Уладзімір Байдаў: «У гісторыі культуры ўсё звязана!»

10 сакавіка ў Малой зале мінскай Філармоніі ансамбль салістаў «Класік-авангард» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава дае вялікі канцэрт «Ліцвінская мелодыя Ф. Шапэна», прысвечаны 200-годдзю вялікага польскага кампазітара (дату яго нараджэння пазначаюць 22 лютага ці 1 сакавіка 1810 года) і творчасці яго беларускіх паслядоўнікаў. Уладзімір Байдаў, унікальны спецыяліст па рэстаўрацыі старадаўняй музыкі, кіруе ансамблем салістаў-віртуозаў 25 гадоў, з часу яго заснавання ў 1985-м.



a03fa30821986dff10fc66647c84c9c3.jpeg

10 сакавіка ў Малой зале мінскай Філармоніі ансамбль салістаў «Класік-авангард» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава дае вялікі канцэрт «Ліцвінская мелодыя Ф. Шапэна», прысвечаны 200-годдзю вялікага польскага кампазітара (дату яго нараджэння пазначаюць 22 лютага ці 1 сакавіка 1810 года) і творчасці яго беларускіх паслядоўнікаў. Уладзімір Байдаў, унікальны спецыяліст па рэстаўрацыі старадаўняй музыкі, кіруе ансамблем салістаў-віртуозаў 25 гадоў, з часу яго заснавання ў 1985-м. «Класік-авангард» стаяў ля вытокаў адзінага ў Беларусі штогадовага Міжнароднага музычнага фестывалю імя Івана Салярцінскага (1989).
Колькасць твораў старадаўняй беларускай класічнай музыкі, адноўленай ансамблем у супрацоўніцтве з творчым калектывам «Беларуская капэла» Віктара Скарабагатава і выкананай у рамках знакамітых фестываляў «Адраджэнне беларускай капэлы», папросту непараўнальная — гэта цэлы адноўлены кантынент нацыянальнай культуры. «Мелодыі Радзівілаўскіх паркаў» з музыкай Голанда, Мацея Радзівіла, Міхала Клеафаса Агінскага, агучаная творчасць Напалеона Орды, адноўленыя кампазіцыі Станіслава Манюшкі, архівы музычнай капэлы з Забелаў на Віцебшчыне, адкрытыя ў віленскіх сховішчах, якія далі старт праекту «Адраджэнне беларускай сімфоніі» — дасягненні апошніх год. Уладзімір Байдаў шчыра падзяліўся з карэспандэнтам «Новага Часу» Аляксеем Хадыкам сваімі назіраннямі наконт стану развіцця даследаванняў і ўспрымання беларускай класічнай музыкі сёння і запрасіў на чарговы канцэрт.

Гісторыя і сучаснасць
Ансамблю ўжо 25 гадоў, і, як зразумела з яго назвы «Класік-авангард», мы выконваем і класічную музыку, і сучасную, аднак адводзім каля 70 працэнтаў свайго вялікага рэпертуару беларускай музыцы. Ацаніць аб’ём выкананага намі на сёння ўжо даволі складана, назаву прыблізныя лічбы: каля сотні сучасных твораў і каля 2 тысяч старых беларускіх.
Калі мы яшчэ пачыналі сваю творчую дзейнасць, выступалі пераважна ў зале касцёла святога Роха, трапіць на канцэрты «Класік-авангард» было цяжка, такі нацыянальны ўздым вызначаў настроі грамадства на мяжы 1980–1990-х гадоў. Мы ігралі ў асноўным беларускія прэм’еры, і колькасць людзей, якія жадалі пачуць музыку, што не гучала 200–400 гадоў, была вялікая.
Дзякуючы з’яўленню ансамбля салістаў, сучасныя кампазітары пачалі пісаць ансамблевую музыку, што падштурхнула развіццё гэтага жанру ў краіне. Адпаведна, лад мыслення і творчасці сучасных кампазітараў быў цікавы і моладзі, і інтэлігенцыі. І ніякіх праблем з канцэртамі ў нас не ўзнікала. Зараз інтэнсіўнасць нашых канцэртаў павялічылася — з’явілася больш гістарычнага матэрыялу, які даследчыкі прывозяць з архіваў Польшчы, Літвы, Расіі. Палепшылася і якасць выканання, у музыкаў «набілася рука» на гістарычную музыку, з’явілася адчуванне яе характару і сэнсу.
Але, як не дзіўна, цікавасць да такой музыкі ўпала. У мінулым годзе да 190-годдзя Станіслава Манюшкі мы рыхтавалі прэм’еру адной з яго камерных опер «Латэрэя», адноўленай намі. Смешная, лёгкая, яркая музыка маладога «беларускага Моцарта», выбітнага таленту. І вось у малой залі Філармоніі, якая змяшчае толькі 180 слухачоў, аўдыторыя з цяжкасцю запоўнілася на прэм’ерны спектакль! Ёсць і рэклама, і афішы, і банеры, радыё і тэлебачанне дапамагаюць нам у прапагандзе беларускіх праграм. Мінск — культурны цэнтр краіны, і толькі 180 чалавек на прэм’еры?!
А мы багата што падрыхтавалі пад тую падзею: з Францыі прыехала прапрапраўнучка Манюшкі, вядомы музычны дзеяч, у бібліятэцы Акадэміі навук да дня нараджэння Манюшкі Польскі Інстытут дапамог арганізаваць выставу кніг і дакументаў, святкаванні адбываліся ў радавой сядзібе кампазітара ў Убелі…
Для мяне загадка: юбілей нашага самага бліскучага, выдатнага і вядомага музыкі не выклікае дастатковай цікаўнасці? Мы не выконвалі чарговы раз рамансы ці класічна звыклыя, хоць і абсалютна выдатныя, «Песні з-над Нёмна», мы двойчы ігралі цалкам эксклюзіўныя праграмы, і двойчы мелі праблемы з гледачамі. Кампакт-дыск «Новае неба Станіслава Манюшкі» мы выпусцілі дзякуючы падтрымцы Польскага інстытута.
Атрымліваецца, што ў культурнай прасторы краіны юбілей славутага земляка святкавалі толькі «Класік-авангард» і блізкія да яго людзі. Чаму нельга было зрабіць шырэйшую праграму, запрасіць замежных гасцей? Правесці фестываль яго імя на Радзіме? Падключыць польскае «Таварыства Манюшкі» — багатую і ўплывовую арганізацыю, якая больш за сто гадоў аб’ядноўвае аматараў кампазітара, у якую ўклаў усе свае сродкі яшчэ адзін выхадзец з Беларусі, дырыжор і музыка Мечыслаў Карловіч?
Нацыянальная спадчына: падтрымка ці абыякавасць?
Не прэтэндуючы на вялікія залы кшталту Палацу Рэспублікі, запоўніць якія сапраўды складана, мы сутыкаемся з цяжкасцямі нават у малой зале Філармоніі. Гэта праблема апошніх 2–3 гадоў, мне здаецца, звязаная не столькі з намі, колькі, на жаль, з агульнай культурнай сітуацыяй у Беларусі…
Ці трэба спецыяльная рэклама? Магчыма. Але дзе нашая творчая інтэлігенцыя? Як пісьменнікі могуць не цікавіцца творчасцю Манюшкі, які супрацоўнічаў з бліскучым драматургам Дуніным-Марцінкевічам — у гісторыі культуры ўсё звязана! Патрыярх беларускай драматургіі напісаў лібрэта для 22-гадовага юнака, ужо тады заўважыўшы яго выдатны яркі талент, пачынаючы з «Рэкруцкага набору», пастаўленага ў Мінску ў 1841 годзе!
Тую ж «Латэрэю» варта б было паказаць і ў месцах яе прэм’еры ў Гародні (1841), дзе без нашага ўдзелу ўвасобіць пастаноўку складана, і ў Вільні, — думаю, мы абавязкова сабралі б там вялікую філарманічную залу, — але дзеля гэтага патрэбна арганізацыя. Дарэчы, у Вільні вялікая і добрая амбасада нашай краіны, чаму б не паспрабаваць дапамагчы прадставіць Манюшку ў Літве?
Здавалася, у нас добра захоўваецца памяць Міхала Клеафаса Агінскага, але ў той жа Літве — мы прысутнічалі на гэтых падзеях — адрэстаўраваны літаральна ўсе сядзібы, звязаныя з Агінскімі, і ў невялічкіх мястэчках адзін за адным адбываюцца 3–5-дзённыя музычныя фестывалі. Грамадскасць жыве гэтым, спаборнічаюць арганізатары, чакаюць выканаўцаў, свядома выбіраючы іх па стылі інтэрпрэтацыі музыкі. Істотна, які госць прыедзе. Яны ведаюць, хто выконвае Агінскага традыцыйна, а хто па-сучаснаму, хто інтэрпрэтуе яго — адбываецца свята, дзе спалучаецца нацыянальная традыцыя і культура сённяшняга дня!
І такіх прыкладаў — мноства, а сведчаць яны пра тое, што павінна быць актыўная дзяржаўная падтрымка ўласнай культуры і ўвага да яе. Як ні шкада, з беларускай тэлевізіі зніклі сур’ёзныя перадачы, прысвечаныя музычнай спадчыне, на экране амаль не з’яўляюцца такія спецыялісты, як Віктар Скарабагатаў, Вольга Дадзіёмава! Дзе колішні цыкл «Плошча мастацтваў»?


Яшчэ адзін прыклад: фагатыст Аляксей Фралоў і музыказнаўца Святлена Немагай, працуючы ў архівах Літвы і Польшчы, адкрылі цэлы корпус невядомых музычных твораў, аднавілі біяграфіі невядомых і малавядомых кампазітараў, што працавалі ў Беларусі ў XVIII–XIX стагоддзях. Выявіліся рукапісы рэлігійных твораў Дамініка Стэфановіча, настаўніка Станіслава Манюшкі, які раней лічыўся проста музыкам. Ці Юзэфа Дашчынскага, які жыў і працаваў у Рэчыцкім павеце. Выяўлены творы выключнай якасці.
У Польшчы ці Літве адкрыццё імёнаў нацыянальных кампазітараў адразу было б падтрымана ўшанаваннем іх памяці — выконвалася б музыка, усталёўваліся б мемарыяльныя знакі. А Святлена Немагай вымушана была выдаваць сваю працу пра Міхала Клеафаса Агінскага, самую падрабязную, прафесійную, прачулую манаграфію пра старую беларускую музыку, за якую яна атрымала апошнім часам шэраг міжнародных прызоў, сваім коштам! Ці гэта правільна? Дагэтуль Святлена не мае падтрымкі дзяржавы, каб надрукаваць «Лісты пра музыку», арыгінальныя тэксты Агінскага!
Быць разам, адчуваць прыгажосць роднай культуры
Калі раней на нашы прэм’еры прыходзіў увесь культурны бамонд сталіцы, то сёння мы разлучаныя. Не дапамагаюць ні рэклама, ні анонсы ў «ЛіМе» ці «Культуры». Як не дапамагаюць і запрашэнні пры выпадковых сустрэчах на вуліцы. Я ўпэўнены, што на прэзентацыі кніг ці мастацкія вернісажы сёння прыходзіць меней прадстаўнікоў іншых творчых прафесій. Атмасфера 1990-х гадоў істотна адрознівалася: мы часта ігралі беларускую і іншую класічную музыку на адкрыцці мастацкіх выстаў. Дзе гэта зараз?
Я бачу некалькі прычын. У газетах у аддзелах культуры цяпер працуюць людзі, якія здольныя толькі пераказаць анонс канцэрта, але не могуць ці не хочуць данесці людзям сэнс музычнай падзеі. І публіка не ідзе на канцэрты «Класік-Авангарда» не таму, што збяднела: квіткі ў Філармонію каштуюць 6, 10, 14 тысяч, а вялікія залы палацаў на канцэрты папулярнай музыкі запаўняюцца і пры коштах у 20 разоў большых. Знікае цікавасць, знікае сістэмная праца па адукацыі людзей.
Што можна казаць, калі ў Акадэміі музыкі зачынена лабараторыя беларускай музыкі, якая раней прафесійна працавала і рыхтавала ноты і той музычны матэрыял, з якім мы працуем? Ці можна прыбраць з музычнай адукацыі музычную літаратуру і прапанаваць выканаўцам, не маючы ўяўлення пра эпоху рамантызму, выконваць музыку Шапэна?


Як можна казаць пра музычную культуру і яе развіццё, калі ў нас элементарна не хапае канцэртных залаў? Мінск большы па колькасці жыхароў за Брусель, але ў апошнім — каля 70 пляцовак для класічнай музыкі, і ўсе яны актыўна працуюць. У нас ёсць толькі два залы — у Філармоніі! І канцэртаў класікі адбываецца, у лепшым выпадку, 15 на месяц. У адной з самых бедных краін Еўропы, Румыніі, праходзіць мацнейшы штогадовы музычны фестываль. З усяго свету з’язджаюцца аркестры — некалькі амерыканскіх суперкалектываў, выканаўцы з Еўропы, Азіі.
Уявіце, колькі каштуе толькі пераезд, рассяленне, візавае суправаджэнне гэтых соцень людзей! Але гэтыя выдаткі падымаюць прэстыж краіны, што добра разумеюць румыны. Пра фестываль піша прэса, спецыялісты з усяго свету аналізуюць развіццё розных жанраў музыкі, бо кожны фестываль шматбаковы, звяртаецца і да класікі, і да аўтэнтыкі, і да рэканструкцыі, да тэатральнай музыкі, оперы, сучасных тэндэнцый.
Ці «Чужое багацце»?
У нас, на жаль, топавыя падзеі выклікаюць зусім не параўнальны рэзананс. 7 ліпеня 2009 года ў Нацыянальным тэатры оперы і балета адбылася прэм’ера адноўленай камічнай оперы Яна Давіда Голанда «Чужое багацце нікому не служыць», якая калісьці была напісана ў Нясвіжы і ішла на радзівілаўскай сцэне з 1785 года. Прафесар Вольга Дадзіёмава знайшла старонкі оперы ў кракаўскім архіве, кіраўнік калектыву «Беларуская капэла» Віктар Скарабагатаў натхніў шэраг энтузіястаў на аднаўленне твору: мы працавалі над партытурай, Васіль Сёмуха пераклаў на беларускую мову з польскай і нямецкай захаваныя фрагменты партый, лібрэта з вытанчаным густам аднавіў Сяргей Кавалёў.
Чароўная прыгожая музыка, адна з першых нацыянальных опер, выдатныя выканаўцы. Пайшлі дыскусіі, круглыя сталы, публікацыі ў прэсе. Пастаноўка заўважана і дзяржавай — нядаўна калектыў Опернага тэатра атрымаў спецыяльную прэзідэнцкую прэмію — і аматарамі. Першыя прагоны — аншлагавыя. І вы ведаеце, замест іх рэгулярнага паўтору тэатр прапануе ў сваёй афішы гэты спектакль не часцей разу на паўтара месяцы!
Свежая, жывая падзея ў нацыянальнай культуры папросту не выкарыстоўваецца! Наш таленавіты малады спявак Юрый Гарадзецкі, які ўдзельнічаў адначасова ў мінскай пастаноўцы і вялікім еўрапейскім праекце па аднаўленні знойдзенай оперы маладога Гайдна, параўноўваў гэтыя вельмі падобныя па сэнсе падзеі.
У нас — знойдзены твор Голанда, там — Гайдна. У нас — кулуарная прэм’ера. Там — каардынаваны з Бруселя праект з удзелам шасці краін, конкурсы па сцэнаграфіі, рэжысуры, выкананні касцюмаў, адбор выканаўцаў — інтэлектуальны і фінансавы ўдзел некалькіх краін, неабходны для якаснага аднаўлення гістарычнай оперы, бо опера — сінтэтычны жанр, у якім важная кожная дэталь. Запланаваны прэм’еры ў еўрапейскіх культурных сталіцах, пачынаючы з Барселоны!
У нас жа прэм’ера Голанда не адбывалася як значная падзея, ні рэпертуарная, ні рэпетыцыйная палітыка тэатра не была ёй падпарадкавана! Паверце, хаця я належу да Філармоніі і аддаўшы партытуру ў Оперны назіраў за падзеямі з боку, магу сказаць, што калектыў тэатра перажыў прэм’еру «на валідоле». А з другога боку, не было адчування вялікай нацыянальнай прэм’еры, што немагчыма ўявіць у той жа Польшчы, калі ставяцца творы пачынальнікаў іх опернага мастацтва — К. Курпіньскага ці Ю. Эльснера. У атмасферы зала, выразе вачэй актораў трупы (не ўсіх, безумоўна) я не знаходзіў той высокай узнёсласці, якая адрознівае знакавую падзею ад ардынарнай пастаноўкі.
А ў «Чужым багацці…» ж ёсць прывязка да беларускай гісторыі, Нясвіжа, радзівілаўскага тэатра. Нарэшце, п’еса чарговы раз абвяргае тэзу пра тое, што беларуская класічная музыка нарадзілася толькі пасля 1917 года. Добра, што дырэктар оперы Валерый Гедройц, вельмі адукаваны і захоплены чалавек, ставіўся да работы над Голандам з вялікай цікаўнасцю, але такіх людзей, на жаль, адзінкі.
Шапэн і Беларусь
Таму мне б асабліва хацелася, каб нашая новая праграма «Ліцвінская мелодыя Ф. Шапэна», якая прагучыць 10 сакавіка ў Філармоніі, знайшла водгук у сэрцах і душах беларусаў — адпаведны таму, наколькі творчасць геніяльнага польскага кампазітара была звязана з багатай культурнай традыцыяй рэгіёну.
Піяніст і скрыпач чэх Войцэх Жыўны, першы настаўнік Шапэна па раялю, перад тым выкладаў у Беларусі, у Сапегаў у Дзярэчыне. Ужо калі Жыўны працаваў у Варшаве, бацькі маленькага чатырохгадовага Станіслава Манюшкі, выправіўшыся ў падарожжа, каб сын з маленства пабачыў свет, паказалі будучага кампазітара зноў-такі Жыўнаму. Усё ўзаемазвязана, блізка!
Чаму «Ліцвінская мелодыя»? Таму што ў Шапэна ёсць раманс на аднайменны верш С. Вітвіцкага і два рамансы паводле Адама Міцкевіча. А ў сваю чаргу, без уплыву творчасці Шапэна не абышоўся ўвогуле ніхто з сучаснікаў і паслядоўнікаў. Шапэн геніяльны ў кожнай сваёй мініяцюры, кожнай маленькай «музычнай драме». Яго зорка ззяла настолькі ярка, ён настолькі дакладна і тонка раскрыў пачуцці і грані сваёй эпохі, часу рамантызму, што ніхто не пазбыўся абаяння яго музыкі — у розных формах.
У праграму мы ўключылі творы майстроў, асветленых геніем Шапэна і звязаных з беларускай зямлёй. Паланезы таго самага Ю. Дашчынскага, вальсы Напалеона Орды, які пасля паразы паўстання 1831 года ў эміграцыі вучыўся фартэпіяннаму майстэрству ў Шапэна ў Парыжы. Да шапэнаўскай праграмы дапасоўваецца і імя Мечыслава Карловіча, заснавальніка сучаснага польскага сімфанізму, таму што ён нарадзіўся ў Вішневе ў Беларусі, і таму што ён напісаў першую і вельмі яркую кнігу пра Шапэна, і таму што, хоць і амаль праз 70 год, наследаваў традыцыі вялікага генія. Спадзяюся, гэты культурны кантэкст прывабіць нашых слухачоў…