Выставы

Паводле часу

Ёсць рэдкія выпадкі, калі асоба, якая займае высокую адміністрацыйную пасаду ў творчым саюзе, тым не менш захоўвае цалкам свежае мастацкае бачанне свету і майстэрскі творчы ўзровень. Да іх ліку можна аднесці аднаго з кіраўнікоў Саюза мастакоў Беларусі Сяргея Цімохава.

Яго выстава «Паводле часу» адчынілася 27 кастрычніка ў вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47).



2e2c080d5490760af59d0baf5acbb84e.jpg

Паводле часу
Ёсць рэдкія выпадкі, калі асоба, якая займае высокую адміністрацыйную пасаду ў творчым саюзе, тым не менш захоўвае цалкам свежае мастацкае бачанне свету і майстэрскі творчы ўзровень. Да іх ліку можна аднесці аднаго з кіраўнікоў Саюза мастакоў Беларусі Сяргея Цімохава.
Яго выстава «Паводле часу» адчынілася 27 кастрычніка ў вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47).
Час — як не дзіўна для статычнага віду мастацтваў, якім з’яўляецца жывапіс і графіка, — асноўны стрыжань экспазіцыі. Гэта час чалавечы, касмічны, гістарычны і міфалагічны. Тэмы для натхнення Цімохаў знаходзіць у даўніх часах нацыянальнага паганства.
Сярод экспанаваных работ 1990–2000-х гадоў багата асобных і серыйных прац, прысвечаных загадкавым стодам і абярэгам, дрэвам-боствам, рытуальным яйкам і да таго падобным прадметам. Яны закручаны ў колазварот міфалагічнага часу трыма работамі, якія адбіваюць цыкл гадавога сонцавароту: «Гуканне вясны», «Купалле», «Каляды». Праўда, чамусьці нестае чацвёртай кропкі — восеньскага раўнадзенства, набліжанага да Дзядоў. Затое ёсць выхад у час гістарычны: цалкам удалая з пункту цяжкасці для вырашэння, актуальная тэма — «Грунвальд» (трыпціх 2010 г.).
Ад часу міфалагічнага і гістарычнага мастак з бездакорнай логікай экспазіцыі мастак пераходзіць да часу чалавечага ў графічных нізках «Постаці». Тэма ню вырашана з найвышэйшай дакладнасцю пачуццёвай і скупой лініі, якая паспрачаецца з вытанчанасцю графікі Пікасо. Такім чынам, можна канстатаваць вельмі спелы майстроўскі ўзровень як у валоданні прыёмамі малявання, так і ў тонкім адчуванні гармоніі колеру ў жывапісных творах.
Экспазіцыя, якая адчынена па 23 лістапада, не падмане спадзяванняў наведвальнікаў. Часам, ствараючы ажыятаж вакол «нашых эмігрантаў», публіка валам валіць на вернісажы твораў Ігара Цішына ці Барыса Заборава. Тым не менш наша мастацкая школа не выпадкова нарадзіла гэтыя персаналіі, бо яна багатая на іншыя імёны роўнавысокага ўзроўню, да якіх бясспрэчна належыць імя Сяргея Цімохава.
Аспекты жыцця
Адкрыццё выставы «Аспекты жыцця: рэльеф і скульптура з воўны» ў Музеі сучаснага мастацтва ў Мінску 2 лістапада адбывалася весела і тлумна.
Матывы і вобразы касмічных сіл і спрадвечных вікінгаўскіх вобразаў шведскай мастачкі па тэкстылі Гунілы Пэтаў Шоберг на гэтай экспазіцыі, арганізаванай пры дапамозе Шведскай амбасады, адразу прывабілі багата гледачоў.
І так адбылося, што намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі і заслужаны мастак Васіль Шаранговіч пад ухвальныя рэплікі публікі заспрачаліся. Першы сцвярджаў, што ягоны дзед, таксама захоплены апрацоўкай воўны, быў лепшым шапавалам і майстрам па валёнках на Пастаўшчыне і Мядзельшчыне. Шаранговіч запярэчыў: маўляў, гэта ягоны дзед-каваль трымаў першынства ў ваколіцах Мядзела і па вырабу валёнак. Але, зазначыў ён, тое, што прадстаўлена на выставе, — гэта высокае і мадэрнае мастацтва, без якога, у адрозненне ад традыцыйнага абутку, немагчымае паўнацэннае эстэтычнае жыццё сучаснага чалавека.
Выстава сапраўды ўражвае багаццем тэм: ад скульптурных кампазіцый да ваўняных палотнаў і настолькі тонкіх паверхняў з графічнымі матывамі, што яны нагадваюць пергамент. Асабліва ўлічваючы ўдалую густоўную падсветку экспанатаў. Невыпадкова намеснік старшыні Саюза мастакоў Беларусі Сяргей Цімохаў адзначыў не толькі гарманічную блізкасць твораў Гунілы Пэтаў Шоберг да яго ўласных «язычніцкіх» тэм у карцінах, што адначасова паказаны на яго выставе ў дольных залах музея. Ён таксама выказаў меркаванне, што эстэтычныя і стылёвыя пошукі шведкі акажуцца плённымі для фармулявання новых ідэй творцамі, што працуюць у розных відах і жанрах мастацтва.
Публіку — як заўсёды, на дасканалай беларускай мове — вітаў амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан, выказаўшы падзяку сям’і Шаранговічаў — былому дырэктару Васілю, пры якім пачыналася супраца са шведскімі праектамі ў мінскіх музеях і ўласна адбылося знаёмства з Гунілай Пэтаў Шоберг. А таксама — яго дачцэ Наталлі, сённяшняй дырэктарцы. Шведская майстрыха была настолькі задаволеная якасцю экспанавання, што жартам паабяцала ўсе свае новыя выставы рабіць менавіта ў Беларусі.
«Аспекты жыцця» ў шведскай версіі можна агледзець па 14 лістапада. 6 лістапада Гуніла Пэтаў Шоберг прачытае лекцыю ў памяшканні галерэі «Акадэмія» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (Сурганава, 14) з 10.00 да 14.00. Уваход вольны.
---------------------------------------------------------------------------------
Сяргей Цімохаў нарадзіўся ў 1960 годзе ў вёсцы Кротаў Гомельскай вобласці. У 1979 годзе скончыў Мінскую мастацкую вучэльню, у 1984-м — Беларускую Акадэмію Мастацтва (кафедру манументальнага мастацтва). З 1986 па 1998 гады жыў у Полацку, затым пераехаў у Мінск. Cябра Беларускага саюза мастакоў з 1989 года. Працуе ў жанры станковага жывапісу і графікі, манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.