Уніз па Віліі: і што мы там пабачылі

Па-літоўску вакзал “stotis. Гэта, па сутнасці, адзінае слова, якое вам неабходна ведаць у Вільні, калі вы з Беларусі. Напярэдадні дня восеньскага раўнадзенства культаглядальнікі “Новага часу таксама наведалі сталіцу суседняй Літвы.



b3ba8f1bee1238a2f37603d90b58898d.jpg

Па-літоўску вакзал “stotis. Гэта, па сутнасці, адзінае слова, якое вам неабходна ведаць у Вільні, калі вы з Беларусі. Напярэдадні дня восеньскага раўнадзенства культаглядальнікі “Новага часу таксама наведалі сталіцу суседняй Літвы.
Толькі лянівы беларус не з’ездзіў на мінулым тыдні ў Вільню. У прыватнасці, меў месца візіт у гістарычную сталіцу беларуска-літоўскай дзяржавы сучаснай беларускай палітычнай эліты, іх дзяцей і ахоўнікаў. Падзея гэта не проста стварыла гучную інфармацыйную нагоду — яна справакавала ў айчынных СМІ цэлы выбух краязнаўчай публіцыстыкі. Адны калумністы настойліва раілі прэзідэнту краіны наведаць Вострую браму, дакрануцца да базыльянскіх муроў, закупіцца моднай вопраткай у “Акропалісе, па дарозе зазірнуўшы ў ЕГУ. Іншыя раілі ў ЕГУ ні за што не ездзіць, дый астатнія “месцы беларускай прысутнасці абмінаць за кіламетр. Але для шараговага грамадзяніна РБ з наяўнай у пашпарце шэнгенскай візай рандэву лідэра краіны з па-еўрапейску заточанымі суседзямі лішняга разу нагадала: “О, даўно мы не пілі кавы ў Вільні!.. У тым ліку культаглядальнікі “Новага часу не прайшлі міма, далучыўшыся да шчыльных радоў тых, хто з рознымі ўік-эндавымі мэтамі фарсіраваў у разгар залатой восені раку Ашмянку.
Па шакоціс
Ранішні цягнік на Вільню перапоўнены. Гэта, відаць, адзіны транспартны сродак у краіне, дзе беларускамоўных студэнтаў, што паквапіліся на выгодную паліцу, інтэлігентна, але настойліва зганяюць з гэтай паліцы пенсіянеры, беларускамоўныя ж. Пасажыры тут чытаюць незалежную прэсу, мытнікі з ветлівай настойлівасцю распаўсюднікаў “Арыфлэйму прапануюць запоўніць дэкларацыю, у хлопцаў-гастарбайтэраў, што едуць праз Літву ў Швецыю, наманікюраныя пазногці.
Але вось цягнік спыняецца — і вы больш не на Радзіме, як бы ні сцвярджала адваротнае настольная кніга вашага дзяцінства — “100 пытанняў і адказаў па гісторыі Беларусі. Цэнтральны чыгуначны вакзал Вільні — адно з самых злачных і — у параўнанні з аналагічным збудаваннем у Мінску — бязлюдных месцаў літоўскай сталіцы. Па-літоўску вакзал “stotis — гэта, па сутнасці, адзінае слова, якое вам неабходна ведаць у Вільні, калі вы з Беларусі.
Запомніць слова “стоціс лёгка — як правільна заўважылі ў сваім літоўскім спецвыпуску стваральнікі мультымедыя-часопіса “34, яно рыфмуецца з “шакоцісам — традыцыйным літоўскім прысмакам, пірагом-ялінкай. Слова “стоціс напісанае ці не на ўсім маршрутным транспарце, які ходзіць у гандлёвы цэнтр “Акропаліс — меку беларускага шопінга. У Вільні ёсць і іншыя гандлёвыя цэнтры. “Спіну прама, калені разагнуць! — гагочуць шведскія гастарбайтэры з манікюрам, што чакаюць перасадкі, з тых суайчыннікаў, якія паспелі ўжо закупіцца па самыя вушы, і цяпер валакуць набыткі ў камеру захоўвання.
Карацей, наш візіт у беларускі Іерусалім пачынаўся як звычайна. Сонечна, ветрана і бязлюдна. Але ўжо на подступах да гістарычнага цэнтру мы сталі адчуваць, што ў горадзе адбываюцца паранармальныя рэчы…
Хмарачосы і ідалы
Відаць, найвялікшы культурны шок, які напаткаў колісь аднаго з аўтараў гэтых радкоў (Еву) — шкляныя бізнес-цэнтры, што абступілі ў раёне Вільні берагі гэтай мілай беларускай лясной ракі Віліі. Але хай-тэку літоўцам аказалася мала. Наблізіўшыся да Віліі (Нярыса) з боку катэдральнага касцёла, мы пабачылі жалезныя каркасы фантасмагарычных формаў, якія няспешна даабляплялі саломай людзі ў рабочых робах. Побач усталёўвалі асвятленне і дынамікі. Да галавы адразу прыйшло: да справы неяк замешаны мастак Артур Клінаў, чый фірмовы стыль — інсталяцыі сучасных прадметаў, абваляных нейкай трасянкай. Аднак нідзе паблізу нашага выбітнага суайчынніка не назіралася. “Няўжо дзёрзкі плагіят? — абурэнню нашаму не было мяжы. І толькі тут мы заўважылі пясок і смалу. Планы ў віленчукоў былі яўна неронаўскія. “Яны будуць гэта паліць! — здагадаўся Алесь, і журналісцкі інстынкт пагнаў нас бліжэй да саламяных пачварынаў, каб дазнацца, навошта яны будуць гарэць. Рабочыя патлумачылі як маглі: заўтра дзень роўны ночы, вось і палім. Язычніцтва-с. Прыходзьце, як сцямнее — адразу пачне гарэць.
У шоку ад пачутага, мы выправіліся ўздоўж ракі ў кірунку сабора Пятра і Паўла, жамчужыны віленскага барока. Але, не дайшоўшы колькі соцень метраў да шэдэўра архітэктуры, натыкнуліся на новую дзіўную групу таварышаў. Тыя майстравалі замак з лазы, абмотваючы каркас белай паперай. “Мы ведаем, вы будзеце гэта паліць! — ачмурэла закрычалі мы. Нас не зразумелі. Мы пераклалі пытанне на англійскую мову, і пачулі адказ: “Не, паліць будуць уверх па рацэ. А мы проста падключым гірлянду ліхтарыкаў і пусцім па вадзе. Каб плавала. Ладна-ладна, падумалі мы, і працягнулі свой шлях.

Сабор Пятра і Паўла


Ці доўга, ці каротка мы ішлі, але дарога наша прывяла да сабора святой Ганны, куды Максім Багдановіч у знакамітым вершы раіў усім ісці ў Вільні. Бралася на цемру. На фоне шарэючага неба стаяў задуменны літоўскі паэт Адомкас Міцкявічус. Вакол паэта насіўся азіят з валасамі саламянага колеру. У руцэ ў яго было чучала ці то вароны, ці крумкача. За хлопцам па коле вакол помніка насілася з дзікім гвалтам зграя варонаў. Іншыя азіяты хаваліся ў кустах праз дарогу. У іх быў мегафон, з якога даносілася карканне, яны здымалі падзеі на відэа і фотакамеры. Пры гэтым віленчукі навокал паводзілі сябе так, нібы гэта дзеці гуляюцца ў дваровы футбол. Мы зноў не вытрымалі: “Божухна, а вы-та што робіце? “Перформанс! — з гонарам адказалі маладыя людзі, якія прадставіліся японцамі. “Арт! Іншых англійскіх словаў яны не ведалі. Няхай і закалённыя “Чароўным трусікам Юры Дземідовіча, мы стаялі агаломшаныя акультнасцю ўсяго, што адбывалася. Адомкас Міцкявічус, чый профіль вымалёўваўся на фоне готыкі святой Ганны, здавалася, складаў, гледзячы на ўсё гэта, нейкія інфернальныя хайку.
Чым бліжэй да старога горада, тым больш было клаунады. Спачатку да нас падышла група п’яных маладых людзей у арыштанцкіх робах і запрасіла “далучацца. “Да чаго??? — закрычалі мы. — Які яшчэ перформанс?? Мы проста прыехалі папіць кавы! “Да хлапечніка! — абвясцілі “зэкі. — Вось гэты, — яны паказалі на самага п’янага, — жэніцца. Развітваецца са свабодным жыццём. Мы ж усе з Лукішак? Чулі? Турма там у нас. Ветліва адмовіўшыся ад паласатага таварыства, мы праз пару хвілін сустрэлі групу дзяўчат у эратычнай школьнай форме. Па-руску сярод паненак ніхто не гаварыў, але было відавочна: жаніха даганяе нявеста.
З усіх ног мы кінуліся назад да Віліі. Там акурат пачыналі паліць саламяных ідалаў.
Харошая гісторыя
У 2009 годзе Культурнымі сталіцамі Еўропы былі прызначаныя аўстрыйскі Лінц і Вільня. Адмысловая праграма Еўрасаюза дбае пра тое, каб пэўны багаты культурна і гістарычна горад трапіў у цэнтр увагі прэсы, турыстаў, інвестараў з усяго свету. Гэта дапамагае розным цікавым куточкам зямлі яшчэ больш упэўніцца ў сваёй пекнаце і здабыць сродкі на новыя культурныя ініцыятывы, адрэстаўраваць старыя будынкі, адчыніць новыя тэатры, галерэі. Праграма стараецца ахапіць тыя гарады, якія звычайна знаходзяцца ў ценю ўсімі прызнаных культурных монстраў.
Штогоду ганаровае права і пачэсны абавязак культурнай сталіцы неадменна здабывае нехта з новых чальцоў Еўразвязу. У 2010 годзе гэта будзе вугорскі Печ, у 2011 годзе — Талін, у 2014 — Рыга. Сёлета — Вільня. Галоўная канцэпцыя віленскіх культурных падзеяў–2009 — “Мастацтва ў нязвыклым месцы. З-за кожнага рога, у чым мы маглі пераканацца, круглы год на вас выскокваюць мастакі ды перформеры. Што натхняе на карнавал і простых жыхароў суседняй Прыбалтыкі. Менавіта гэтак трэба тлумачыць усе нязвыклыя сустрэчы, якія з намі здарыліся…
Горад павінен прадэманстраваць свету сваю “фішку. Мінулагодні Ліверпуль патрасаў “Бітламі і пазіцыянаваўся як цэнтр сучаснай музыкі. Літоўцы культывуюць сваё паганства. Таму на мінулых выходных над Віліяй пад манатонны балтыйскі фольк павольна і прыгожа гарэлі ідалы. “Што тут адбываецца? — цяпер ужо на нас накінуліся турысты з Індыі. “Мы не тутэйшыя, — важна тлумачылі мы ім, — але гэта такая гульня з народнымі абрадамі. Па мосце кудысьці спяшалася манахіня. “Я павінна даведацца, што яна пра гэта думае! — сарвалася з месца Ева, выцягваючы дыктафон. “Яны пакланяюцца істуканам. Ваш каментар? — “ It’s good history (Гэта харошая гісторыя), — усміхнулася манашка, — And it’s very beautiful (І гэта вельмі прыгожа). Ідалы дагаралі, балцкі фольк аціхаў.
* * *
Увечары віленскі чыгуначны вакзал запаўняюць адно бамжы, бамжы-наркаманы, бамжы-трансвестыты і жыхары Беларусі, якія чакаюць цягнік дадому. Заблукаць у Вільні немагчыма — культурная памяць выводзіць на Вострую браму, а інстынкт — на “стоціс.
ХОКУ ДЛЯ ВІЛЬНІ
Адной з ініцыятываў у чаканні “культурнага 2009 года стала паэтычная акцыя, арганізатары якой заклікалі літоўцаў і гасцей сталіцы складаць хоку — японскія трохвершы, прысвечаныя Вільні. Агулам 8000 чалавек напісала 10 000 вершыкаў. Іх дасылалі па пошце, кідалі ў спецыяльныя скрынкі на вуліцах. Цяпер яны аздабляюць муры віленскіх камяніц, іх друкуюць на турыстычнай прадукцыі. Мы пераклалі з англійскай мовы некалькі, сабраных на партале haiku.lt
Вяртанне ў Вільню —
пара белых буслоў
рамантуе буслянку.
Мост Міндоўга —
хлопчык і першы вясновы вецер
ідуць поплеч.
Старая плошча на золку —
галубы ў чаканні
першых турыстаў.
(Эдуард Тара)
Вось мой дом,
вокны раскрытыя ў вецер:
Я распраўляю крылы.
(Выгантас, ды-жэй радыё).
Памятала Парыж,
верыла ў Рым,
але закахалася ў Вільню.
(Грэта, студэнтка).
Вільня будзе тут,
а я ў ёй.
І так назаўсёды.
(Нэда Малюнавічутэ,
спявачка).
Берагі Віліі
шэпчуць адно аднаму:
“Кахаю.
Мост згарае ад рэўнасці.
(Кейстуціс Буткус)