібліятэкам і універсітэтам — а некаторыя стэнды «разгрузілі» ў
самы разгар падзеяў. Некалькі атласаў, крыху шыкоўна выдадзеных дзіцячых кніжак, пара-тройка тамоў класікі роднай літаратуры, слоўнікі — вось стандартны асартымент замежнага прадстаўніцтва.
Маё пытанне на стэндзе Украіны, чаму ўкраінскіх выдаўцоў не цікавіць Беларусь, мела кароткі адказ: «Дорага». Прывозіць да нас кнігі нерэнтабельна — бо
«крызіс», на які апошнім часам самыя розныя прадпрымальнікі вешаюць усё, як мафіёзі на мёртвага падзельніка. Насамрэч жа мінчукам не пашанцавала па іншай прычыне —
прэзентабельны стэнд Форуму выдаўцоў у Львове, які актыўна рэкламаваў сябе ў суседзяў, сёлета стаяў у Вільні...
«Спецназ России»
Кірмаш — гэта сустрэчы. Кніжны кірмаш — гэта сустрэчы з кнігай і тымі, хто іх піша. У праграме было заяўлена 120 мерапрыемстваў, але збольшага гэта былі вузкапрафесійныя
прэзентацыі. Як ні мусіруецца ў СМІ статыстыка, паводле якой у сённяшняй Беларусі практычна не чытаюць мастацкай літаратуры, натоўпы перад стэндамі сігналізавалі: галоўную ўвагу прыцягвалі зусім не
падручнікі, слоўнікі ды ілюстраваныя энцыклапедыі па краіназнаўстве, а менавіта творы літаратараў і іх выступы. Так, літаратары прыходзілі і выступалі. Але такіх акцый было катастрафічна мала!
Стыхійныя аўтограф-сесіі: «Я тут, я аўтар, вы купіце маю кнігу, а я вам падпішу!» — на маю думку, у лік культурных мерапрыемстваў уключаць не выпадае.
Найбуйнейшым на кірмашы «Кнігі Беларусі–2009» было, зразумела, прадстаўніцтва Расійскай Федэрацыі — пад гэтай шыльдай сталыя наведнікі мінскіх кнігарняў і развалаў
маглі ў чарговы раз пабачыць расійскія «навінкі», якія гарталі цягам усяго мінулага года. Да таго ж, далёка не ўсе «навінкі». Але было і адваротнае.
Прыемна ўразілі стэнды выдавецтваў РГГУ (Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага універсітэта), чые выданні па філалогіі і культуралогіі сапраўды сталіся унікальным шанцам для спецыялістаў папоўніць
хатнюю бібліятэку — і «Время», якое прывезла збор твораў Васіля Быкава на беларускай мове і перавыданне папулярных кніг Святланы Алексіевіч. У астатнім…
Падзагалоўкі для гэтага агляду — узятыя мной жыўцом назвы некаторых адзінак расійскай кніжнай прадукцыі, якія, па словах прадаўцоў, на мінскім кірмашы карысталіся «шалёнай
папулярнасцю».
Для параўнання. На мінскім і віленскім кірмашы сёлета можна было пагартаць шыкоўныя альбомы любімага і паважанага мной нямецкага выдавецтва «Taschen», якое спецыялізуецца на
выданнях па сучасным мастацтве ў самым шырокім разуменні слова: фатаграфія, медыі, кіно, арт-рэклама… Але некалькі не надта новых «ташэнаўскіх» альбомаў у Мінску былі адно
выставачнымі асобнікамі. У Вільні ж выдавецтва «Taschen» мела асобны стэнд, дзе аматары мастацтва мелі магчымасць набыць ці замовіць апошнія навінкі аднаго з флагманаў еўрапейскай
візуальнай кнігі. Мінчукі, якія праявілі цікавасць да «Taschen», ласкава запрашаліся ў бібліятэку Гётэ-інстытута. Ці ў кнігарні Берліна.
«Исконный триглав»
Кірмаш — гэта атракцыёны. Пра гэта выдатна ведаюць удзельнікі любых іншых прафесійных выставаў. Стэнды замаўляюць прафесійным дызайнерам, супрацоўнікі падыходзяць да іх афармлення з душой і
выдумкай, ствараючы камфортную атмасферу для калег і наведнікаў, прыдумваючы перформансы, гульні, смешныя рэкламныя акцыі. І калі на Львоўскім форуме выдаўцоў, традыцыйна бітма забітым кнігамі,
творчай думцы проста няма дзе разгарнуцца — сотні літаратурных акцый размяркоўваецца па ўсім горадзе, то віленскі павільён LITEXPO прадстаўляе вельмі шырокія плошчы сваім удзельнікам.
14 лютага на адным стэндзе дзіцячай літаратуры малеча размалёўвала расфарбоўкі і стварала сваю кнігу, на другім — падлеткі ўпрыгожвалі стойку рознакаляровымі
«валянцінкамі», на стэндзе японскай літаратуры складвалі журавікаў… Жывыя кветкі на сталах сярод кніг былі чымсьці, што само сабой меркавалася. Ні на хвіліну не пуставалі
канферэнц-холы, дзе нон-стоп адбываліся літаратурныя выступы і прэзентацыі аўтараў Літвы і запрошаных госцей замежжа.
Густоўным і разнастайным быў і сам падыход да экспанавання кніг. Да паліц можна было спакойна падыходзіць і гартаць — логіка супермаркету, а не вясковай крамы прамтавараў, як тое назіралася
на большасці стэндаў у Мінску. Выдаўцы нібы барыкадаваліся сталамі ад наведнікаў. Самым арыгінальным па афармленні стаў стэнд выдавецтва МНС, якое адзела мужчынскі манекен у дарэвалюцыйны касцюм
пажарнага. У астатнім адзіным, за што можна было зачапіцца воку ці фотаапарату, стаў сцяг Саюзу Пісьменнікаў Беларусі: як выявілася, ён вельмі нагадвае зялёны штандар Алаха.
Усё вышэйпералічанае было хаця б «у тэму». Бо некаторыя сегменты кніжнага рынку, што раскінуўся перад наведнікамі, проста дыскрэдытавалі беларускі кнігадрук як з’яву.
Замілоўвалі стэнд «Белхудожпромыслы», які гандляваў ільняной вопраткай і ручнікамі, стэнд «Алтайскі мёд», які гандляваў алтайскім мёдам, і безыменны
прадпрымальнік, які прадаваў ваўняныя шкарпэткі. Гэта не кажучы пра латкі з канцтаварамі, біжутэрыяй, індыйскімі пахошчамі... І снэк-бар у неапетытнай блізкасці да папяровай прадукцыі. Некніжнай
прадукцыяй была занятая амаль траціна экспазіцыйнай плошчы.
«Амур и Атлантида»
Кірмаш — гэта рынак. Тут заможны селянін можа апынуцца ў мінусе, а яго бедны сусед нагандляваць на сваю першую карову. Галоўнае — гнуткая сістэма платы за месца пад воз і роўнае
стаўленне да ўсіх, хто прывёз жыта. Сістэма мінскага кірмашу была не рыначнай, а хутчэй камандна-адміністратыўнай.
Так, сярод удзельнікаў не было заўважана самых выбітных прыватных выдаўцоў краіны: «Логвінаў», «Галіяфы», «Лімарывюс» і шэрагу іншых. Менавіта
яны выпусцілі большасць кніг, якія значыліся за 2008 год у рэйтынгу «Нашай нівы» як найлепшыя беларускія выданні года. Любому незалежнаму літаратару вядома: маючы на мэце выдаць
кнігу, айчынны аўтар звяртаецца адразу да іх. Так што словы афіцыйных прэс-рэлізаў пра «сустрэчу патэнцыйных аўтараў з выдаўцамі», у дачыненні «Кніг
Беларусі–2009» былі бездапаможнай калькай з канцэпцый іншых міжнародных выстаў. Такія сустрэчы на мінскім кірмашы былі малаверагодныя.
Прычыны няўдзелу прыватных прадпрымальнікаў былі заканамерныя. Ігару Логвінаву, па яго словах, проста надакучыла дачыняцца з дзяржаўным манапалістам, які то заключае з ім кантракт, то забараняе
распаўсюд яго кніг праз кнігарні. Мяркую, калі б ён здарыўся на мінскай выставе як шараговы наведнік, наўрад ці б ён вынес з сабой жоўты шарык з надпісам «Я люблю
«Белкнігу».
«Галіяф» Міхал Башура паведаміў, што на дарагую арэнду месца на кірмашы (дзень — каля 100 еўра за «латок») у яго маладога бізнесу папросту не было грошай.
Прыватны выдавец Віктар Хурсік, які адважыўся на ўдзел у выставе ўсяго з парай кніжных пазіцый у прайсе, спрабаваў кампенсаваць памер арэнды проста нечалавечым коштам культавай сярод аматараў
беларушчыны кнігі Сергіюша Пясэцкага «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» ў беларускім перакладзе. «27 тысячаў? Ды тут сабекошт не больш за восем! — прафесійна гарталі
Пясэцкага тыя самыя «патэнцыйныя аўтары». — Вы што, звар’яцелі?» — «Хочаш чытаць — купляй!» — быў годны і
катэгарычны адказ.
«Перерождение»
Вось жа, «Кніга Беларусі–2009» здалося мне мерапрыемствам шмат у чым паказушным, якое, нібы тая карціна з мульціка, проста «дзірку ў сцяне закрывае».
мінскі кніжны кірмаш, вонкава з’яўляючыся адпаведнікам падобных мерапрыемстваў у іншых краінах, на жаль, не выконвае асноўных функцый, якія мусіць выконваць міжнародная прафесійная выстава,
і ў цэлым адлюстроўвае катастрафічнае становішча з кнігай у Беларусі. Галоўным чынам, ён дэманструе: кніга Беларусі — гэта далёка не тое ж, што беларуская кніга. Калі ж сучасныя друкары і
чыноўнікі ад кнігі мараць «адпавядаць», варта істотна мадэрнізаваць як прынцыпы айчыннага кнігадруку, так і саму ідэю мінскіх «святаў кнігі».
На фоне таго, што ў Франкфурце ў 2008 годзе працэнтаў 30 прадстаўленай кніжнай прадукцыі было не на папяровых, а на мультымедыйных носьбітах, у Львове ў верасні 2008 года ў кніжных чытаннях узяло
ўдзел 150 пісьменнікаў з 15 краінаў, а ў маленькай Літве, каб пазбегнуць кіламетровых чэргаў перад выставай, білеты прадавалі ў цэнтральных касах гораду, — рэч зусім не ў жывых кветках на
выставачным стэндзе, хоць, «па прыколе», варта пачаць хаця б з гэтага.
ПА АБОДВА БАКІ ПРЫЛАЎКА
«Гэта нармальная выстава»
Спадар Уладзіслаў Сімяонаў, выдавец, дырэктар Міжнароднага кніжнага кірмашу ў Сафіі, дзяжурны па стэндзе «Кніга Балгарыі» ў БелЭКСПА, так адгукнуўся пра беларускі кірмаш:
— Я па сабе ведаю, якая гэта пякельная праца — арганізаваць мерапрыемства падобнага ўзроўню. Гэта — нармальная выстава. Нас, балгар, вельмі зычліва сустрэлі ў Мінску. Адбываецца супраца, адбываюцца знаёмствы. Кніг мы, на жаль, не прадаем, але многія чытачы выказалі шчырую цікавасць да дзіцячай, шыкоўна ілюстраванай кнігі «Калі дзядуля Бог па зямлі хадзіў» — дарэчы, другі прыз кірмашу ў Сафіі. Пасля заканчэння выставы мы падорым усе прывезеныя выданні Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Белдзяржуніверсітэту.
«Бракавала жывых аўтараў»
Мінчук Сяргей Казлоў — малады спецыяліст па ўзросце і праграміст па спецыяльнасці. Каму, як не яму, быць спажыўцом тых самых тэхнічных даведнікаў, попыт на якія зашкальвае ў беларускіх кнігарнях? Але ў яго асобе я пабачыла аматара мастацкай сучаснай прозы. Ён прачытвае каля 50 кніжак у год. Я пагутарыла з ім, калі падчас абедзеннага перапынку выправіўся на кірмаш за чарговай «спажывай»:
— Якія кнігі ты набыў на кірмашы?
— Ніякіх. Ні выбар, ні цэны не адрозніваюцца ад выбару і цэн, што прапануюць прадаўцы пастаяннага павільёна БелЭКСПА «Мир книг». Але зацікавілі перавыданні Святланы Алексіевіч, планую вярнуцца па іх на выходных.
— Якія кнігі ты шукаў і не знайшоў на стэндах?
— Шукаў «Аномалию Камлаева» Сяргея Самсонава, якую піярыў маскоўскі часопіс «Афиша».
— Якое ўражанне зрабіла на цябе выстава?
— Адмоўнае: стэнды са сшыткамі, рушнікамі, калькулятарамі — зусім не тое, што збіраешся пабачыць на МІЖНАРОДНЫМ кірмашы. Расчаравала Украіна. Спадзяваўся пабачыць сучукрліт. Украінскі стэнд без Андруховіча і Жадана — гэта не ўкраінскі стэнд.
— А што б ты хацеў пабачыць на міжнародным кірмашы?
— Паболей аўтараў. У сэнсе, жывых асоб, каб можна было задаць пытанні, падпісаць кніжку. І хаця б пару аўтараў з суседніх краін.
— Але выступаў народны пісьменнік Казахстана...
— Народны пісьменнік Казахстана — гэта добра, але я б хацеў пабачыць тых пісьменнікаў, якіх я магу прачытаць на мове арыгінала. Палякаў Паўла Гюле ці Анджэя Стасюка, ці ўкраінца Юрыя Андруховіча. З беларускіх бракавала выступу Андрэя Хадановіча, прэзентацыі кніг «Чалавек, які скраў сцяну плачу» і «Сцяны» Васіля Быкава з серыі «Кнігарня «Наша ніва». А гэтых кніг нават у продажы не было!
Топ–5 удзельнікаў МВК «Кнігі Беларусі–2009», паводле версіі аўтаркі
1. Выдавецтва «Про Хрысто» (Мінск, Беларусь). За прадстаўнічы стэнд, які адлюстраваў сумленную, руплівую працу ў сваёй галіне культуры і кнігадруку.
2. Выдавецтва Kolegium Europy Wschodniej (Вроцлаў, Польшча). За тое, што змаглі атрымаць візы і даехаць да Мінска нечаканым сюрпрызам. У папярэднія гады KEW актыўна выдаваў творы беларускай літаратуры як па-польску, так і білінгвальна.
3. Выдавецтва «Время» (Масква, Расія). За Васіля Быкава і Святлану Алексіевіч.
4. Прыватны выдавец Віктар Хурсік. За каханне да Вялікай Мядзведзіцы.
5. Ветэран Міхаіл Бакуменка, што экспанаваў на выставе цяжкія фаліянты па вайсковай гісторыі, якія ўласнаручна пісаў, ілюстраваў, друкаваў і пераплятаў цягам апошніх 30 год. За тое, што літаральна ўспрыняў заклік СМІ скарыстацца кніжным кірмашом як «месцам знаёмства выдаўца з аўтарам».
Набыткі аўтаркі:
1. Аксана Спрынчан. «ЖываЯ». Мн.: «Мастацкая літаратура», 2008.
2. Часопіс «Наша вера» (Про Хрысто). №№1–4, 2008.
3. Паштоўка ИКК «Линия Сталина» са стылізаваным штэмпелем «Просмотрено военной цензурой», 4 шт.
4. Алтайскі мёд, 100 гр.
ВІЛЬНЯ-МЕНСК: ПАРАЎНАЛЬНАЯ ФОТАСПРАВАЗДАЧА З ДВУХ КІРМАШОЎ
Вельмі цяжка падаць поўную карціну двух мерапрыемтваў, якія адбываліся абсалютна паралельна. Таму прапаную вашай увазе свой суб’ектыўны аматарскі “параўнальны фотарэпартаж, які, спадзяюся, дасць агульнае ўяўленне пра атмасферу падзеяў. Здымкі ў Мінску былі зробленыя 13-га, у Вільні – 14 лютага.
У гушчы выставы. Мінск
У гушчы выставы. Вільня
Дзеці – “ганаровыя госці кірмаша ў Вільні:
Мінск. Дзіцячыя кнігі стаяць у 3 разы вышэй за дзіцячы рост:
Казахстан – ганаровы госць кірмашу “Кнігі Беларусі-2009:
На стэндзе японскай кнігі ў Вільні складвалі жураўчыкаў:
Франкфурцкі кніжны кірмаш у гасцях у Балтыйскай кнігі:
Стэнд Саюзу пісьменнікаў Беларусі – ядро духоўнага жыцця Мінскай выставы:
Вайсковая кніга. Вільня:
Вайсковая кніга. Мінск:
Элементы выставачнага дызайну. Віленская авечка:
Элементы выставачнага дызайну Мінскі пажарны: