«Новый Завіт» па-заходнепалеску: без літары Ў (фота, відэа)

Тры месяцы не дачакаўся дыялектолаг Фёдар Клімчук выдання свайго перакладу Новага Запавета на гаворку роднай вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна. Адышоў у лепшы свет, але адтуль, напэўна, бачыў, як цэлая зала людзей сабралася на прэзентацыю яго кнігі.

2019_01_23_novy_zavit_a._ljaszkevicz_003_logo.jpg


Фёдар Клімчук быў дыялектолагам, фалькларыстам, гісторыкам, першым у Беларусі стаў выкарыстоўваць этналінгвістычную метадалогію, распрацаваную маскоўскім акадэмікам Мікітам Талстым. Вялікую частку навуковых даследаванняў Фёдар Данілавіч праводзіў у роднай вёсцы Сіманавічы (10 км на поўнач ад Драгічына) і ў заходнепалескім рэгіёне.

Для перакладу асноўнай часткі Новага Запавета спатрэбілася больш за 20 гадоў. Сам Фёдар Данілавіч піша, як гэта адбывалася: «Звычайна… браўся адзін верш… Тэкст перачытваўся. Затым я ў думках перамяшчаўся ў Палестыну першай паловы І ст. н. э., нібыта станавіўся непасрэдным назіральнікам тых падзей… І распавядаў сваім землякам… што пабачыў. Потым я гэта паведамленне запісваў». Для перакладу выкарыстоўваў тэксты на беларускай, украінскай, рускай, стараславянскай мовах.

Навошта ён гэта рабіў? Дыялекты, на якіх існуе багатая літаратура, ва ўсходнеславянскай традыцыі прынята называць літаратурнымі мікрамовамі, а ў іншых краінах іх называюць рэгіянальнымі мовамі. Перакладамі Фёдар Клімчук уздымаў прэстыж роднай гаворкі. Ён выдаў па-заходнепалеску «Слова пра паход Ігаравы», урыўкі з твораў Гамера, Талстога і Гогаля, перакладаў таксама Шота Руставэлі. Будучы праваслаўным, Фёдар Данілавіч разглядаў свой «Новый Завіт» не толькі як культурную, але і рэлігійную з’яву, магчыма, бачыў перспектывы выкарыстання яго ў літургіі. Спасылаючыся на газету «Гродзенскія епархіяльныя ведамасці» за 1905 год, ён адзначаў, што да выкарыстання тэкстаў на заходнепалескіх гаворках прыхільна ставілася Руская праваслаўная царква.



Пераклад даецца ў заходнепалескай спрошчанай транскрыпцыі для таго, каб кожны чалавек з іншага рэгіёну Зямлі, якому вядомыя адзін-два кірылічныя алфавіты і хоць бы адзін лацінскі, мог чытаць тэкст без каментароў так, як яны гучаць у брэсцка-пінскіх гаворках. Беларуса, што звыкся да літаратурнай мовы, можа здзівіць, што ў тэксце не выкарыстоўваецца літара «ў». Нічога дзіўнага! Адпаведны гук папросту не існуе ў заходнепалескіх гаворках. Можна шмат спрачацца наконт таго, ці беларускія гэта ўвогуле дыялекты, ці ўкраінскія, ці ёсць самастойнай палескай мовай. Гэтыя спрэчкі не аціхаюць ужо другое стагоддзе. Мітрафан Доўнар-Запольскі лічыў Заходняе Палессе часткай беларускай этнічнай тэрыторыі. А вось Яўхім Карскі прыпісваў украінцам усё, што на захад ад Ельска. Калекцыі Аляксандра Сержпутоўскага з ваколіцаў Пінска, што захоўваюцца ў Рускім этнаграфічным музеі, таксама атрыбутаваліся збіральнікам як украінскія. Як бы то ні было, Фёдар Клімчук з павагай ставіўся і да беларускай, і да ўкраінскай культуры.

Ініцыятар выдання поўнага перакладу Новага Запавета (частка ўжо выходзіла раней) — праект «Традыцыя». Грошы на кнігу збіралі краўдфандынгам. На прэзентацыі ў галерэі tut.by выступілі гурты, што маюць у рэпертуары заходнепалескія песні: мінскія «Рада» і «Кудмень», трыа сясцёр Лук’яновіч з вёскі Леснікі Драгічынскага раёна. Жанчыны падтрымалі спевамі пастаноўку батлейкі на заходнепалескай гаворцы, што паказваў сямейны дуэт Ларысы і Аляксандра Быцко з Брэста.

Землякі Фёдара Клімчука, даследчыца Ірына Мазюк, кіраўніца гурта «Кудмень», і рэдактар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Дынько, прамаўлялі на прэзентацыі па-заходнепалеску. Апошні паведаміў, што, разбіраючы архіў Фёдара Данілавіча, знайшоў яго кнігі пра вяселле вёскі Сіманавічы (апісана ўсе пяць дзён абраду) і некалькі асобнікаў альбома старых фотаздымкаў «Палессе». Абодва выданні — бібліяграфічная рэдкасць. Яны перададзены на рэалізацыю ў «Акадэмкнігу». Атрыманыя грошы пойдуць на помнік Фёдару Клімчуку. У навукоўца не было жонкі і дзяцей, пра яго магілу клапоцяцца сястра і пляменніца. «Ён жыў як манах, — казаў Андрэй Дынько. — Служыў па-свойму, таму, у што ён верыў, што для яго было святое: мова яго бацькоў, дзядоў, культура…»



Выступіў таксама калега Фёдара Данілавіча, супрацоўнік Акадэміі навук Мікалай Антропаў: «Біблія перакладзена на паўтары тысячы моў, мікрамоў, рэгіянальных моў. Толькі на кайкаўскі дыялект харвацкай мовы існуюе чатыры пераклады. Перакладалі на гаворкі нямецкай мовы. І вось дзякуючы Фёдару евангелісты загаварылі на заходнепалескім дыялекце». 23 студзеня споўнілася роўна тры месяцы, як няма з намі Фёдара Клімчука. «Вось бы ўсцешыўся Фёдар Данілавіч, убачыўшы столькі зацікаўленых людзей», — сказала даследчыца Таццяна Валодзіна. «Дык, можа, і бачыць?» — адказала яшчэ адна калега перакладчыка, Алена Боганева. «Я то веру, што бачыць Федзя» — скончыў сваю прамову Мікалай Антропаў.

Фота і відэа Алены Ляшкевіч