Тэатр як сродак супраць хатняга гвалту (фота)

У Мінску з аншлагам прайшлі два паказы спектакля пра хатні гвалт «Родныя людзі?». Чым праблема так прыцягвае публіку і ці можна яе вырашыць тэатральнымі сродкамі?

Фота Дар'і Пашкевіч

Фота Дар'і Пашкевіч

Дакументальны спектакль паставіла Лабараторыя сацыяльнага тэатру Еўрапейскага коледжу ліберальных мастацтваў (ECLAB). Акцёры – выпускнікі канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр». Год яны навучаліся акцёрскаму майстэрству, потым удзельнічалі ў майстар-класах вядомых тэатральных дзеячаў. Лабараторыя створана ў 2017 годзе і за гэты час паставіла тры спектаклі: «11 красавіка», прысвечаны тэракту ў мінскім метро, «Прытулак» («Убежище») – таксама пра хатні гвалт.

olha_savicz_4.jpg

Фота Вольгі Савіч

У спектаклі «Родныя людзі?» гралі Анастасія Стальмахова, Кацярына Чакатоўская, Паліна Піткевіч, Ганна Лаўніковіч, Ірына Аверына, Павел Андрэеў, Арцём Лабко. Яны самі збіралі ўспаміны ахвяр хатняга гвалту, што жылі ў прытулку грамадскага аб’яднання «Радаслава». Па правілах установы, жанчына з дзецьмі можа знаходзіцца там ад адных содняў да года. Наратывы дапамагаў адаптаваць для сцэны Аляксей Чыканас. Як распавядалі акцёры, падчас чытак гісторыі цяжка ўспрымаліся публікай і нават імі самімі, таму некаторыя драматургічныя прыёмы, выкарыстаныя ў спектаклі, дапамаглі лепш данесці ўспаміны гераінь да гледачоў.

Фота Вольгі Савіч

Фота Вольгі Савіч

Актрысы сапраўды сталі галасамі ахвяр. Іх расповедам верыш і бачыш за кожнай характар жанчыны, якая падзялілася сваёй гісторыяй. Агрэсары тым часам адыходзяць на задні план. Не яны тут у фокусе. Аповеды, канечне, жахлівыя. Тут і «класіка» з алкагалізмам мужа і матэрыяльнай залежнасцю жонкі, часта прыезджай; і гісторыі адносна фінансава самастойных жанчын, якіх тэрарызуе добра адукаваны муж, зусім не забулдыга, ці свякруха, якую раздражняе другая гаспадыня на яе кухні; і трансгендарны хлопец, якога ў дзяцінстве згвалціў уласны бацька… Рэжысёрка Валянціна Мароз казала, што Лабараторыя шукае мужчын, якія сталі ахвярамі гвалту, і будзе ўдзячная за іх кантакты, але не плануе даваць голас агрэсарам. Мужчыны-ахвяры звычайна не хочуць казаць пра свой досвед: нават ужо дамоўленыя інтэрв’ю некалькі разоў зрываліся ў апошні момант.

Фота Вольгі Савіч

Фота Вольгі Савіч

На абмеркаванні гучалі думкі, што гвалт так глыбока ў кожным з нас, што бывае складана яго адсачыць (але гэта не значыць, што не трэба). На відэа Кацярыны Чакатоўскай, што дэманстравалася на пачатку спектакля, старшыня «Радаславы» Вольга Гарбунова заклікала не праходзіць міма праяў гвалту. На гэты конт акцёры і публіка распавядалі выпадкі з уласнага жыцця, як гэта бывае складана і чым можа скончыцца. Спектакль «Родныя людзі?» спрыяе падніжэнню талерантнасці да гвалту, дапамагае яго распазнаць, нават у блізкіх стасунках, дзе гэта не так проста. І сказаць «Я не згодна_ы», хаця б самой_му сабе.


Фота Дар'і Пашкевіч і Вольгі Савіч