Памерла Ларыса Фінкельштэйн
Пра сыход з жыцця вядомай мастацтвазнаўцы, арт-крытыка, педагога і галерысткі Ларысы Фінкельштэйн паведамілі ў сацсетках яе калегі.
«Некалькі гадзін таму нас пакінула Ларыса Давідаўна Фінкельштэйн. Папярэдняя дата развітання чацвер 23 лістапада», — гаворыцца ў паведамленні.
Ларысе Фінкельштэйн было 73 гады.
Яна нарадзілася 13 жніўня 1950 года ў расійскай Іашкар-Але, паходзіла з сям’і адэскіх інжынераў, якія эвакуіраваліся ў час Вялікай Айчыннай вайны. Пазней сям’я пераехала ў Мінск.
У 1968 годзе Ларыса Фінкельштэйн паступіла на нямецкае аддзяленне гістарычнага факультэта КазДУ ў Алма-Аце. У 1969 годзе перавялася ў Мінск, у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які скончыла ў 1973 годзе па спецыяльнасці «Гісторыя. Гісторыя мастацтва».
З цягам часу стала спецыялісткай у галіне сучаснага беларускага мастацтва.
Пачатак прафесійнай дзейнасці (1973 год) супаў з адкрыццём першай выставачнай залы сучаснага мастацтва ў рэспубліцы — «Палаца мастацтваў» — Дырэкцыі выстаў Саюза мастакоў БССР. Працавала там да ліквідацыі Дырэкцыі выстаў у 1991 годзе. У гэтым жа годзе стварыла сваю аўтарскую некамерцыйную канцэптуальную галерэю «Брама».
У 1992—2002 гадах — выкладчык аўтарскага спецкурса па мастацтвазнаўстве ў Ліцэі БДУ. У 1999—2001 гадах — дацэнт кафедры мастацтвазнаўства Інстытута сучасных ведаў імя А. М. Шырокава. У 2003—2006 гадах — вядучая мастацтвазнаўца праекта «Інтэрнэт-Інтранэт тэхналогіі» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. З 2006 года — дацэнт кафедры культуралогіі факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
З’яўлялася старшынёй беларускага журы Сусветнага
конкурсу «Дзеці свету малююць Іерусалім» (Мінск, 2000), журы Рэспубліканскага
конкурсу дыпломных работ мастацкіх ВНУ Беларусі «Арт-сесія» (Віцебск, 1999),
членам пастаяннай Рэспубліканскай камісіі па прысуджэнні і пацвярджэнні звання
«Народны калектыў». Пастаянны рэцэнзент дыпломных работ выпускнікоў мастацкіх
факультэтаў і ВНУ (Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага
ўніверсітэта культуры і мастацтва, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, Інстытута сучасных ведаў імя А. М. Шырокава).
Упершыню ўвяла ў лексікон мастацтвазнаўства паняцце «філасофская кераміка».
Аўтар ідэі I Беларускага рэспубліканскага пленэру «аб’ёмнага тэкстылю» (2012),
Рэспубліканскай мастацкай выставы «Разумны метал» (2014).