Праца на Sony Music і рэспект ад Міхалка. 4 крутыя беларускі з індустрыі музыкі

У Беларусі за многімі таленавітымі артыстамі і артысткамі стаяць не менш таленавітыя і амбіцыйныя менеджаркі, фатографкі, рэжысёркі. Усе яны робяць індустрыю больш яскравай, стылёвай і канкурэнтаздольнай. Праект «КЛІК» распавядае пра беларусак, якія часцей за ўсё застаюцца за кадрам, але ствараюць важныя праекты і атрымліваюць асалоду ад сваёй працы.

Дар'я Загорская

Дар'я Загорская

Караліна Палякова, рэжысёрка и фатографка

Караліна Палякова

Караліна Палякова

Караліна Палякова — фатографка, аніматарка і рэжысёрка. Яна рабіла кліпы і анімацыю для праектаў Сяргея Міхалка. Сярод апошніх прац Караліны — кліп «Сокал» гурта NAVIBAND. У ім беларуска паўдзельнічала ў якасці сцэнографкі.

Крыніца: NAVIBAND [ youtube ]

«Для мяне гэта новая практыка, бо звычайна я выступаю мастачкай ці рэжысёркай. Тут жа патрэбна было раіцца і падпарадкоўвацца рэжысёру — шаноўнаму Арцёму Лобачу. Для здымак кліпа мы ў кароткія тэрміны сабралі рэквізіт, багата чаго было ўзята з маёй хаты. Я прынесла сцэнар казкі «Маленькі прынц», які я знайшла аднойчы на сметніку ў Мінску на Плошчы Перамогі. Па сюжэце кліпа чалавек сыходзіць з хаты і кудысьці ўцякае. І калі мне нядаўна вярнулі мае паперы, то лісток абарваўся акурат на словах «я не павінен быў бегчы», — кажа Караліна.

КЛІК: У гэтым кліпе, калі чалавек пакідае свой дом, пакоі затаплівае вада. Мы у «КЛІК» нават паспрачаліся, ці гэта анімацыя, ці вы сапраўды затапілі памяшканне падчас здымак кліпу?

Караліна: Гэта магія кіно, якую я не магу выдаваць. Але на здымках быў яшчэ велічэзны акварыум. У яго мы кідалі розныя прадметы, але рабілі ўсё так, каб ён не пашкодзіўся. І як толькі Арцём сказаў «знята», акварыум трэснуў і стварыў невялічкі патоп.

У 2009 годзе Караліна зрабіла свой першы здымак для СМІ. У «Лідскай газеце» апублікавалі яе фота з канцэрту «Ляпіс Трубяцкі». Праз пару гадоў яна асабіста пазнаёмілася з Сяргеем Міхалком.

— Знаёмства з Сяргеем адбылося калі я працавала ў 34mag.net (адно са старэйшых лайфстайл выданняў у Беларусі). Іх тагачасны прадзюсар Антон Азізбекян звярнуўся да часопіса і сказаў, што гурт хоча атрымаць анімацыйны фотарэпорт з канцэрту «Ляпісаў». Я кажу — добра, давайце зраблю. У мяне вялікая павага да гэтага калектыву, яны фарміравалі мяне на працягу жыцця, таму я падыйшла адказна да працы. Не прагадала: мне патэлефанаваў Антон Азізбекян і сказаў «ну што, табе пашанцавала, віншую».

Гурт паклікаў мяне здымаць ім кліпы, рабіць статычныя працы. Сяргей Міхалок пасля прыйшоў да нас у рэдакцыю, каб паразмаўляць са мной. Мы пайшлі ў асобны пакой, дзе я ў асноўным слухала. Нягледзячы на тое, што музыка гурта мяне сфарміравала, мы адносіліся адзін да аднаго на роўных.

Сярод сваіх прац Караліна выдзяляе кліпы гурта Drezden «Эдельвейс» і «Коалы». Адгукаецца праца для гурта Shuma «Galochki». Гэтае відэа Караліна зрабіла цалкам сама.

— Мне вельмі цяжка працаваць адной. Мне патрэбныя людзі, каб правяраць свае ідэі. Бывае, ў галаву прыходзіць нейкая лухта, і трэба з кімсьці гэта абмяркоўваць. Калі табе кажуць рабіць, што хочаш, то гэта адначасова абмяжоўвае і не абмяжоўвае, бо межы мы часта ствараем сабе самі.

На пытанне, з якімі беларускімі гуртамі Караліна хацела б пасупрацоўнічаць, рэжысёрка адказала пра 5DIEZ і N.R.M.

— Было б крута, калі 5DIEZ перапелі нешта са свайго на беларускай мове. Напрыклад, «Куча мыслей в голове» і «Миллион чужих огней». У апошняй гэта такая эфектная музыка ў розных аранжыроўках. Я нават сама сядзела і перапявала яе на беларускай мове, таму што мне падабаецца тэкст і грув трэка. На старыя песні N.R.M таксама хацела б наздымаць кліпаў, «Молчат Дома» — таксама.

Асобна Караліна выдзяляе працу са Spievy z-pad mosta. Рэжысёрка кажа, што гэта той праект, дзе хочацца рэалізоўвацца і ў які хочацца ўкладаць шмат сілаў.

Ксения Труханович, менеджерка

Ксенія Трухановіч

Ксенія Трухановіч

Ксенія займаецца музычнай дыстрыбуцыяй, падачай рэлізаў на прома ў кампаніі Mediacube – кампаніі, якая займаецца дыстрыбуцыяй музыкі.

— Музыка заўсёды была часткай майго жыцця — мой тата музыка. З дзяцінства мяне гэта ўсё захапляла, і я рамантызавала працэс стварэння музыкі, запісы. Падабалася прыязджаць на саўндчэкі і рэпетыцыі, тусавацца ў грымёрцы. Я марыла стаць рок-зоркай і жыць у Галівудзе. Але потым зразумела, што я куды лепшы менеджар, чым артыст. Вось так паступова ад працы ў тб-прадакшне і івэнце я ў 2021 годзе прыйшла ў Mediacube.

Кампанія супрацоўнічае з многімі артыстамі. З беларускіх — гэта Palina, Intelligency, Iva Sativa. Іх творчасць Mediacube выпускае як лэйбл.

— У працы мяне больш за ўсё натхняе вынік. Калі бачыш вынік сумесных намаганняў, гэта дае задавальненне. Цешыць, калі чую/бачу нешта сапраўды якаснае. Яшчэ натхняе бачыць поспехі нашых музыкаў, тады я ганаруся і адчуваю сябе часткай чагосьці важнага.

З беларускіх музыкаў Ксенія вылучае творчасць Alexey Krivdin. На думку дзяўчыны, у артыста вялікі патэнцыял.

Дар'я Загорская, рэжысёрка і фатографка

Дар'я Загорская

Дар'я Загорская

Даша працуе ў польскім падраздзяленні Sony Music у аддзеле кантэнту. Задачы выконвае розныя, у тым ліку і здымае кліпы. Фатаграфавала для Maneskin, The Rasmus, Kalush Orchestra і г.д.

«Калі я прыехала ў Польшчу, дык не ведала, чым буду займацца. Я заўсёды была творчым чалавекам, але тут паспела папрацаваць на кухні, касірам, мыла крэслы на Stadion Narodowy. І вось улетку 2023 гады мне ў Sony выдалі квіток на канцэрт Гары Стайлза. Я ішла па тых жа калідорах стадыёна, дзе калісьці мыла крэслы. Іду на канцэрт, а некалі ішла з вядром і анучай у руках. Так што мары здзяйсняюцца. Галоўнае марыць і рабіць тое, што любіш», — распавядае Даша.

У Беларусі Даша паспела папрацаваць у двух буйных медыях. За 1,5 гады ўзяла каля ста інтэрв'ю і моцна прапампоўвалася ў працы з людзьмі і ў відэаздымцы.

— У Realt.by я займалася YouTube-каналам. Мне заўсёды падабалася мець зносіны з людзьмі, і я здымала гісторыі аб тым, як яны будавалі дамы, якія памылкі дапускалі. Тады я аб'ездзіла ўсю Беларусь і закахалася ў краіну. Я нават ня ведала, што ў нас столькі класных месцаў.

У Sony Даша першапачаткова падзарабляла, а пасля ёй даверылі зняць кліп.

— Гэта было для мяне шокам. Я вельмі перажывала і ў нейкі момант нават думала адмовіцца. Але мне так хацелася зняць кліп, што я ўзялася за працу. На здымцы быў пацешны момант, калі аператар сказаў мне "Даша, ты будзеш камандаваць?" Я гляджу на яго і не разумею, пра што ён. Тады ён мне патлумачыў пра каманды, якія мусіць аддаваць рэжысёр. У выніку я запісала на лістку парадак гэтых рэжысёрскіх каманд, каб не забывацца.

Даша гарыць сваёй працай і кайфуе ад здымак. Разам з сябрамі развівае праект «Цыкады» — гэта YouTube-канал, дзе хлопцы здымаюць live-выступы і перформансы музыкаў, у тым ліку - беларускіх.

«У Беларусі вельмі шмат класных і таленавітых хлопцаў. Праблема ў тым, што шмат хто не ведае, што гэта беларусы. Напрыклад, «Молчат дома». Я вельмі люблю гэты гурт, але быў час, калі я не ведала, што яны з Беларусі».

Цяпер Даша рэжысуе кліп для Насты Рыдлеўскай у новым праекце «КЛІК». Зусім хутка адбудуцца маштабныя здымкі.

Лізавета Касцюкевіч, менеджарка

Лізавета Касцюкевіч

Лізавета Касцюкевіч

Лізавета — менеджарка праекта ROMANTICA. Для яго яна прыдумляе крэатывы ў TikTok, дапамагае са здымкамі і мантажом. Займаецца прасоўваннем: шукае цікавыя калабарацыі з іншымі артыст/камі, інфармацыйныя рэсурсы, якія могуць пра яго расказаць.

— Перыядычна беларускія музыкі прыходзяць да мяне па параду. Самае галоўнае іх пытанне — як данесці музыку да сваёй аўдыторыі і стварыць пэўную выяву. У асноўным, я прапаную ім вырашыць гэтыя задачы з дапамогай ролікаў у TikTok/Instagram.

«Мы вылучаем асноўныя каштоўнасці артыста, прадумваем, праз якія крэатывы іх данясем. Па прасоўванні кожнага трэка ствараецца свой кантэнт-план. Пасля такога разбору я застаюся на сувязі з хлопцамі, сачу за іх поспехамі і магу яшчэ нешта падказваць. Аднойчы да мяне прыйшоў хлопец з настолькі палаючымі вачыма, што мы не абышліся адной гутаркай. Калі я бачу, што чалавек закаханы ў сваю справу, то ў адказ загараюся не менш. Месяц з ім прадумвалі яго праект, і самае крутое - нашы ідэі ўжо працуюць», — распавядае Лізавета.

У музычную індустрыю Лізавета трапіла выпадкова, дзякуючы свайму знаёмаму Мішу — аднаму з заснавальнікаў праекта «Legal Music» — блога пра беларускую музыку, які пасля стаў прадзюсарскім цэнтрам.

— Яшчэ на этапе зараджэння ідэі праекта Міша прыйшоў да мяне са словамі «Нам патрэбен адказны чалавек на сапарт, залятай. Ты адказная, таму што ва ўніверы добра вучышся». На той момант я ніяк не была звязана з музыкай, нават беларускіх артыстаў толкам не ведала.

Я закахалася ў гэты праект настолькі, што 2.5 гады расказвала пра свежыя беларускія рэлізы і кожны чацвер выпускала афішу на выходныя. У нас была вялікая, згуртаваная каманда і куча актыўнасцяў: мы асвятлялі мерапрыемствы ў сябе ў блогу, бралі інтэрв'ю, выпускалі падкаст з дзеячамі музычнай індустрыі і прыдумлялі розныя рубрыкі.

У музыцы Лізавету натхняе ўменне музыкаў выказацца на важную тэму за пару хвілін. Дзяўчына найперш звяртае ўвагу на тэкст.

— З ходам часу маёй рухаючай сілай сталі вочы артыстаў пасля таго, як я дзялілася з імі сваімі думкамі наконт іх творчасці. Прыходзілі людзі з абсалютна рознай музыкай, але заўсёды сыходзілі задаволеныя і ўлавілі маю думку. Так я стала разумець, што ў мяне выпрацавалася вызначаная працоўная схема: алгарытмы пасоўвання музыкі з пункта гледжання маркетынгу + адметныя рысы творчасці кожнага артыста. Я заўсёды імкнуся данесці каштоўнасць маркетынгавай стратэгіі ў папулярызацыі музыкі.