Мастакі з Польшчы і Германіі падзяліліся ўражаннямі ад Гродна
Вернісаж па выніках пленэру «Я зведаў Гародню» прайшоў у галерэі «Крыга». Польскія і нямецкія мастакі, якія завіталі на пленэр і на працягу тыдня малявалі Гародню, падзяліліся сваімі ўражаннямі ад горада і беларусаў.
Мастакі прыехалі ў суботу, і першае, што іх здзівіла, — чысціня вуліцаў і адсутнасць людзей на гэтых чыстых вуліцах: «Так чыста… Гэта заўсёды і ўсюды так? І чаму няма людзей? Што здарылася?» — пыталіся яны ў мастачкі Алены, якая нарадзілася ў Беларусі. «Ну, так лета ж…» «Дык вось і мы пра тое — лета! Дзе турысты? Дзе гарадзенцы?» «На лецішчах хіба што, збіраюць садавіну ды агародніну». У панядзелак людзі з’явіліся. «О, колькі прыгожых дзяўчат», — слушна заўважылі мужчыны.
Урачыстае адкрыццё пленэру прайшло ва ўтульным дворыку галерэі «Крыга». Туды завіталі і Генеральны консул Польшчы ў Гародні Анджэй Хадкевіч, і айцец Аляксандр — новы настаяцель Каложскай царквы.
А пасля пачаліся творчыя працоўныя будні: госці з Польшчы і Нямеччыны гулялі па горадзе, захапляючыся кожнай вулачкай, а пасля вярталіся ў «Крыгу», каб паснедаць ды падзяліцца ўражаннямі. І малявалі. На пленэры ці ў памяшканні «Крыгі» — заўсёды малявалі. Начавалі мастакі па хатах гасцінных гарадзенцаў, таму што грошаў на міжнародны пленэр выдзелена амаль не было, усе арганізацыйныя пытанні вырашалі гаспадары «Крыгі».
У суботу, пасля тыдня плённай працы, адбыўся вернісаж па выніках пленэру, дзе мастакі мелі магчымасць выставіцца, выказаць свае ўражанні ад вандроўкі і падзякаваць усім, хто дапамагаў у арганізацыі выставы.
Лена Юрыкава [Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча, з 1990 — свабодны мастак у Польшчы, з 1997 — у Германіі. Мела некалькі прыватных выставаў у Германіі і Санкт-Пецярбургу].
Я сама з Ліды, таму Гародню, канечне, ведаю добра. Я нават заспела той час (гэта сумная гісторыя), калі мастакоў запхнулі ў сінагогу, каб яны мы там рабілі бюсты Леніна. Уся гэтая агітатыўна-прапагандыстская дзейнасць у той час — проста жах!
А цяпер усё змянілася: дух змяніўся, святло змянілася. Я як мастак бачу Гародню больш светлай і празрыстай. Горад стаў больш камерным і вытанчаным…
Ёана Галэцка [Скончыла Кракаўскую акадэмію мастацтваў, мела выставы ў Варшаве, Кракаве, Ашхабадзе].
Калісьці ў дзяцінстве я была ў Гародні. Тады мы пелі ды танчылі ў музыкальным гурце і атрымалі галоўную ўзнагароду. З таго часу я памятаю, на жаль, не шмат. Вось калі праязджалі ля гасцініцы «Беларусь», нешта згадалася. О! Яшчэ «Універмаг» помню — мы там кілішкі і відэльцы набывалі!
Яшчэ 12 гадоў таму ў Гарадзенскай выставачнай зале я мела выставу разам са знакамітым мастаком-графікам з Польшчы.
А ў гэты раз мяне здзівілі дранікі, якімі тут частавала гаспадыня. Яны з мясам! Пра дранікі ў Польшчы ведаюць, але пра мясныя дранікі — не!
Славамір Ліпніцкі [Скончыў Акадэмію мастацтваў у Гданьску, меў стажыроўку у Акадэміі мастацтваў у Мілане, выкладае ў Гданьскай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «жывапіс і графік». Меў 9 індывідуальных выстаў].
Я паслядоўнік тэорыі ўспрымання рэчаіснасці праз фотаздымкі. І Беларусь я бачу ў двух фотаздымках. Першы — рэкламны білборд, на якім намаляваныя ручкі і напісана «Я (ручкі, складзеныя ў сэрца) Беларусь». Другі — жанчына стаіць побач са скульптурай мядзведзя і корміць яго. Пра трэці фотаздымак казаць неяк няёмка, гэта надта асабістае.
А калі казаць пра ўражанні, то маё ўражанне ад Беларусі — на фотаздымку, які адлюстроўвае развітанне.
Фота: Ілля Гелей, Яўген Кандратовіч