Не абое рабое

Перачытваю Кузьму Чорнага. Так, па многіх параметрах ён быў пісьменнікам савецкім. Але ці не забываемся мы ў сваім прысудзе пра фактар часу? У вялікім шасцітомным выданні твораў ёсць шмат тэкстаў пра перавагу рэвалюцыі над старой царскай сістэмай.



15_11.jpg

Усходняя Беларусь малюецца Чорным у цёплых, ідэалізаваных колерах, у той час як Заходняя Беларусь, знаходзячыся пад панаваннем панскай Польшчы, церпіць няспынны прыгнёт і здзекі. Час, які ў асноўным апісвае пісьменнік, пакрываецца з часам ягонага кароткага жыцця (1900–1944), то бок з рэвалюцыямі, Першай сусветнай вайной і міжваенным дваццацігоддзем. Мы ж, абагульняючы гэтыя надзвычай складаныя перыяды беларускай гісторыі, рэдка бярэм пад увагу аспект эвалюцыйнасці новага ладу. Беларусізацыя БССР 1920-х і сталінскі тэрор 1930-х гадоў — толькі адзін са шматлікіх прыкладаў такой неаднароднасці. Больш за тое, у неасцярожным катэгарызаванні нярэдка дамінуе ацэнка з перспектывы тыпова постсавецкай думкі, з улікам усіх адмоўных тэндэнцый і абрачонасці савецкай сістэмы ад яе пачатку да самага канца. Не заўжды, аднак, бяруцца ва ўвагу чыннікі псіхалагічныя, сацыялагічныя ці філасафічныя.

Ацэнка такіх падзеяў, як 17 верасня 1939 года, працягвае быць далёкай ад аднадумства нават сёння. Што ўжо казаць пра асэнсаванне гэтых падзеяў у час, калі не было ніякіх альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. Было б нелагічным асуджаць за памылковасць гістарычнай ацэнкі пісьменніка, які на працягу васьмі месяцаў перад гэтымі падзеямі зведваў катаванні ў савецкім арышце, а ў хуткім часе пасля гэтага і амаль да канца свайго жыцця знаходзіўся па-за межамі бацькаўшчыны. Нават самім жыхарам Заходняй Беларусі, некаторыя з якіх спачатку віталі Саветы як вызваліцеляў, спатрэбіўся пэўны час на асэнсаванне сапраўднага аблічча сістэмы, з яе прымусовай калектывізацыяй, чысткамі і Сібірам.

Літаратура — гэта не падручнік па гісторыі. Тыя, каго прынята называць «савецкімі пісьменнікамі», у сваёй большасці не маглі быць ані прарокамі, ані аналітыкамі падзеяў. Гэта пакаленне празаікаў і паэтаў, якім з-за цяжкасцяў эпохі проста не дадзена было здабыць сістэмнай, свабоднай ад ідэалогіі адукацыі. Тое што больш за ўсё характарызуе гэтую генерацыю творцаў, — талент, бясконцая адданасць і дасканалае валоданне беларускім словам. Ну а калі ўлічыць, што іх ацэнка камунізму — гэта вынік памылковага мыслення інтэлігентных і пранікнёных людзей, то іх творы набываюць асаблівую, пазачасавую і ўніверсальную вартасць.

Хто, напрыклад, з сучасных пісьменнікаў застрахаваны перад тым, што апетыя імі здабыткі заходняга лібералізму не набудуць у будучыні рысаў таталітарнасці? Відаць, што ніхто, нягледзячы нават на адносную, але абсалютна непараўнальную даступнасць у атрыманні інфармацыі і адукацыі. Ніхто, аднак, дакладна не ведае, як дасягненні нашай эпохі будуць ацэненыя з перспектывы часу. Асуджаючы на страты пісьменнікаў, якія ў свой час памылкова ацанілі камунізм, сучаснікі рызыкуюць быць адпрэчаныя нашчадкамі сістэмы, якая няўхільна прыйдзе на змену нашай. Для параўнання, на да абсурду карэктным Захадзе наўрад ці каму, прынамсі на акадэмічным узроўні, магло б прыйсці ў галаву спісваць на страты пісьменнікаў, якія ў свой час захапіліся ідэямі нацыянальнага сацыялізму. Аўтараў такіх было процьма, а сярод найбольш вядомых, такія класікі, як Эзра Паўнд, Томас Эліят, ці Уільям Батлер Ейтс.

Адпаведна, у нашай ацэнцы беларускай літаратуры савецкага перыяду, павінна дамінаваць асцярожнасць, з асаблівым улічваннем праблемы класіфікавання. Шмат якія творы таго часу належаць да нашага літаратурнага канона, і пацясніць вялікіх пісьменнікаў можна выключна метадам напісання лепшых твораў.