Універсітэт, які здзяйсняе мары сталых беларусаў
Марыць стаць актрысай, амаль паступіць у прэстыжны інстытут і … сыграць першую ролю толькі на пенсіі. Гарадзенскі “Універсітэт залатога веку” дапамагае сталым людзям развівацца і быць карыснымі грамадству. 23 красавіка завяршыўся шосты акадэмічны год незвычайнай асветніцкай праграмы

Спадарыня Лідзія Бяганская наведвае “УЗВ” ужо тры гады. Сёлета яна паспяхова скочыла секцыі “Беларускія вячоркі”, “Хор “УЗВышша” і “Майстэрства акцёра”.
“Тэатр — мая мара маладосці, — пачынае аповед спадарыня Лідзія. — Я амаль паступіла ў Харкаўскі тэатральны, але тата мне не дазволіў. Ён сказаў, што гэта не прафесія, і адправіў у педінстытут”.
У 1953 годзе камісія творчай ВНУ сама ездзіла па школах-вучэльнях у пошуках годных абітурыентаў. Спадарыня Лідзія разам з сяброўкай прайшла першасны адбор. Да ўступных экзаменаў іх рыхтавалі прафесійныя акцёры адэскага тэатра. Да апошніх выпрабаванняў у запаветную alma mater заставалася тры дні.
“Раптам тата вырашыў пайсці да акцёраў, з якімі мы займаліся”, — у падрабязнасцях згадвае спадарыня Лідзія.
Размова была лаканічнай:
— Кім стане мая дачка пасля вашага інстытута?
— Калі ёсць талент, будзе добра, але закуліснае жыццё цяжкое.
Валявым рашэннем бацькі дакументы нашай гераіні накіраваліся з тэатральнага інстытута ў педагагічны. Спадарыня Лідзія ўсё жыццё прапрацавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры.
“Мне было 18, а ў гэтым годзе 80, — кажа яна. — Мне хацелася рэалізавацца хоць трошачкі!..”
Няздзейсненая мара прывяла спадарыню Лідзію ў тэатральную секцыю “Універсітэта залатога веку”. Цяпер у яе акцёрскім рэзюмэ ролі дзялка і Маленькага прынца ў спектаклі паводле вядомай аповесці Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, Івана Іваныча Самавара ў аднайменнай замалёўцы, Грамадзяніна з хворым зубам, Мадам Ярушкінай, Івана Сцяпанавіча Кабыліна ў п’есе “Нервовыя людзі” паводле матываў апавяданняў Міхаіла Зошчанкі.
Ці не расчаравалася актрыса? Мо тата тады меў рацыю?
“Не! У нас такі цудоўны рэжысёр! Ён, як псіхолаг, тактоўна шукае падыход да кожнага. Мы раскрыліся і разняволіліся”, — не хавае радасці спадарыня Лідзія.
Наша гутарка перарываецца: заіграў гармонік, і маю суразмоўцу запрашае на танец імпазантны спадар, таксама слухач “Універсітэта залатога веку”.
Гэта толькі адна з найцікавейшых гісторый пажылых студэнтаў і студэнтак УЗВ. У гэтым годзе тут навучалася блізу 180 чалавек. Шэсць гадоў таму асветніцкую праграму для людзей ва ўзросце “50+” распачало грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці Сектар”.
“Шчасце сталых людзей не ў дастатковай колькасці лекаў, нават не ў добрай пенсіі, таму што можна быць забяспечаным і не мець нікога, акрамя тэлевізара, — расказвае старшыня праўлення грамадскага аб’яднання Вітаўт Руднік. — Доўгі час гэта быў устойлівы стэрэатып, быццам сталыя людзі могуць выключна гадаваць унукаў. Ды нават для гэтага трэба быць чалавекам як мінімум шчаслівым і здаровым”.

Сёння пажылыя беларусы — гэта амаль чвэрць усяго насельніцтва. Часта ў адрас моладзі кажуць: “Яны не такія, якімі былі мы”. Але і цяперашнія пенсіянеры — гэта не тыя самыя бабулі і дзядулі хаця б гадоў 20 таму. Сучасныя сталыя людзі сочаць за здароўем, хочуць вучыць замежныя мовы, вандраваць, карыстацца камп’ютарам, стыльна апранацца ды займацца тым, на што раней бракавала часу. Іх роля ў жыцці грамадства не абмяжоўваецца толькі ўдзелам у выбарах, упэўненыя стваральнікі УЗВ. Асаблівую стаўку тут робяць на сацыяльную актывізацыю пажылых гарадзенцаў. Кожны акадэмічны год ва УЗВ працуе “Школа добрых справаў”, каб паказаць, што сталыя людзі — гэта перадусім каштоўны рэсурс для грамадства. Слухачы УЗВ збіраюць неабходныя рэчы і ахвяраванні прытулку для бяздомных жывёл, дзіцячага хоспіса, дома-інтэрната ў Мураванцы, садзяць дрэвы ў заапарку, прыбіраюць у сінагозе і каля Каложскай царквы.
Пра запатрабаванасць такога падыходу да старасці сведчыць конкурс стажораў ва УЗВ: сёлета 5 чалавек на месца. Актыўныя пенсіянеры, сацыяльныя работнікі, актывісты грамадскіх аб’яднанняў з розных гарадоў цягам тыдня пераймалі гарадзенскі досвед.
“Мяне бянтэжыць, што прававыя рамкі для дзейнасці такіх структур абмежаваныя. НГА небагата, а каб цягнуць такую праграму, трэба мець хаця б памяшканне. Універсітэты, якія па логіцы павінныя былі б першымі пераняць такую мадэль, не маюць фінансавага інтарэсу. Каштоўнаснай зацікаўленасці ім бракуе. Пакуль што гэта сфера не зразумела чыёй адказнасці: ахова здароўя, сацыяльнае абслугоўванне, адукацыя — усе робяць сваё ў дачыненні да сталых людзей і ніхто не робіць гэта сістэмна і ў комплексе”, — падсумоўвае Вітаўт Руднік.
Акрамя Гародні такія ўніверсітэты для “сеньёраў” працуюць у Мінску і Берасці.
Хрысціна Марчук, budzma.by
Фота: Аляксандр Саенка