Сілуэты Рыгора Печнікава
Напэўна, такой шматлікай мастацкай выставы, што адкрылася ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык», яшчэ не было. Гэта 508 графічных работ пружанскага мастака Рыгора Піліпавіча Печнікава.
Напэўна, такой шматлікай мастацкай выставы, што адкрылася ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык», яшчэ не было. Гэта 508 графічных работ пружанскага мастака Рыгора
Піліпавіча Печнікава.
«Сілуэты» — такая назва выставы цалкам адпавядае яе зместу, тут прадстаўлены накіды і эскізы, якія здалёк сапраўды нагадваюць абрысы сілуэтаў. Магчыма, нехта задумаецца,
навошта паказваць накіды. Але менавіта па эскізах і накідах можна адчуць руку майстара. Некаторыя мастацтвазнаўцы нават выдзяляюць маляванне накідаў у асобны накірунак выяўленчага мастацтва.
Рыгор Піліпавіч Печнікаў нарадзіўся 7 лютага 1940 года ў Гомелі. У гэтым жа годзе яго сям’я пераехала ў Пружаны, дзе ён вучыўся ў СШ №2. Падчас вучобы праявіліся мастацкія здольнасці Рыгора
Піліпавіча: ён прымаў удзел у розных конкурсах, афармляў школьныя газеты, таму вырашыў паступаць у мастацкае вучылішча імя Глебава. Ажыццявіць сваю мару з першага разу не ўдалося. Рыгор Піліпавіч не
стаў адчайвацца. Паспрабаваў свае сілы ў другі раз, а пасля і ў трэці. Яго мара здзейснілася ў 1960 годзе, калі ён паступіў на вячэрняе аддзяленне Мінскага мастацкага вучылішча. Вучыўся ён у
славутага мастака Валянціна Волкава. Вучобу сумяшчаў з працай мастака-афарміцеля на заводзе. А ў 1963 годзе ён быў залічаны на аддзяленне «Графіка» Мінскага тэатральна-мастацкага
інстытута.
Напрыканцы 1960-х Печнікаў вярнуўся ў Пружаны. Тут працаваў мастаком на заводзе радыёдэталяў, настаўнікам малявання і чарчэння ў школах раёна, кіраўніком гуртка юных мастакоў у Цэнтры творчасці
дзяцей і моладзі, стаяў ля вытокаў адкрыцця мастацкага аддзялення Дзіцячай школы мастацтваў імя Рыгора Шырмы і быў яе першым выкладчыкам.
Віталь Раманоўскі, Наталля Грыцко, Вольга Басак, Кацярына Бушук, дачка Анастасія і шмат іншых таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх нацэліў на творчасць Рыгор Піліпавіч, звязалі сваё жыццё з
мастацтвам. За гэты час ім была створана вялікая колькасць мастацкіх твораў, з якімі знаёмы многія пружанцы. Ён займаўся афармленнем інтэр’ераў у школах, знакамітага музея ў
аграрна-тэхнічным каледжы, павільёнаў гарадскога рынку. Па праекту Рыгора Піліпавіча выкананы Царскія вароты ў Свята-Мікалаеўскай царкве ў вёсцы Засімавічы і іканастас Свята-Пакроўскай царквы ў
Гарадзечна. Мастак плённа працуе і зараз, асноўны накірунак яго творчасці — іконы.
Работы, прадстаўленыя на выставе, створаны мастаком у 1960–1970 гадах. Асноўная частка — гэта накіды людзей і натуршчыкаў. А яшчэ шмат пружанскіх замалёвак — вуліц і
куточкаў гораду, якія сёння ўжо не пазнаць.
Алена Зялевіч