Мастак Міхаіл Гулін: Даносы яшчэ не дасягнулі піку, мы яшчэ пяройдзем да 1937 года

Ужо год як вядомая мастацкая пара, Міхаіл Гулін і Антаніна Слабодчыкава, жыве ў Дрэздэне. Міхаіл вядомы мастацкімі акцыямі, Антаніна – той самай піктаграмай з выявамі сэрца, кулака і «вікторыі», што распаўсюдзілася ў 2020 годзе. 7 верасня ў Дрэздэне мастакі адкрылі сваю выставу «Кафэ Беларусь ІІ: Комплекс Касандры». «Белсат» распытаў Міхаіла Гуліна пра тое, пры чым тут Касандра, пра стан беларту ды пра песімістычныя прагнозы.

Фота "Белсата"

Фота "Белсата"

– Яшчэ ў Беларусі ты казаў, што табе складана ствараць, пакуль знаходзішся ў зоне турбулентнасці. Калі гэты стан прайшоў?

– Прайшоў са зменай жыццёвай лакацыі, як толькі мы з’ехалі, пачалася мастацкая стабілізацыя. Але задумы прывезеныя з Беларусі. Увосень 2020-га ў Берасці я зрабіў выставу з вельмі недвухсэнсоўным выказваннем пра сітуацыю ў краіне. Тады гэта яшчэ было магчыма, мы нават замаўлялі піцу на імя «Жыве Беларусь», каб пры выдачы абвяшчалі «Жыве Беларусь, вашая піца!». Я гэтую гісторыю тады пахаваў, але яна мяне не адпускала – і пасля ад’езду для яе знайшлася кропка прыкладання.

– Што да вашай выставы, то пры чым тут Касандра?

– Касандра – міфічная прарочыца, якую Апалон пакараў тым, што ейнаму прароцкаму дару ніхто не верыў. Для мяне гэта ідэальная метафара Беларусі 2020 года і працэсаў, якія тады адбываліся, – ад жаночага вобразу да галасоў, якім не вераць. Мы намагаліся данесці інфармацыю аб патэнцыйнай пагрозе. Цяпер разумееш, што ўсё пра яе казала, але не было ўбачана і пачута. «Касандра» была першай працай, якую мы прапанавалі для гэтага праекту: на драўляным плоце неонавы надпіс па-грэцку «Касандра» ружовага колеру, супрацьпастаўленне брутальнага гнілога дрэва і прыгожага неону. Гэта стала адпраўной кропкай, і мы з Тоняй пайшлі шляхам сучаснай міфалогіі і палітычных казак, якімі напоўнены свет, бо любая інфармацыя, якую мы сёння атрымліваем, нейкім бокам скажоная і міфалагізаваная.

Комплекс Касандры ўказвае таксама на псіхалагічны стан, нашая сяброўка сфармулявала яго як недавер да песімістычных прагнозаў, калі ты не чуеш людзей, якія прагназуюць песімістычныя варыянты развіцця падзеяў. Сёння ўжо гэтым песімізмам, напэўна, усё пранізана, бо мы досыць доўга ў дарозе.


Фота "Белсата"

Фота "Белсата"

– Як так атрымалася, што вы адкрылі выставу ў Японскім палацы Дрэздэна?

– Мы цяпер знаходзімся на стыпендыі, Японскі палац – бок, які нас прымае. Ён ёсць часткай дзяржаўных саксонскіх калекцый, гэта вялізны комплекс музеяў, сярод якіх вядомая Дрэздэнская карцінная галерэя ды «Альбэртынум» (кшталту музей сучаснага мастацтва).

– Ці сустракаліся вы пры падрыхтоўцы выставы з якімі-небудзь спецыфічнымі перашкодамі, уласцівымі нямецкай інфраструктуры?

– Паколькі гэта музей і рэальны палац, тут куча дырэктараў, дырэктараў над дырэктарамі, і ў гэтай глабальнай сістэмы ёсць яшчэ дырэктар. Пэўныя людзі ездзяць сюды на працу з Берліна, іх начальнікі – з Галандыі. Гэта фантастычныя сучасныя ўмовы, толькі працаўнікі палацу і ахова – мясцовыя. З той нагоды, што гэта палац, ён застаецца складанай структурай – дзесьці свідраваць нельга, дзесьці дрэва, дзесьці шкло. Я так разумею, тут прызвычаіліся мець справу з гатовымі выставамі – вось прынеслі чарцяжы, што трэба пабудаваць. Тады як крэатывіць з мастаком, выслухоўваць сумненні, прыдумляць – гэта не, скажыце, колькі адрэзаць, колькі паставіць перагародак.

З «Касандрай» было больш за ўсё праблемаў: мне спачатку забаранілі драўляны плот, але ў выніку ўдалося дамовіцца, каб яго зрабілі, і мясцовы майстар праявіў ініцыятыву і падрыхтаваў акуратненькі паўтараметровы плоцік. Я быў у шоку, што ён ужо пабудаваны. Я кажу: «Вы разумееце, мне патрэбны канфлікт, канфлікт матэрыялаў, гэта мусіць быць высокі плот, які нам забараняе, закрывае, перагароджвае гледачу ўваход!» Я абарочваюся, а там ля тэатральнай сцэны стаіць металічны плот у поліэтылене, брутальна перацягнуты скотчам. Я кажу: «Усё, мне патрэбны такі плот, неонавы надпіс схаваем пад брудны поліэтылен». Яны дагэтуль у шоку, што я хаваю такую дарагую рэч. Я кажу: так і павінна быць, гэта ж прароцтва, якога ніхто не чуе і не разумее. З «Касандрай» было больш за ўсё праблемаў з зацверджаннем, але яна ўдалася.


Глядзіце таксама

– І якія твае песімістычныя прадказанні? Помню, я табе не паверыла ў 2020-м, калі ты сказаў, што людзі будуць заглядваць у вокны суседзяў і даносіць, – цяпер па даносах затрымліваюць.

– Я думаю, даносы яшчэ не дасягнулі свайго піку. Калі першая хваля была звязаная з непрыняццем, раздражненнем, наступная будзе звязаная з кар’ернымі матывамі – прыбраць непатрэбнага чалавека, прасунуцца па кар’ернай лесвіцы. Мы пяройдзем да класічнай пазіцыі 1937 года.

Другі песімістычны прагноз – калектыўная стомленасць ад вайны і пачатак працэсу кампрамісу, крывадушных палітычных танцаў. Мне здаецца, увосень гэтага года і вясной наступнага будзе зразумела, наколькі гэтаму свету хапае прынцыповасці і сілаў захоўваць адназначную пазіцыю. Відавочна, у класічнай формуле «пераможца – пераможаны» мы завяршэння гэтых працэсаў не ўбачым, яно будзе размыленае, расцёртае, неадназначнае. Такі мой прагноз, і я, канешне, вельмі перажываю за гэта.

– А што будзе з беларускім мастацтвам? Наколькі ў Беларусі атрымаецца яго захаваць, калі ўсё будзе развівацца ў такім жа ключы?

– Я бачу, як атакуюць людзей проста за візуальную іншасць, нават тыя, каго ты не разглядаў як мастака, настолькі гэта безгустоўна і бяздарна. Ужо недастаткова, каб ты быў лаяльны ці апалітычны, нідзе не ўдзельнічаў і нідзе не быў заўважаны, хопіць проста выбраць іншую мову. Для мяне адным са званочкаў кампаніі для ачышчэння шэрагаў работнікаў мастацтва стаў артыкул Гладкой у «Советской Белоруссии», дзе яна прайшлася па сучасным мастацтве, маўляў, гэта мыльная бурбалка, голы кароль для дурняў, а ЦРУ стварыла амерыканскі арт, карацей, «старые песни о главном».

Рана ці позна мэта будзе дасягнутая, а мэтай з’яўляецца не канкрэтна сучаснае мастацтва, рэалізм ці абстракцыянізм – ідзе зачыстка пад расійскае поле, гэта абсалютна відавочна.

Першым пад раздачу трапляе ўсё з прыстаўкай «нацыянальны», яно будзе знішчанае ў першую чаргу, а ў далейшым закране ўсіх адэптаў больш-менш мадэрнісцкага мастацтва, нават не крытычнага, а проста тых, хто робіць нешта непадобнае на, як яе, Жыгамонт. Працаваць будзеш у стол – удзень хадзіць на працу, рабіць ілюстрацыі ці мазаіку ў манастыр, вітражы, а ўвечары творча рэалізоўвацца ў стол, спадзявацца, што калі-небудзь гэтая сітуацыя скончыцца, і радавацца маленькім перамогам, што табе ўдалося нешта завуалявана, метафарычна сфармуляваць і пад псеўданімам павесіць на чарговым «Восеньскім салоне».

– Як думаеш, у сённяшніх умовах у Беларусі ёсць патэнцыял у партызанскага, падпольнага мастацтва?

– Гэта і застанецца адзінай магчымасцю, проста яно будзе ўсё больш і больш аўтаномным – для сваіх, для вузкага кола, для правераных людзей. Я гэта яшчэ заспеў. Раней у нас былі хаця б Польскі інстытут, Інстытут Гётэ, галерэі «Ў» ці «Арт Беларусь», хаця б нейкая інфраструктура, якая дазваляла крыху пашырыць магчымасці ў альтэрнатыўным полі. Крыху, бо ў нас ніколі не было рэсурсаў на сур’ёзныя маштабныя рэчы. Цяпер усе знешнія гульцы, якія маглі выконваць мецэнацкую ролю, выдаленыя – мастакі будуць рабіць для сваіх трох ці пяцідзесяці трох сяброў.

Гэта адзіная форма існавання, і яна, канешне, будзе запатрабаваная. Мы восем гадоў рабілі кватэрнікі – яны былі для актыўнасцяў, якія з тых ці іншых прычынаў не маглі быць на паверхні, некаторыя проста не ўмелі дамовіцца з інстытуцыяй ці прынцыпова не хацелі паказвацца на пэўных пляцоўках. Кожны раз гэта было мерапрыемства, якое не магло быць публічным.


Глядзіце таксама

– Чым у нашым беларускім мастацтве сёння можна ганарыцца?

– Як чалавек, які з’ехаў дастаткова позна, магу сказаць, што нягледзячы на дакладную фільтрацыю «свой – чужы», атмасфера ў вузкіх колах стала больш душэўнай, шчыльнай, і запыт на камунікацыю – большым.

Памятаю, пасля пачатку вайны я рабіў антываенную вечарыну – без дэкламацый і маніфестацый, а каб проста пасядзець разам. Стан тады быў блізкі да шызафрэніі, вар’яцтва, усе хадзілі чорныя, у тэлефонах, у поўным шоку. Тады мне падалося, што людзі сталі больш уважлівымі адно да аднаго.

Калі казаць пра дасягненні за мяжой, а ты ў любым разе падзяляеш працэсы, якія адбываюцца там і тут, яны збольшага бачныя ў іншых сферах – ведаю пра Беларускую незалежную кінаакадэмію, пра тэатралаў, а мастацкая гісторыя іншая. Кіно – складаны калектыўны працэс, тэатр пачынаецца з вешалкі, і ў вешалкі павінна быць месца, дзе яна вісіць. А мастак, груба кажучы, чалавек нават без чамадана, ён проста прыехаў – вось я мастак. Тут усе вырашаюць свае персанальныя праблемы, няма размовы пра перспектывы ды будучыню, беларускі парадак дня ўжо па вялікім рахунку закрыты, а агентаў уплыву, якія былі б за цябе тут, няма.

На жаль, у беларце такога ў дастатку і не было. Сустракаюцца эпіцэнтры, дзе крыху больш напоўненасці, – у Берліне, Варшаве, але агулам усё пакуль набірае сілу, павінен нарасці тлушчык. Вось ён у нас рос з 2010 да 2019 года – у кагосьці ў галерэі ўжо і праектар ёсць, ужо за выставу плоцяць ганарар, вось адна галерэя адкрылася, а на рагу другая. Цяпер, паколькі ў нас няма багатых гульцоў, якія маглі б закрываць праблемныя зоны, працягваецца анлайн-марафон з ахвяраваннямі, з міру па нітцы.

Я трошкі супакоіўся і прызвычаіўся да ўсяго ставіцца як да прыродных з’яваў – дождж, стыхія, ну што ты з гэтым будзеш рабіць. Надвор’е пакуль сапраўды не тое – лье дождж.

– Што ты думаеш рабіць далей?

– Не буду загадваць, вярнуся ў Беларусь ці не, чорт яго ведае. Нейкая яснасць існуе толькі да Новага года, а далей – свабоднае плаванне. Я гатовы нават знікнуць на нейкі час, ведаеш, як людзі саромеюцца: на будоўлю пайшоў, таксаваць ці нешта яшчэ, усякае можа быць. Тым больш я не рыхтаваўся – вось планамерна вучу нямецкую мову, уважліва вывучаю кошты на жыллё, як што працуе і ў якой зямлі лепш жыць. Але тут мы сустрэлі падтрымку з боку дырэктаркі Японскага палацу ды «Альбэртынуму» – гэта прыемна, у Мінску да мяне ў майстэрню Пракапцоў (Уладзімір Пракапцоў, былы дырэктар Нацыянальнага мастацкага музею) не прыходзіў працы глядзець. Цікава-цікава, пакуль усё цікава.