Двайнік Рамана Паланскага
«Прывід» — апошні фільм слыннага рэжысёра — можна ацаніць на 3,5 зорачкі па пяцізоркавай шкале.
Людзей, якіх пішуць за іншых кнігі, у нас называюць «літаратурнымі неграмі», а на Захадзе — «прывідамі». Жыццё прывідаў невядомае, уся пашана дастаецца іх
героям. Колішні брытанскі прэм’ер Адам Лэнг (Пірс Броснан) наймае такога прывіда, каб той дапісаў ягоную біяграфію. Папярэдні пісьменнік загадкава загінуў.
Герой (зляканы і стрыманы Юэн МакГрэгар) трапляе ў цэнтр палітычных інтрыг і страшных загадак.
У карціне Рамана Паланскага, якой рэжысёр кіраваў з турэмнай камеры, ажываюць шпегаўскія гісторыі ў духу Хічкока і выкрываюцца нягодныя палітычныя гульні. Але стужка, нягледзячы на ўяўную
актуальнасць, — адвечны рэжысёрскі сюжэт пра жыхара гета ў варожых абставінах. Гэты месціч, як маленькі Раман, хаваўся ад эсэсаўцаў («Піяніст»), быў героем у вампірскім
палацы («Баль вампіраў»), станавіўся ахвяраю паранойі («Жыхар»).
У «Прывідзе» нічога містычнага няма, калі не лічыць несастарэлай рэжысёрскай віртуознасці. Фільм — камерны палітычны трылер, пабудаваны як добры і забыты дэтэктыў. Толькі
следчы ў такім дэтэктыве не адрозніваецца ад ахвяры. Толькі за шыбамі — сумна-трымценны дождж, палохае самотная выспа, а разгадка таямніцы каштуе заўжды задорага.
--------------------------------------------------------------------
Нястрыманая класічная школа
Сільвестр Сталонэ зрабіў баявік у духу 1980-х. Сталонэ запрасіў у фільм «Нястрыманыя» і іншых галівудскіх ваяроў. Бадзёрая і «нястрыманая» адзнака
стужкі — 3 зорачкі з 5-ці.
Кампанія наёмнікаў на чале з Барні Росам змагаецца з кепскімі хлопцамі па ўсім свеце. Аднойчы героі атрымліваюць заданне правесці аперацыю ў дыктатарскай краіне. Але адзін ваяр з баявой каманды
перайшоў на бок ворага. Барацьба пачынаецца.
Карціна Сільвестра Сталонэ «Нястрыманыя» — вяртанне ў залатыя часы 1980-х, калі кампутарныя эфекты не лезлі ў вочы, героі былі станоўчыя, а нягоднікі атрымлівалі па мордзе
па поўнай праграме. У фільме ў галоўнай ролі здымаецца ганаровы «Рэмба» — Сталонэ. Запрошаны новыя героі боек: Джэт Лі, алімпійскі ўдзельнік Джэйсан Стэтхэм і —
настальгічная радасць — старая гвардыя. У іранічна-сяброўскім эпізодзе з’явяцца тэрмінатар і губернатар Арнольд Шварцэнэгер, «моцны арэшак» Брус Уіліс. Асобная
роля перабежчыка — у Дольфа Лундгрэна.
У кампаніі крутых хлопцаў — і Мікі Рурк, які ў 1980-я гады здымаўся ў аўтарскім кіно ды эратычных стужках. Але па вяртанні на вялікі экран Рурк абзавёўся тварам «Рэстлера»,
лапшовай фрызурай і жалезнымі фіксамі. У баявой кампаніі — самае тое.
Правераная каманда — яшчэ даволі бадзёрая. А бойкі без каскадзёраў, жыўцом — гэта вам не кампутарныя фіцюлькі.
Падрыхтаваў Андрэй Крыніцын