Сёння — дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай
Праваслаўная
царква 5 чэрвеня ўшаноўвае памяць Еўфрасінні Полацкай, Нябеснай заступніцы
Беларусі, самай вядомай беларускай святой.
Раней, да пераходу на грыгарыянскі каляндар у царкоўным жыцці, у гэты дзень прыгадвалі св.Еўфрасінню і беларускія грэка-католікі. Зараз беларускія ўніяты памінаюць яе 23 мая. У гэты дзень у 1167 годзе святая пайшла з зямнога жыцця ў нябеснае — у вялікім горадзе Ерусаліме.
Тры гады таму напярэдадні 5 чэрвеня адбыўся сапраўдны цуд — у Полацку занйшлі актавую пячатку з надпісам «Господи помози рабе своеи Офросиниі», што, на думку аднаго з аўтараў знаходкі, мінскага археолага Сяргея Тарасава, бясспрэчна сведчыць пра прыналежнасць пячаткі да канцылярыі самой святой.
Еўфасіння не
толькі перапісвала, і, магчыма, перакладала кнігі. Еўфрасіння Полацкая яшчэ
вяла шырокую карэспандэнцыю: невыпадкова адна з падобных пячатак знойдзена ў
Ноўгарадзе.
Другую пячатку сам Тарасаў знайшоў у 1998 годзе на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Аднак да знаходкі 2015 года нельга было казаць, што гэтая пячатка — менавіта Еўфрасінні. На ёй захаваліся не ўсе радкі, а толькі: «Госпадзе, дапамажы рабыні сваёй». Адсюль была зроблены выснова, што пячатка належала жанчыне. Але ці самой святой? Былі меркаванні, што яна магла належаць і сястры Еўфрасінні Полацкай Еўдакіі, ігуменні Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.
Новая знаходка дала магчымасць параўнаць абедзве пячаткі, і ёсць амаль поўная ўпэўненасць, што пячатка 1998 года таксама належала Еўфрасінні.
Трэцяя
паходзіць «з Беларусі», месца знаходкі дакладна невядомае. Чацвёртая, якая
прыйшла да нас тры гады таму ў святочныя дні, — самая лепшая па захаванасці.
Дапоўнім пячатку фрэскамі з келлі-малельні св.Еўфрасінні ў Спасаўскім храме, каляровым малюнкам Крыжа, зробленага Лазарам Богшам па замове святой.
І скончым
словамі самой св.Еўфрасінні, сказаныя ёю пра зямную хуткаплынную славу, ад якой
яна адмовілася, і ад якой адмаўляюцца ўсе людзі духоўнага жыцця, абіраючы
Служэнне – ці то Богу, ці то свайму народу: «… А слава гэтая — пыл і попел, быццам
дым разыходзіцца і нібы пара водная гіне!...» («Аповесць жыцця і смерці святой
і блажэннай найпадобнейшай Еўфрасінні…»).