Спачыў старэйшына журналістыкі Міхаіл Тычына

8 красавіка на 86-м годзе жыцця не стала журналіста Міхаіла Адамавіча Тычыны.

Ён нарадзіўся на Случчыне (Старобінскі раён) у вёсцы Кутнёў. Да вайны скончыў 7 класаў. У снежні 1944-га быў мабілізаваны ў войска, трапіў на Балтыйскі флот — адслужыў шэсць з паловай гадоў. Завочна скончыў журфак БДУ. Доўгі час працаваў у раённых газетах, 31 год быў уласным карэспандэнтам «Мінскай праўды». Жыў у Слуцку. У апошні час яго матэрыялы змяшчалі «Народная воля» і «Кур’ер».

Свой ужо апошні ліст у «Новы час» Міхаіл Адамавіч даслаў на пачатку сакавіка гэтага года. У канверце была мініяцюра-згадка «Як мне напаміналі, чый хлеб ем» пра «ідэалагічную закваску» 70-х гадоў, а таксама… адшуканыя ва ўласным архіве вершы Лесі Беларускі.
«Дасылаю два знойдзеныя мною ў сваіх архівах 50-х гадоў кімсьці падораныя вершы Лесі Беларускі, палітычнай зняволенай сталінскага рэжыму ў 30-я гады… — пісаў Міхаіл Адамавіч. — Лісткі з гадамі пажаўцелі, але крык душы беларускай на волю — і сёння гучыць злабадзённа».
Міхаіл Тычына быў старэйшым журналістам Беларусі, які да свайго апошняга дня актыўна цікавіўся беларускім грамадскім і культурніцкім жыццём. Зрэшты, неаднаразова і «расплочваўся» за тое. У адну з леташніх «маўклівых серадаў» ветэран Вялікай Айчыннай вайны на галоўнай плошчы Слуцка быў затрыманы і дзве гадзіны правёў у міліцэйскім пастарунку…
Пахаваны Міхаіл Адамавіч Тычына на гарадскіх могілках каля вёскі Селішчы.
Хай будзе пухам яму родная слуцкая зямля і вечнай — памяць!