Снег. Таксі. Украіна...

Сёння ў нас у Піцеры першы па-сапраўднаму зімовы дзень — са снегам. Аднак падставаў для радасці ўсё адно мала, бо снег ідзе такі мокры, што пагражае ператварыцца ў брыдкі дождж, а сіберны вецер шчодра б’е па твары буйнымі пухнатымі снежнымі шматкамі-аплявухамі. І хоць жыццё ў гэтым горадзе хутка навучае абыходзіцца без парасона, у такія дні, як сёння, гэта звычка контрпрадуктыўная. Ва ўсялякім разе, калі трэба хутка дабрацца пешкі па Фантанцы ад Сянной плошчы да Неўскага.

Сёння ў нас у Піцеры першы па-сапраўднаму зімовы дзень — са снегам. Аднак падставаў для радасці ўсё адно мала, бо снег ідзе такі мокры, што пагражае ператварыцца ў брыдкі дождж, а сіберны вецер шчодра б’е па твары буйнымі пухнатымі снежнымі шматкамі-аплявухамі. І хоць жыццё ў гэтым горадзе хутка навучае абыходзіцца без парасона, у такія дні, як сёння, гэта звычка контрпрадуктыўная. Ва ўсялякім разе, калі трэба хутка дабрацца пешкі па Фантанцы ад Сянной плошчы да Неўскага.
І вось таму ўпершыню за доўгі час мне прыходзіць на думку ўзяць таксі. Аднак класічнай паездкі на гэтым відзе транспарту ў мяне не атрымліваецца: на мой крык-жэст пра дапамогу адгукаецца прыватнік, кіроўца старэнькага “Фольксвагена, які без разваг называе мне тарыф — 150 рублёў (за 1,5 кіламетра шляху). Многа гэта ці мала? Я не ведаю! Брыдкае надвор’е штурхае мяне насустрач лёсу.
Зручна ўладкоўваюся ў фатэлі побач з кіроўцам, павольна перавожу дыханне, атрымаўшы нарэшце магчымасць абдумаць названы мне тарыф, і з крыўдай кажу: “У Кіеве за такія грошы можна аб’ехаць палову горада. Кіроўца здзіўлена глядзіць на мяне і з гонарам адпрэчвае: “Мы тут з Вамі — не на Украіне! Пасля кідае на мяне ўважлівы позірк і з непрыхаванай цікаўнасцю пытае: “А Вы з Кіева? “Амаль, — адказваю я. — Сэрцам я кіяўлянка, а па нараджэнні — мінчанка. “Ах, мінчанка, — адгукаецца кіроўца. У яго рэпліцы я чую нейкі дзіўны настальгічны тон. “У Мінску мне давялося быць напрыканцы 80-х, калі мы ад Ленфільму вазілі на прэм’еру толькі што агучаны варыянт “Зорных войнаў! Прыгожы горад — Мінск. Мы тады жылі ў гасцініцы “Юбілейная. “Вось дык так! — адгукаюся я. — У гэтым гатэлі мы з мужам святкавалі вяселле!
Відавочна, што наша гутарка нечаканым для мяне чынам выклікала ў майго суразмоўцы буру эмоцый. А гэта, у сваю чаргу, падштурхнула мяне да думкі адразу ж правесці невялікае сацыялагічнае апытанне. “А якое словазлучэнне гучыць для Вас больш пахвальна — “дзяўчына з Кіева або “дзяўчына з Мінска? — пытаю кіроўцу. Збянтэжаны такой пастаноўкай пытання, той спачатку смяецца, потым павольна і расцяжна заўважае: “Ну!.. Пра прыгажосць украінак ведае, мусіць, увесь свет! Дый я з ёй таксама знаёмы не па чутках. А вось беларускі, як на мой густ, прасцейшыя. Але гэта толькі да таго часу, пакуль не даходзіць да размоваў. Бо варта ўкраінскай прыгажуні адкрыць рот, як вушы адразу вянуць! Усе іх “шо? і “поняла — поўны цуд! Не кажучы ўжо пра жахлівае вычварэнне — “ва Украіне замест нармальнага “на Украіне! — “Правільна, — пацвярджаю я, — паводле гэтай логікі, у Мінску больш паліткарэктна прагучыць словазлучэнне “на Беларусі замест “у Беларусі! — “Што за вар’яцтва! — адгукаецца мой суразмоўца.
Вось-вось мы пад’едзем да маёй хаты, таму я спяшаюся задаць кіроўцу апошняе пытанне: “А якія пачуцці выклікаюць у Вас абедзве дзяржавы — Украіна і Беларусь? — “Ух, якое ж гэта цяжкае пытанне! — усклікнуў кіроўца. — Вы ж самі разумееце, гэтыя краіны — спрадвечныя рускія тэрыторыі. І раптам яны абвяшчаюць, што збіраюцца жыць незалежна ад нас! Гэта тое ж самае, калі ў вас на руцэ заўсёды было пяць пальцаў, і раптам два з іх заявілі б вам, што маюць намер жыць не залежным ад іншых трох жыццём! Ну ці ж гэта не скандал?!
На гэтым месцы я, каб гучна не абурыцца, пераводжу дух і спяшаюся скончыць размову: “Гэта сапраўды вельмі складаная тэма. Праз яе мне не раз даводзілася спрачацца і нават варагаваць шмат з кім з маіх сяброў-расіян. Справа ў тым, што хоць руская — і мая родная мова, але калі чую выказванні накшталт Вашых, ува мне пачынае пратэставаць непапраўная беларуска-ўкраінская нацыяналістка!
Эмоцыі захлынаюць мяне. Стоп. Гэта небяспечна. Як усё-ткі дарэчы, што я ўжо прыехала, і нашу гутарку мы перапынім менавіта на гэтым месцы. Падобна, што і мой суразмоўца думае падобным чынам. Мы, браты-славяне, ветліва жадаем адзін аднаму поспехаў і развітваемся, стрымаўшыся ад гарачай спрэчкі.