Падарунак рэжымніку: «Вясёлкавыя ваяры» супраць дыктатуры
Утапічны трымценнік з элементамі фантастыкі «Вясёлкавыя ваяры» («Rainbow Warriors») французскага пісьменніка-фантаста Яля Аердаля (сапраўднае імя Марк Сулье) з’явіўся ў 2013 годзе і заваяваў у 2014 адразу дзве ўзнагароды: прэмію Боб Марана і прэмію Рані-старэйшага. Першая прэмія прызначаецца ў Бельгіі за найлепшы франкамоўны тэкст, другая — французская прэмія за найлепшы франкамоўны фантастычны твор. Раман стаўся бестсэлерам у франкамоўным свеце, выклікаўшы, да ўсяго, палітычныя дэбаты.
З’яўленне рамана «Вясёлкавыя ваяры» супала з дэбатамі і нават вулічнымі бойкамі вакол прыняцця ў Францыі закона аб гей-шлюбе. І хоць твор быў напісаны раней і без усялякай сувязі з тагачасным законам, аўтар адразу стаў на бок ЛГБТК+ і падтрымаў іх змаганне. Выхад кнігі паспрыяў канструктыўным дэбатам.
Аердаль, які заўчасна сканаў ад раку ў 2015 годзе ва ўзросце 56 гадоў, заўсёды праз свае творы выказваў, да ўсяго, і свае палітычныя погляды. А таксама пісьменнік да смерці падрабязна інфармаваў у Фэйсбуку чытацтва наконт сваёй хваробы, стаўшы адной з першых публічных асоб у Францыі, якая дзялілася вусцішнай, смяротнай і кранальнай інтымнасцю.
Насамрэч, Аердаль — зорка французскай фантастыкі, якая ўзышла ў 1990 годзе і свяціла да 2015-га. Цікава, што ў апошнія гады працы пісьменнік таксама ствараў трымценнікі. Аўтар больш чым дваццаці раманаў, уладальнік шматлікіх літаратурных прэмій. На яго творы ў амерыканскім часопісе «Isaac Asimov Magazine» з’яўляліся выключна станоўчыя рэцэнзіі. Зрэшты, пісьменнік да скону заставаўся заангажаваным аўтарам, часта цытуючы Жана-Поля Сартра: «Мэта пісьменніка — зрабіць так, каб ніхто не змог праігнараваць свет і сказаць, што ён невінаваты». І ён абраў навуковую і, часта, палітычную фантастыку, каб дагрукацца да чытацтва і праінфармаваць, што дзеецца ў свеце. Пісьменнік лічыў, што сучасная фантастыка замяніла складаную філасофію і цяпер даступней тлумачыць чалавечую экзістэнцыю.
У рамане «Rainbow Warriors» (пісьменнік выкарыстаў англамоўную назву) спачатку ўсё пачынаецца банальна: амерыканскі генерал у адстаўцы Джэф Тайлер атрымлівае заданне ад былога генеральнага сакратара ААН А. Кофана (змененая форма рэальнага Кофі Анана) узначаліць прыватнае дзесяцітысячнае войска і зрынуць аднаго афрыканскага дыктатара. Нібыта ўсё проста і ясна, але адна дэталь здзівіла генерала: войска складалася выключна з прадстаўнікоў і прадстаўніц ЛГБТК+. Здзіўлены генерал пагаджаецца ўзначаліць альтэрнатыўнае войска дзеля светлай справы. Паступова ён знаёміцца з жаўнерамі і жаўнеркамі і пачынае разумець сэнс «вясёлкавай арміі». Вымалёўваецца сапраўды разнашэрсная, маляўнічая і нечаканая кампанія, з якой раней генерал ніколі не працаваў: Андрэа, былы камандас, які стаў жанчынай; Жан-Но, геніяльны вынаходнік і гей да кончыкаў вушэй; Марлі і Анна-Мэй, адна з першых лесбі-сямейных пар у Вашынгтоне, як толькі закон дазволіў ім пабрацца шлюбам; трывожная Пілар, мексіканская забойца з целам, ператвораным у беспамылковую зброю, і многія іншыя.
Пасля дбайнай падрыхтоўкі — атака. Войска смела і лёгка захоплівае выдуманую аўтарам гамафобную дыктатуру — Мамбэзі. Аўтар слушна мяшае падыходы і погляды на падобную ініцыятыву: жаўнеры-валанцёры ЛГБТК+, якія ваююць дзеля вядомай ім справы — куды эфектыўнейшыя, чым усе іншыя безыдэйныя валанцёры. Праўда, не ўсё так ідэальна ў гэтай утопіі: з аднаго боку, пісьменнік кажа пра вайсковую эфектыўнасць прыватнага войска, а з іншага — пра дыпламатычную і палітычную маруднасць, а часам і правальнасць.
«Вясёлкавыя ваяры» — цікавая дарожная карта, каб змяніць закасцянелы свет. За кніжнай утопіяй насамрэч хаваецца моцнае палітычнае і гендарнае пасланне, якое штогод узмацняецца на Захадзе: новыя сілы, старыя маргінальнасці, нарэшце, становяцца выратавальнымі і абнаўляльнымі для дэмакратыі, а, да ўсяго, на думку Аердаля, разбуральнымі для дыктатур. Вельмі часта знішчэнне дыктатуры пачынаецца нечакана: з боку тых, ад каго часцей за ўсё дыктатар не чакае пагрозы. Прыклад сучаснай беларускай дыктатуры цудоўна ўпісваецца ў гэтую логіку: кабеты, з якіх увесь час смяяўся і кпіў, а яшчэ часцей недаацэньваў дыктатар, нанеслі першы моцны ўдар па яго нібы моцы. Так і ва ўтапічным рамане Аердаля прадстаўнікі супольнасці ЛГБТК+ — як салідарныя заходнія ваяры і ваяркі, так і змаргіналізаваныя ўнутры Мамбэзі, выдуманай краіне, мясцовыя геі і лесбійкі, — аб’ядноўваюцца і скідваюць дыктатара, упэўненага ў слабасці маргінальных.
Такім парадкам, напісаны як утапічны, раман з цягам часу становіцца цалкам рэалістычным і напоўненым гумарам і аптымізмам: смелыя фантазіі пісьменніка спраўджваюцца і як у жыцці, так і ў творы мы назіраем не проста за змаганнем дэмакратыі і дыктатуры, але і за безупыннай рэвалюцыяй пад назвай «ЛГБТК+». І хто ведае, на што здатная гэтая рэвалюцыя ў нашым рэгіёне?