Наклад беларускамоўных кніг дасягнуў узроўню 1993 года
Нацыянальная кніжная палата Беларусі апублікавала дадзеныя за 2017 год. Як адзначае ведамства, адсотак беларускамоўных кніг — і паводле накладу, і паводле назваў — расце.
У 2017 годзе наклад кніг на беларускай мове склаў 4 млн 336,7 тысяч асобнікаў. Іх доля ў агульным накладзе павялічылася да 18,8%, што нават болей, чым у 1993 годзе (18,7%), калі ішла актыўная беларусізацыя.
Леташні адсотак беларускамоўных кніг не дасягнуў піка 1990-х (у 1994 годзе працэнт беларускамоўнага накладу складаў 21,1%), але ён расце. У 2016 годзе наклад беларускамоўных кніг быў усяго 16,2%, а свет пабачыла 3 млн 739,4 тысяч беларускамоўных асобнікаў, што было менш, чым у 2017 годзе.
Колькасць беларускамоўных выданняў таксама павялічвалася: з 1122 кніг у 2016-м да 1314 кніг у 2017 годзе і, адпаведна — з 11,7% да 13,7%.
Як падкрэслівае Нацыянальная кніжная палата, «у параўнанні з 2016 годам усе паказчыкі выпуску беларускамоўных выданняў выраслі: колькасць выданняў — на 17,1%, тыраж — на 15,9%, колькасць друкаваных лістоў-водціскаў — на 16,5%».
Але ці можна сцвярджаць, што ўсё гэта сведчыць на карысць, як павялося цяпер гаварыць, «мяккай беларусізацыі»? Ці не ёсць гэта толькі статыстычнай выпадковасцю?
Доля выданняў беларускамоўных кніг і блізка не падабралася да лічбаў 1990-х гадоў. У 1993 годзе кніг на беларускай мове выдавалася 26,9%, пасля чаго адбыўся рэзкі абвал. Іх колькасць сёння параўнальная з выданнямі на іншых замежных мовах (акрамя, вядома, рускай). У 2015 годзе на мове тытульнай нацыі ў Беларусі выдавалася ўсяго ў два разы больш кніжак, чым на англійскай.
Мала таго, агульны наклад беларускамоўных кніжак у паваенным разбураным 1946-м быў аж на 2 млн большы за сённяшні паспяховы 2017 год. Увогуле, беларускамоўных асобнікаў у 2010-я гады нярэдка выходзіла меней, чым у ваенны 1945-ы (для параўнання: у 1945-м пабачыла свет 3 млн 588 тысячы экзэмпляраў, у 2011-м — 2 млн 884 тысячы).
Пэўны рост адсоткаў беларускамоўных кніг вельмі проста тлумачыцца падзеннем рускамоўнага друку пасля крызіснага 2008 года. А колькасць беларускамоўных кніг проста застаецца на стабільна нізкім узроўні, дзе большасць накладаў складаюць школьныя падручнікі.
Увогуле, у даваенныя часы на беларускай мове выходзіла пад 90% кніг, а выданняў на ідышы было болей, чым выданняў на рускай мове. Толькі ў 1960-я гады, руская мова выйшла на першы план. Нягледзячы на кароткі пік беларускага адраджэння, з 1994 года пазіцыі рускай мовы ўзмацніліся.
Змены за апошні год на карысць беларускай мовы ўсё яшчэ могуць быць толькі статыстычнымі ваганнямі. Але адначасовы рост беларускамоўных і іншамоўных выданняў можа сведчыць, што мы назіраем нешта новае.