Мабільны танцпол: што і навошта?
Сёння, 29 красавіка, адзначаецца Міжнародны дзень танца. А на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака» ідзе збор сродкаў на народны мабільны танцпол. Што гэта і навошта?
Што да чаго?
Супольнасць аматараў народных танцаў Беларусі ўвесь час пашыраецца. Па нядзелях танчаць у мінскай кавярні «Грай» (пачатак а 19.00, уваход вольны), а як пацяплее, вечарыны пераедуць у Музычны завулак. Рэгулярна праходзяць танцы ў Магілёве, Бабруйску, Гомелі, Маладзечне, Барысаве, Любані, Смаргоні, у цёплы сезон — у Гродна, час ад часу — у Баранавічах і Клічаве. (Расклад дасяжны тут. ) Усе вечарыны адбываюцца ці ў памяшканнях, ці на асфальце. Але патрэбы танцораў пашыраюцца: супольнасць хоча зрабіць мабільны народны танцпол!
Мабільны танцпол — нешта кшталту перасоўнай драўлянай пляцоўкі, якую можна скласці і на беразе ракі, і ў лесе, і на любой сядзібе. Гэта істотна, бо пыл, бруд, няроўнасці глебы часам робяць танцы ў прыродных умовах даволі праблематычнымі — калі ўвогуле магчымымі.
Кіраўніца праекта Вольга Трубач тлумачыць: «У танцы істотна адбіваць рытм, чуць сябе. А ў траве ці брудзе, на няроўнай паверхні гэта складана. Мы хочам пашырыць геаграфію танцаў на розныя рамантычныя мясціны, вёскі, аграсядзібы. Збор танцпола будзе займаць прыкладна адзін дзень. Яго аснову складуць паддоны і дошкі. Канструкцыя, распрацаваная кавалём з вёскі Дудзінка з-пад Барысава Алесем Панцяем. Удзельніца праектнай каманды Ганна Клімашэўская распрацавала макет мабільнага танцпола, які дазваляе кампенсаваць няроўнасць глебы. Іншая ўдзельніца каманды, Наталля Голава, распавядала, як танчыла на разборных танцполах падчас фестываляў у Польшчы».
Каб не ламалі ногі…
Ідэю мабільнага танцпола высока ацаніў рэжысёр і прадзюсар, танцор з амаль 20-гадовым стажам Аляксей Бурнасенка. «Вельмі прыемна, што ў беларускім этнаграфічным руху ёсць шанец на з’яўленне такой сцэны. З аднаго боку, я — аматар большай аўтэнтычнасці: калі я пачынаў выкладаць, прызвычаіўся да травы ды зялёных лужкоў. Калісьці мы стваралі танцавальны тэатр «Яварына» і дапамагалі як Go-Go падтрымка гурту «Стары Ольса» — і выкладалі на траве ці зямлі. Вельмі добра памятаю, якой колькасцю расцяжэнняў сухажылляў, якімі траўмамі заканчваецца любая ямка на танцпляцоўцы. А калі танцкласы працягваюцца больш за два дні, пляцоўка ператвараецца ў пыл ці бруд, у залежнасці ад надвор’я», — кажа танцор.
«За апошнія амаль 20 гадоў я наглядзеўся на аўтэнтычныя імпрэзы і фестывалі ў Еўропе і ЗША. І нават на малюткім хутары Броды, на поўначы Польшчы, для танцаў у тры пары пабудавана драўляная сцэна. Таму я ўпэўнены ў карысці гэтага праекта. Для мяне пакуль пытанне, як будзе размяркоўвацца гэты рэсурс — як, напрыклад, невялічкая Барысаўская суполка зможа замовіць і атрымаць гэтую сцэну для сваіх танцкласаў. Але я спадзяюся на шчырасць і сумленнасць каманды праекта. І яшчэ спадзяюся, што дзякуючы гэтаму праекту этнаграфічнае жыццё Беларусі выйдзе на новы ўзровень», — адзначае Бурнасенка.
Калі збор грошай пойдзе па плане, народны танцпол будзе дзейнічаць у 2018–2019 гадах як мінімум на трох танцавальных івентах. Гэта танцавальны летнік «Жнівеньскія пратанцоўкі ў Любках» (Вілейскі раён, жнівень); свята «Багач» у Вязынцы (Маладзечанскі раён, верасень); свята «Гуканне вясны» ў Вязынцы (Маладзечанскі раён, сакавік).
Уражаннямі ад свята «Багач» падзялілася Ганна Клімашэўская: «Багач мне запомніўся як цёплая сустрэча з сябрамі, вясёлыя танцы, забавы, душэўны спеў. На прыродзе ўсё атрымліваецца гарманічна, само сабой, у сваё задавальненне». Такая ж цёплая атмасфера пануе, бадай, на ўсіх імпрэзах, што ўлучаюць танцавальную частку. Танцы здымаюць бар’еры між людзьмі нашмат лепш за гарэлку!»
Тэхналогія танцавальнай ініцыятывы
Арганізатары збору сродкаў, ініцыятыва «Свае танцы» (дзейнічае на базе Студэнцкага этнаграфічнага таварыства) могуць зладзіць дармовы танцавальны майстар-клас з жывой музыкай у любым населеным пункце Мінскай вобласці, калі будзе мясцовая ініцыятыва. Як распавядае Вольга Трубач, па-за буйнымі гарадамі людзі часта не хочуць наведваць імпрэзы, збольшага занятыя хатнімі справамі. А калі яны ўсё ж трапляюць на танцавальныя вечарыны, то тыя робяцца для іх сапраўдным адкрыццём.
Напрыклад, у Смаргонь ініцыятыва ехала «ў нікуды», не былі ўпэўненыя, што нехта прыйдзе. Але сабралася з два дзясяткі актыўных жанчын пенсійнага ўзросту. Яны распавядалі, як іх знаёмая наведвала падобныя вечарыны ў Рызе, але да таго вечару неяк і не думалі, што падобныя сустрэчы могуць адбывацца ў іх горадзе. У ідэале — мясцовыя падхопліваюць ініцыятыву, знаходзяцца музыкі, утвараецца супольнасць танцораў... І справа ідзе. Так адбылося ў Маладзечне (Этнаграфічны клуб «KOLA»), Барысаве (суполка «МызаТанцы»). На жаль, так атрымліваецца не ўсюды.
Чаму і навошта людзі ахвяруюць на мабільны танцпол
Антось Бельскі, першы спонсар праекта на «Талацэ», зазначае: «У Беларусі стала адбываюцца імпрэзы на вольным паветры. Зямля не заўсёды бывае прыдатнай для танцаў, гэта залежыць ад надвор’я. Мабільная пляцоўка дазволіць падстрахавацца ад такіх сюрпрызаў ды зробіць танцы на вольным паветры больш прывабнымі».
Настасся Духоўнікава падтрымала праект другой: «Захапляюся сярэднявечнымі, а найбольш — беларускімі танцамі, яны даюць радасць, энергію. Калі разважаць высока, то гэта частка нашай культуры, у якую я з цікавасцю і пачуццём гонару ўліваюся. Цудоўна, калі будзе мабільны танцпол, які можна пакласці на зямлю, замест таго, каб мясіць нагамі бруд. Цывілізавана і зручна для масавых танцавальных мерапрыемстваў на вольным паветры».
Праект «Народны танцпол» дапаможа прыцягнуць да танцавальнага руху больш людзей, падвысіць якасць імпрэзаў, што ўжо сталі традыцыйнымі, і паспрыяе развіццю новых праектаў. І хто яго ведае, як можа закруціцца народная танцпольная гісторыя?
Падтрымаць будаўніцтва народнага танцполу на Талацэ