Паэт рэпартажу ў Мінску

«Я заўсёды шукаў мой дом, шукаў Пінск, — у Афрыцы, у Азіі, у Лацінскай Амерыцы», — так пісаў пра сваю малую радзіму выдатны дзеяч еўрапейскай культуры, журналіст і пісьменнік Рышард Капусцінскі.

Выстава «Паэт рэпартажу. Рышард Капусцінскі» адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі сумесна з Польскім інстытутам у Мінску. Дакументы, фатаграфіі, газетныя публікацыі, кнігі — сціслы аповед пра асобу Капусцінскага.



3f53d7190148675e3cd472fc826828c5.jpg

«Я заўсёды шукаў мой дом, шукаў Пінск, — у Афрыцы, у Азіі, у Лацінскай Амерыцы», — так пісаў пра сваю малую радзіму выдатны дзеяч еўрапейскай культуры, журналіст і пісьменнік Рышард Капусцінскі.
Выстава «Паэт рэпартажу. Рышард Капусцінскі» адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі сумесна з Польскім інстытутам у Мінску. Дакументы, фатаграфіі, газетныя публікацыі, кнігі — сціслы аповед пра асобу Капусцінскага.
У Польшчы Капусцінскага называлі «каралём рэпартажу», і ў 1995 годзе па апытанні, праведзенаму сярод палякаў, ён быў прызнаны найвялікшым журналістам свету. Знакаміты выхадзец з Беларусі атрымаў сорак розных прэмій і ўзнагарод, вылучаўся на Нобелеўскую прэмію, аб’ездзіў ледзь не ўвесь свет, але захаваў у сваім сэрцы прыязнасць да Беларусі і Пінска — месца, дзе нарадзіўся і жыў да 1942 года.
«Памятаю, як Рышард рыхтаваўся да свайго першага прыезду ў Пінск ужо ў сорак год. Толькі ў 1979 годзе ён атрымаў мажлівасць прыехаць пасля шматлікіх спробаў. Ён быў як у трансе. Я дапамагала яму і заўважыла: «Да ніводнага падарожжа ты так не рыхтаваўся, хаця аб’ездзіў паўсвету». «Але ж я еду да Пінска!» — адказаў ён. І тое ўсё тлумачыла, — расказвала на адкрыцці экспазіцыі жонка Рышарда Капусцінскага Аліцыя. — У Рышарда быў намер напісаць кнігу пра яго родныя краі, ён збіраў матэрыялы, карэспандэнцыю, фотаальбомы... Але не паспеў, не змог пабачыць і выдання сваіх кніг, перакладзеных на беларускую мову. Яны з’явіліся пасля яго смерці, і гэта найлепшая памяць пра яго, яго захапленне, якім было пісанне».
У перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі «Імперыя», «Падарожжа з Герадотам», выбраная лірыка. Рэдактарка твораў Бажэна Дудка выказала спадзяванне, што выстава заахвоціць выдаўцоў перакласці на беларускую мову іншыя кнігі пісьменніка, а яго літаратурная спадчына насамрэч багатая — больш за два дзесяткі кніг. Намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі назваў Капусцінскага «знакамітым выхадцам з Беларусі, які захаваў любоў да яе, уславіў не толькі польскую журналістыку і літаратуру, але ўвайшоў у сусветную культуру. Гэта прыклад таго, як выхадцы з Беларусі ўзбагачалі сусветную спадчыну». Аднак жа цікавы факт, што пінскія газеты ў свой час адмовіліся друкаваць частку кнігі «Імперыя», дзе апавядаецца пра Пінск, калі Яўген Салейчук пераклаў яе на беларускую мову.
Не так даўно ў Польшчы разгарэўся скандал, звязаны з імем Рышарда Капусцінскага. Быццам бы журналіст працяглы час супрацоўнічаў з разведслужбамі Савецкага Саюза, а яго рэпартажы мелі недакладнасці і мастацкую прыдумку. Цяпер праверкай гэтых звестак займаецца польскі Інстытут нацыянальнай памяці. Але ў любым разе Капусцінскі дагэтуль уважаецца ў Польшчы за ікону рэпарцёрскага стылю, таленавітага і мужнага журналіста свайго часу.
У Беларусі пра асобу Капусцінскага вядома нямнога, таму выстава можа быць цікавай для тых, хто хоча адкрыць для сябе новае імя ў шэрагу выбітных выхадцаў з нашай краіны. Падрыхтаваная яна была спецыяльна для Мінска, матэрыялы перакладзеныя на рускую і беларускую мовы. Экспазіцыя працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі да 9 мая, з 27 мая па 27 чэрвеня яна будзе дэманстравацца ў Пінску ў Музеі беларускага Палесся.