У Беларусі распрацоўваецца вялікі тлумачальны слоўнік

У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі ідзе распрацоўка новага тлумачальнага слоўніка ў 15 тамах. Акрамя гэтага, ёсць планы аб стварэнні даведачнай інфармацыйнай службы з умоўнай назвай Правапіс.бай па ўзору расійскага партала Грамота.ру.

10_36.jpg


Пра стварэнне слоўніка СБ. Беларусь сегодня распавёў дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў:
— Гэта ўнікальнае выданне. Рэестр слоўніка будзе налічваць 244 тысячы слоў. Для параўнання, аб'ём пяцітомнае тлумачальнага слоўніка, якім мы карыстаемся сёння, складае толькі 97 тысяч слоў. Слоўнік будзе папоўнены за кошт новай лексікі. Чытач нарэшце атрымае адказ, якое слова ўжываць: «амбасада Вялікабрытаніі» ці «пасольства», «ровар» ці «веласіпед», «Валошкі»ці «васількі», «гульцы» ці «ігракі», «адсоткі» ці «працэнты», «тыраж» ці «наклад». Будзе ўключана рэлігійная лексіка, якая была забароненая ў савецкі атэістычны час. У слоўнік увойдзе лексіка беларускай дыяспары, напрыклад, такія словы, як «кружэлка» і «гледзішча». Вельмі шырока будзе прадстаўлена публіцыстыка. Калі пяцьдзесят гадоў таму моўную моду вызначала мастацкая літаратура, то сёння на яе ў большай ступені ўплывае публіцыстыка - мова інтэрнэту, газет. Але задача навукоўцаў не толькі ўключыць новую лексіку ў слоўнікі, але і рэгламентаваць яе прымяненне за кошт стылістычных паметак, растлумачыць, якой сферы ўласціва тое ці іншае слова.
Паколькі папяровыя слоўнікі сёння сыходзяць у гісторыю, паралельна будзе стварацца электронны тлумачальны слоўнік, які дазволіць уносіць змены і дапаўненні, не чакаючы перавыдання друкаванага варыянту. Плануецца, што першы том тлумачальнага слоўніка выйдзе ў 2019-2020 гадах.
Акрамя гэтага, вядзецца гаворка аб стварэнні даведачнай інфармацыйнай службы з умоўнай назвай Правапіс.бай па ўзору расійскага партала Грамота.ру.
— Збіраемся абмеркаваць гэтую ідэю з Міністэрствам інфармацыі. Да нас у інстытут паступае вельмі шмат запытаў і ад фізічных, і ад юрыдычных асоб адносна прымянення норм лексічных, арфаграфічных, граматычных. Толькі афіцыйна выдаем штогод больш за 1500 заключэнняў і даведак, без уліку тэлефонных званкоў.
На партале будуць публікавацца разнастайныя інфармацыйна-даведачныя матэрыялы, давацца анлайн-кансультацыі, што павысіць веды насельніцтва і будзе спрыяць папулярызацыі мовы.
Дарэчы, у інтэрнэце з 2013 года ўжо працуе тлумачальны слоўнік беларускай мовы skarnik.by (назва ўтворана ад слоў «скарб» і «слоўнік»). Ён створаны на аснове пяцітомніка 1977-1984 гг. (акадэмічнае выданне пад рэдакцыяй К. Крапівы). Адаптаваны згодна з сучаснымі рэаліямі.