У Варшаве па-беларуску выйшлі тэксты Папы Рымскага Яна Паўла ІІ пра Беларусь

Цэнтр думкі Яна Паўла II і Польскія інстытуты ў Кіеве, Мінску і Вільні сумесна выдалі кнігу «Ян Павел II Цэнтральна-Усходняй Еўропе».

janpawel_doeuropy_01_cyfrowe_male.jpg

Цэнтр думкі Яна Паўла II і Польскія інстытуты ў Кіеве, Мінску і Вільні сумесна выдалі кнігу «Ян Павел II Цэнтральна-Усходняй Еўропе». Тэксты ў ёй апублікаваны на чатырох мовах: польскай, беларускай, літоўскай і ўкраінскай.

Кніга «Ян Павел II Цэнтральна-Усходняй Еўропе» сведчыць пра ўдзел Папы Рымскага як паляка ў працэсе вызвалення народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы ад камуністычнай дыктатуры. Міхал Сэнк, дырэктар Цэнтра думкі Яна Паўла II, адзначае, што ў апошні час «позіркі палякаў усё больш прыцягваюцца да Мінска і Кіева. З клопатам і пачуццём добрасуседскай адказнасці і супольнасці з народамі на ўсход ад польскай граніцы мы назіраем і падтрымліваем вызваленне ў іх духу свабоды — свабоды, якую польская нацыя вяртала сабе ў 1970-х і 1980-х гадах. Гэтая кніга з'яўляецца сімвалам нашай салідарнасці з тымі, каму яшчэ трэба змагацца за свабоду».

Кніга «Ян Павел II Цэнтральна-Усходняй Еўропе» ілюструе пастаянную цікавасць Папы да лёсаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і змен, што адбываюцца ў гэтай частцы свету. Агульнасць лёсаў, гісторыі, традыцый і культуры аб'ядноўвае Польшчу, Беларусь, Літву і Украіну — такі лейтматыў прасочваецца ў кнізе. Тэксты ў ёй апублікаваны на чатырох мовах: польскай, беларускай, літоўскай і ўкраінскай.

Дамініка Жукоўская-Гардзіньская, прафесар Універсітэта кардынала Стэфана Вышыньскага ў Варшаве, кіраўніца Інстытута навуковых даследаванняў Цэнтра думкі Яна Паўла II, распавяла:

У кнізе змешчаны прамовы, з якімі Папа звяртаўся як да палякаў, так і да літоўцаў, беларусаў, украінцаў. Мне здаецца, гэта вельмі цікавая кніга, якая паказвае не толькі ролю Папы ў працэсе вызвалення народаў. Яна паказвае, як Папа разумеў адзінства Еўропы пры захаванні яе разнастайнасці. І гэтыя тэксты Папы па-ранейшаму актуальныя.

Дамініка Жукоўская-Гардзіньская адзначае, што Папа Ян Павел II прысвячаў шмат увагі лёсу народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. Адпаведна, захавалася вельмі шмат яго прамоў па гэтай тэме.

Дамініка Жукоўская-Гардзіньская кажа:

Магла б убачыць свет вялікая кніга, нават некалькі тамоў. Бо ў час пантыфікату Папа звяртаўся да Цэнтральнай і Усходняй Еўропы шмат разоў. Але мы выбралі такія тэксты, якія паказваюць як Папа паўплываў на тое, каб народы Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны фарміравалі сваю ідэнтычнасць, разумелі, што такое вызваленне. Але гаворка не ішла пра нейкую крывавую рэвалюцыю. А пра свабоду, якую трэба заваёўваць і ўвесь час ствараць. Што гэта няспынны працэс. Што свабода, якая ў нас ёсць ці якую мы хочам заваяваць, — гэта бясконцы працэс, які пачынаецца ад унутраных змен у чалавеку. І ў сваіх прамовах да Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Папа заўсёды, калі казаў пра канцэпцыі свабоды і ідэнтычнасці народа, пачынаў з разваг пра тое, як асоба мяняе сваё адчуванне свабоды, сваё цэласнае развіццё.

Экуменізм быў важным элементам дзейнасці паляка Караля Вайтылы пад імем Яна Паўла II на чале Каталіцкай царквы. Папа звяртаўся не толькі да католікаў або ўніятаў ва Усходняй Еўропе, але і да праваслаўных. Дыялог з Праваслаўнай царквой і аднаўленне ў той ці іншай форме адзінства хрысціянства былі вялікай марай Папы. І як кіраўнік Каталіцкага касцёла Ян Павел ІІ клапаціўся не толькі пра сваю паству, але глядзеў шырэй і быў адкрыты да розных культур і традыцый.

Дамініка Жукоўская-Гардзіньская:

Наша разнастайнасць, калі гаварыць пра канфесіянальную спецыфіку, вельмі важная, і важна, каб яна захоўвалася. Нашу ідэнтычнасць трэба будаваць на аснове духоўнасці. Пра гэта папа гаварыў падчас візіту ва Украіну.

Папа таксама наведаў у 1993 годзе Літву. І з таго візіту таксама захаваліся выступленні папы. Ён звяртаўся да прадстаўнікоў Царквы, навукі, культурнай супольнасці, гаворачы пра тое, што культура з’яўляецца асновай нашага існавання, паказвае кірунак развіцця чалавечага грамадства. І ў культуры Папа бачыў крыніцу ведаў пра свабоду асобы. Свабода пачынаецца з разваг над культурай — у якім сэнсе культура можа нас развіваць і клапаціцца пра развіццё культуры ў кожным з нас.

Ян Павел ІІ не змог пабываць у Беларусі, але гаварыў пра яе ў сваіх пропаведзях, марыў яе наведаць.

Дамініка Жукоўская-Гардзіньская:

Папа шматразова запрашаў паломнікаў з Беларусі, прадстаўнікоў беларускай Рымска-каталіцкай царквы ў Ватыкан, да сябе ў Рым.

І захаваліся вельмі моцныя тэксты, прысвечаныя фарміраванню ідэнтычнасці. Папа, звяртаючыся да беларусаў, гаварыў пра тое, што свабоду трэба здабываць, ствараць, што свабода не дадзена нам зверху. І тое, як гэтая свабода будзе выглядаць, залежыць не толькі ад адной групы, якая цяпер кіруе дзяржавай ці гарадамі, мясцовымі супольнасцямі. Свабода павінна разглядацца як каштоўнасць. Трэба думаць пра тое, што я, як асоба, магу даць грамадству, як я сам разумею свабоду. А з гэтага вынікае і грамадзянская свабода.

Напомню пра тое, пра што не ўсе, магчыма, ведаюць. Падчас урачыстасцей у сувязі з пачаткам свайго пантыфіката Папа маліўся і па-літоўску, і па-беларуску, і па-ўкраінску, і па-польску. Гэты быў важны знак, які паказваў, што, узыходзячы на пасад у Пятровай сталіцы, Ян Павел ІІ цудоўна бачыў, што яго задачай з’яўляецца будаўніцтва салідарнасці паміж народамі, стварэнне атмасферы братэрства.

Можна сказаць, што Ян Павел ІІ як Папа-славянін, які паходзіў з Польшчы, быў добра падрыхтаваны да таго, каб стаць міжнародным Папам. І ён вельмі добра ведаў пра патрэбы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Выданне «Ян Павел II Цэнтральна-Усходняй Еўропе» можна спампаваць бясплатна на сайце Centrumjp2.pl.

Віктар Корбут