У Мінску прэзентавалі першы беларускі поўнаметражны анімацыйны фільм
Першы беларускі поўнаметражны анімацыйны фільм "Прыгоды Несцеркі" рэжысёра Ігара Волчака быў прэзентаваны 8 лютага на кінастудыі "Беларусьфільм". Праца над карцінай
доўжылася амаль 10 гадоў.
Карціна складаецца з васьмі эпізодаў жыцця папулярнага героя народных легенд і казак. Добрасардэчны, кемлівы і безжурботны Несцерка разам са сваімі сябрамі, катом і сабакам, то ператварае гліняныя
чыгуны ў цымбалы, то прастадушна губляе багацце, то хітрасцю перамагае Змея-Гарыныча, ратуючы сваю каханую. Пасля шматлікіх выпрабаванняў жыцця Несцерка ўсё ж знаходзіць шчасце.
"Усё было зроблена на аснове беларускіх народных казак, дзе велізарная колькасць мудрасці. І добра б, калі б пра гэту мудрасць ведалі не ў канцы жыцця, а ўсё ж у пачатку, — сказаў Волчак. — Ёсць рэчы важнейшыя, чым грошы. І пра гэта, увогуле, фільм".
Стужка разлічана ў першую чаргу на дзяцей, якіх стваральнікі фільма заклікаюць "не толькі забаўляцца, але і чамусьці вучыцца".
Анімацыйны фільм "Прыгоды Несцеркі" зняты на беларускай і рускай мовах, бо асноўны рынак, дзе ён можа атрымаць камерцыйны поспех, — расійскі. Акрамя таго, карціна можа
транслявацца з англійскімі субцітрамі, што дае магчымасць прадстаўляць яе на замежных фестывалях.
Акцёр Аляксандр Кашпераў, які агучваў ролю Несцеркі, падзяліўся сваімі ўражаннямі аб працы над фільмам: "Самае складанае было — дагадзіць Волчаку як рэжысёру. Ад валявога рашэння
рэжысёра ішоў і характар героя".
Прэм'ерны паказ фільма запланаваны на сакавік. Што датычыцца даты выхаду на шырокі экран, то гэта пытанне пакуль не вырашана.
Першы беларускі поўнаметражны анімацыйны фільм можна будзе ўбачыць у межах мінскага гарадскога фестывалю дзіцячых і юнацкіх фільмаў "Сакавічок" і на міжнародным фестывалі дзіцячай
анімацыі "Залатая рыбка".
Цяпер Ігар Волчак пачаў працу над новым праектам — "Ронда капрычыёза", які таксама будзе ўтрымліваць элементы народнай культуры. "Гэта арт-праект, іміджавы і зусім
некамерцыйны. Такія фільмы таксама патрэбныя", — сказаў рэжысёр.
Вольга Алімава, БелаПАН