Разгадка «загадкавай смерці» Купалы

Давайце нарэшце прызнаемся: у выпадку з Міхоэлсам, Пэнам, Купалам не было ніякіх «загадкавых смерцяў». Былі відавочныя забойствы, характар і матывы якіх зразумелыя. Мы пакуль не ведаем толькі аднаго: дакладных прозвішчаў выканаўцаў.



b315edbeeaa3c121728a4206bad3b310.jpg

Віктар Марціновіч піша для budzma.by пра відавочнае ў “загадкавай” смерці Янкі Купалы.

Прачытаў днямі ў водгуку на грунтоўную кнігу Ганны Севярынец пра Глебку: Глебка жыў побач, калі з Купалам здарылася трагедыя. І, дзякуючы Глебкавым дзённікам, ёсць шанец, што “таямніца смерці Купалы” будзе раскрытая. Што “дзясяткі версій адпадуць”, ага. І каторы ўжо раз даводзіцца чуць пра гэтую “таямніцу”. Нават у Вікіпедыі, якую правіць можа любы беларус, напісана, што “паэт сарваўся ў лесвічны пралёт паміж 9 і 10 паверхамі” гатэля “Масква”.

У гэтым ёсць нешта тупіковае для мяне: набліжаючыся да відавочнага забойства, з відавочнымі матывамі і колам падазраваных, мы зноўку і зноўку з меркаванняў нейкай “паліткарэктнасці” ці “гістарычнай дакладнасці” падпускаем туману і пачынаем сумнявацца ў тым, у чым у любога чалавека, які паклапоціцца хаця б крыху пачытаць пра абставіны здарэння ў “Маскве”, не будзе ніякага сумневу.

Мне цікава, які механізм памяці тут спрацоўвае. Жаданне апраўдаць уласную цьмяную гісторыю, у якой каты ў пагонах і без маглі разам ставіць кропку ў біяграфіі найлепшых творцаў краіны? Адмаўленне таго, што спадкаемцы гэтых людзей дагэтуль могуць жыць сярод нас? Нежаданне правесці люстрацыю савецкіх злачынстваў хаця б у сваёй уласнай галаве?

 

Вокладка кнігі "Вакол Пятра Глебкі". Выдавецтва "Лімарыус", 2019 год.

Вокладка кнігі "Вакол Пятра Глебкі". Выдавецтва "Лімарыус", 2019 год.

Давайце не будзем больш выкарыстоўваць выраз “таямніца смерці Купалы”. Таму што калі чалавека, які за некалькі хвілін да гэтага планаваў сваё 60-годдзе і весяліўся з паплечнікамі, знайшлі пераламаным пасля падзення з вышыні, ніякай іншай версіі, акрамя наўмыснага забойства, быць не можа. Карціна суіцыду выглядае інакш — пра гэта вам распавядзе любы следчы па цяжкіх справах.

То тут — “таямніца забойства”, а не “таямніца смерці”. Але і з гэтай таямніцай усё проста і ясна. Гэта, прабачце, не перавал Дзятлава. Калі б Купалу скінуў нехта, акрамя той сілы, што была ўпаўнаважаная праводзіць расследаванні, мы б ужо пра тое ведалі. Бо савецкія гатэлі, праз канцэнтрацыю ў іх іншаземцаў, а значыць — патэнцыйных шпіёнаў, былі паўнавартаснымі рэжымнымі аб’ектамі.

Калі б Купалу праз парэнчы кульнула якая Паўліна Мядзёлка (ёсць такая версія-дурніца для прасцячкоў) ці ён сам бы скокнуў пасля размовы з ёй, нам бы пра гэта падрабязна распавялі ў гучнай справе: вось, нямецкая (ці фінская, ці брытанская) наймітка забіла дзеяча савецкай культуры. Такой была логіка савецкай крымінальнай сістэмы: калі кокнулі не самі — абавязкова прад’явіць вінаватых.

У выпадку з Купалам усё не проста відавочна. Усё ўкладаецца ў почырк, мае прыкметы падобных злачынстваў, здзейсненых да і пасля таго. Згадайма, напрыклад, “загадку смерці” дзеяча габрэйскага нацыянальнага руху Саламона Міхоэлса. Якога знайшлі ў 1948 годзе ў Мінску, у раёне вакзала, расціснутым быццам у звычайным ДТЗ, вінаваты ў якім збег.

Дык вось, абставіны гэтага “ДТЗ” зафіксаваныя дакументальна: Міхоэлса ліквідавалі два супрацоўнікі МДБ, прычым забівалі яго (пераехаўшы важкім грузавіком) непасрэдна перад асабістым домам Цанавы, што месціўся ва ўрочышчы пад Мінскам (пасля публікацыі гэтых падрабязнасцяў дом Цанавы зрабіўся стыхійным месцам паломніцтва ўсіх, каму балелі злачынствы савецкай карнай сістэмы, ён увесь быў размаляваны пратэстнымі графіці, што ўпікалі катаў; таму некалькі гадоў таму яго ціхенька знеслі. Хаця, між іншага, гэты ладны маёнтачак меў і архітэктурную вартасць).

Ці прыгадаць “таямніцу смерці” настаўніка Шагала, чалавека, што выгадаваў шмат каго з дзеячаў віцебскагга авангарду. У 1937 годзе Юдаль Пэн быў знойдзены ў сваім доме пасечаны сякерай. Ягоныя вочы былі выціснутыя, быццам Пэна катавалі. У жытле захаваліся грошы і каштоўныя рэчы, так што версія з рабаўніцтвам адпадае. Доўгі час дапусціць датычнасць карнікаў, асабліва актыўных у 1937-м, не дазваляла адсутнасць матыву.

Навошта ліквідаваць старога, які паспеў ператварыцца ў сцяг цяперака зноў ужо запатрабаванага мастацкага рэалізму? Але высвятляецца, што Пэн ліставаўся з Шагалам, і не проста ліставаўся, але і рыхтаваў эміграцыю: знойдзеныя сведчанні таго, што яны абмяркоўвалі вываз карцін Пэна і іх продаж у Еўропе. То, відавочна, савецкая дзяржбяспека не хацела займець яшчэ аднаго паспяховага ўцекача.

Дарэчы, у сваёй кнізе пра Шагала (“Радзіма. Марк Шагал у Віцебску”; М.: НЛА, 2016) я рэканструюю абставіны адмовы Шагала наведаць Віцебск падчас трыумфальнага візіту ў СССР у 1973 годзе. Ён даваў вельмі цьмяныя тлумачэнні нежаданню наведаць родны горад. Прычым розным людзям казаў рознае. Каму-нікаму жаліўся нават, што “прастыў”. Калі пісаў “Радзіму” не задумаўся, а цяпер дык лічу відавочным: успамін пра засечанага сякерай настаўніка разам з дапушчэннем, што забойца дагэтуль можа хадзіць па віцебскіх вуліцах, мог адыграць у тым Шагалавым рашэнні ключавую ролю.

То давайце нарэшце прызнаемся: у выпадку з Міхоэлсам, Пэнам, Купалам не было ніякіх “загадкавых смерцяў”. Былі відавочныя забойствы, характар і матывы якіх зразумелыя. Мы пакуль не ведаем толькі аднаго: дакладных прозвішчаў выканаўцаў.

І яшчэ: наіўна было б чакаць, каб простую (такую патрэбную для выбудоўвання нашай самасці) версію дала дзяржаўная кінавытворчасць. У гэтым сэнсе спадзеваў на добры фільм, які падрыхтаваў пра Купалу “Беларусфільм”, у мяне няма. Але хутка з’явіцца кніга пра Купалу, якую Уладзімір Някляеў піша ў Швецыі.

Літаратура для памяці бывае больш карыснай за кіно, бо літаратуры дазволена болей. Я ўпэўнены ў тым, што мой старэйшы калега дасць вычарпальныя адказы, пасля якіх кожны беларус разбярэцца з забойцамі Купалы.

Віктар Марціновіч, budzma.by