«Пуп неба» — чэскі фільм пра беларускую паэзію і палітыку
У інтэрнэце з'явіўся дакументальны фільм пра сучасную беларускую паэзію і палітыку «Пуп неба». Яго можна паглядзець на сайце Чэскага тэлебачання.
19 снежня 2010 года. Збіты Уладзімір Някляеў
Чэскі публічны тэлеканал ČT2, які спэцыялізуецца на культуры, публіцыстыцы і дакументалістыцы, размясьціў у інтэрнэце дакументальны фільм «Пуп неба», прысвечаны актуальным падзеям у беларускай паэзіі і палітыцы.
Ужыты ў назве фільму вобраз узяты з верша Віктара Жыбуля, напісанага ў рамках літаратурнага праекту Радыё Свабода«Верш
на Свабоду» у 2001 годзе:
Я не хачу быць пупом зямлі.
У зямлі й безь мяне хапае пупоў.
Я хачу быць пупом неба.
Паветранай ямай і чорнай дзіркай
быць я хачу.
Там болей волі,
болей свабоды
там.
Да пупа неба ад Зямлі, бліжэй за ўсё з найвышэйшага пункту Мінску, нейкіх 300 метраў над узроўнем мора, піша аўтар анатацыі пра фільм на сайце Чэскай тэлевізіі. За пару кіламэтраў адтуль — плошча Незалежнасці, дзе ў снежні 2010-га міліцыя збівала дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць сфальшаваных прэзідэнцкіх выбараў. Адным з кандыдатаў на выбарах быў і вядомы беларускі паэт Уладзімер Някляеў. Яго таксама збілі і пасадзілі пад хатні арышт. З гэтага ўсяго ўзнік гэты фільм пра багатую і жывую беларускую паэзію, расейскамоўнага прэзідэнта і пра «далькажык». Як жыве сёньня паэзія на перыфэрыі капіталізму і якія яна мае для яго мэтафары?
У гэтым партрэце Беларусі кантрасна супрацьпастаўленыя тамтэйшая сучасная паэзія і палітычныя актуаліі. Дзея фільму ахоплівае перыяд паміж дэманстрацыямі супраць вынікаў выбараў
і так званымі маўклівымі пратэстамі летам наступнага году. У фільме гучаць 14 вершаў, якія прадстаўляюць найцікавейшыя зьявы ў паваеннай беларускай паэзіі.
Найстарэйшаму аўтару за восемдзесят, наймаладзейшаму яшчэ няма і трыццаці.
«Я паспрабаваў у гэтай кінаанталогіі выкарыстаць жанравыя прыёмы мюзыклу — дэкламацыі і пэрформансы найцікавейшых сучасных беларускіх вершаў
зняць як самастойныя „нумары“ і пры гэтым захаваць сюжэтную лінію», — каментуе жанр фільму рэжысёр Радзім Прохазка.
Спалучэньне паэзіі і палітыкі, на думку аўтара, дазваляе паказаць абсурднасць сённяшняй беларускай рэчаіснасці, а таксама пэўную
безвыходнасць змагання супраць Лукашэнкі. Паказаўшыся ў некалькіх сцэнах, беларускі «паэт сілы» — прэзідэнт Аляксандар
Лукашэнка — даводзіць, што ягоныя дэмагагічныя выступы заўсёды звяртаюць на сябе больш увагі, чым тонкія і бліскучыя паэтычныя мэтафары.
Асноўная частка фільму была зьнятая ўвесну 2011 году. Тады рэжысёр Прохазка разам з Эрыкай Гнікавай падрыхтаваў 10 кароткіх партрэтаў
сучасных паэтаў для незалежнага тэлеканалу Белсат. Пасля сыры матэрыял быў выкарыстаны і ў гэтым фільме.