Акцыя ва ўкраінскай Быкоўні — каб абараніць Курапаты
У Нацыянальным мемарыяльным комплексе "Быкаўнянскія магілы" Рух салідарнасці 'Разам" 3 чэрвеня правёў акцыю ўшанавання памяці ахвяраў камуністычных злачынстваў.
Акцыя была прымеркавана да 30-годдзя з'яўлення артыкула Зянона Пазьняка і
Яўгена Шмыгалёва "Дарога на Курапаты", і рабілася, каб дапамагчы
абараніць беларускую святыню — Нацыянальны некропаль Курапаты
У мерапрыемстве прымалі ўдзел сябры Руху салідарнасці "Разам" з Менску, Мар'інай Горкі і Светлагорску, сябры Руху ва Украіне, грамадскія дзеячы з Літвы і Украіны.
Акцыю вяла сустаршыня Руху Алена Талстая. Па традыцыі, ушанаванне распачалося з малітвы за спачын душы ахвяраў бальшавіцкага тэрору, якую чытаў святар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы а. Вікенцій.
Ініцыятар мерапрыемства, заснавальнік Руху салідарнасці "Разам" Вячаслаў Сіўчык расказаў пра абарону Курапатаў, у якой прымаў удзел непасрэдна перад мерапрыемствам, заклікаў да салідарнасці з абаронцамі беларускага Нацыянальнага некропалю, і выказаў спадзяванне, што на тэрыторыі ўкраінскага мемарыяльнага комплексу "Быкаўнянскія магілы" будзе ўсталяваны сімвал Беларусі, — крыж Ефрасінні Полацкай, у памяць забітых тут маскоўскімі камуністамі беларусаў.
Ля крыжоў мемарыяла прагучалі таксама прамовы дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны, былога камандзіра штурмавой роты "Айдар" Ігара Лапіна, вядомага літоўскага грамадскага дзеяча Стасіса Каўшыніса, беларускага паэта і першага палітвязня рэжыму Лукашэнкі Славаміра Адамовіча, украінскага грамадскага дзеяча, сябра Дабрабату ОУН Андрыя Пастушэнка, кіраўніка Салавецкага брацтва Георгія Лук'янчука.
Завяршылася акцыя ўшанавання памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій хвілінай маўчання, воклічамі "Жыве Беларусь!", "Слава Украіне!"і "Героям Слава!", ускладаннем кветак і запальваннем знічак.
Беларуская дэлегацыя ўзячная адміністрацыі Нацыянальнага гісторыка-мемарыяльнага запаведніка "Быкаўнянскія магілы" за гасцінную сустрэчу і арганізацыю экскурсіі па мемарыялу ўсім удзельнікам мерапрыемства.
Паводле прэс-групы Руху салідарнасці "Разам"