Як прайшоў мітынг у Курапатах (відэа і шмат фота)
Роўна праз 30 год пасля раскрыцця праўды пра Курапаты, 3 чэрвеня, ва ўрочышчы прайшоў дазволены ўладамі мітынг.
3 чэрвеня 1988 года ў газеце “Літаратура і мастацтва” пры поўнай падтрымцы рэдакцыі быў апублікаваны артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва “Дарога смерці”. Так беларусы даведаліся праўду пра Курапаты. Сведчанні пра расстрэлы ва ўрочышчы Зянон Пазняк і Яўген Шмыгалёў збіралі ад жыхароў навакольных вёсак яшчэ ў 1970-я, але чакалі зручнага моманту для абнародвання гэтай інфармацыі.
Яўген Шмыгалёў працаваў простым рабочым, але дапамагаў Зянону Пазняку ў высвятленні праўды пра Курапаты. Быў чалавекам непублічным і спачатку не хацеў, каб яго імя таксама стаяла пад артыкулам. Потым пагадзіўся, калі Зянон Пазняк улучыў у тэкст яго аповед пра рэпрэсіі супраць крымскіх татараў і давёў, што без яго не здабыў бы столькі інфармацыі пра Курапаты. Яўген Шмыгалёў памёр у 2000 годзе ад невылечнай хваробы.
Як распавёў падчас мітынгу намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі, калі выйшаў артыкул, ён таксама працаваў на заводзе. Прынёс газету ў цэх – і кожны хацеў яе прачытаць. Рабочыя размножылі тэкст праз завадскі капіравальны апарат, які кантраляваўся супрацоўнікамі КДБ, падклаўшы газету між старонкамі тэхнічнай дакументацыі.
Імпрэзу ў Курапатах вёў намеснік старшыні КХП-БНФ Сяргей Папкоў. Выступілі таксама гісторык Валянціна Вяргей, мастак Алесь Марачкін, кіраўнік Арт-Сядзібы Павал Белавус, кіраўнік прац па ўпарадкаванні Курапатаў Алесь Чахольскі. У запісе прагучала прамова Зянона Пазняка, у якой ён заклікаў знесці незаконна пабудаваную рэстарацыю (экс-Бульбаш-хол), якая, дарэчы, і 3 чэрвеня не распачала працу.
Алесь Марачкін выказаў думку, што нацыя павінна клапаціцца ў першую чаргу пра мову і культуру, потым пра эканоміку, і толькі ў трэцюю чаргу пра палітыку. Акурат у рэчышчы гэтай думкі выйшла, што мітынг з прамовамі адбываўся ўнізе, ля Крыжа пакутаў, потым прайшло шэсце на курапацкую Галгофу, дзе, на самым пачэсным месцы, зладзілі мастацкую частку мітынгу з вершамі і спевамі.
Алесь Чахольскі падчас сваёй прамовы адзначыў, што ў складзе ЧК нашы суайчыннікі складалі вельмі малы адсотак, у межах статыстычнай пагрэшнасці, таму некарэктныя выказванні кшталту “Беларусы самі сябе расстрэльвалі”. Суд над фашызмам адбыўся, і над камунізмам таксама адбудзецца, і ўсе вінаватыя ў вынішчэнні беларускага народа будуць прыцягнутыя да адказнасці.
Бард Зміцер Захарэвіч нагадаў, што 3 чэрвеня можна святкаваць і іншыя юбілеі. У гэты дзень у 2002-м годзе абаронцы Курапатаў спынілі 8-месячную варту і пайшлі на плошчу Незалежнасці. 3 чэрвеня 1863 г. адбылася бітва пад Мілавідамі, найбуйнейшая на тэрыторыі Беларусі, у якой перамаглі паўстанцы.
Павал Белавус адзначыў, што ў кастрычніку 2018 г. спаўняецца 30 год заснавання БНФ і 30 год са дня першага шэсця на Дзяды. Ён заклікаў далучацца да акцыі “Брукаванка памяці”, якую можна падтрымаць на Талацэ.
На мітынгу было каля 200 чалавек. Дзіўна, што так мала. Можа, віной таму распачаты сезон сельскагаспадарчых прац? Бо агулам, здаецца, заклапочаннасць лёсам Курапатаў у грамадстве значна больш масавая. Тады лагічна было б, што па дачах раз’ехаліся людзі старэйшага веку, а на мітынг прыйшла моладзь. Але моладзі было не так і шмат.
Расцяжкі паведамлялі пра месцы масавых расстрэлаў ля іншых беларускіх гарадоў і прымушалі задумацца, колькі палігонаў смерці на нашай зямлі яшчэ не выяўлена.
Фота і відэа аўтаркі