ВМ як журналіст, паэт і поп-зорка

У музычным інтэрнэце нядаўна нарабіў шоскату рэклямны ролік гурта «Pananieba», дзе ў галоўнай ролі зьняўся адзін знакаміты чалавек. Не, ня зорка Галівуда Арнольд Шварцэнэґер, а наш…



7f8dfc182100b72f5e7cb91f63f9c8db.jpg

У музычным інтэрнэце нядаўна нарабіў шоскату рэклямны ролік гурта «Pananieba», дзе ў галоўнай ролі зьняўся адзін знакаміты чалавек. Не, ня зорка Галівуда Арнольд Шварцэнэґер, а наш…
Музычны крытык Вітаўт Мартыненка зарабіў свой аўтарытэт яшчэ ў 80-х, калі працаваў рок-аглядальнікам ды намесьнікам рэдактара ў моладзевай прэсе, пісаў і друкаваў у айчынных і замежных выданьнях мастацкія творы (проза, паэзія, літаратуразнаўства), адрэдагаваў і выдаў кірыліцай перакладзены на беларускую мову Пятром Татарыновічам раман нобелеўскага лаўрэата Генрыка Сянкевіча «Quo Vadis». Культавымі сталі Вітаўтавы з Анатолем Мяльґуем сумесныя музыказнаўчыя кнігі «Праз рок-прызму» (1989) і  «222 альбомы беларускага року» (2006). Апошняй маштабнай працай ВМ стаў аўтарскі парадаксальны том «Rock on-line» (2010), які выклікаў контравэрсыйныя рэнамэ крытыкаў: ад такога – «кніга стала падобнай на постмадэрнісцкі раман з жывымі характарамі пэрсанажаў, дзе суседнічаюць глыбокія культураляґічныя развагі, філязофскія сэнтэнцыі, ляґічныя практыкаваньні, а зь іншага боку – мацерныя выразы й гнюсныя інсінуацыі апанэнтаў, якія сталі характырнымі для інтэрнэт-форумаў, гэта жорсткае, часьцяком агіднае, але займальнае чытво, якое робіць кнігу ўнікальным дакумэнтам нашай парадаксальнай эпохі расчараваньняў і надзей» (часопіс «Верасень») да гэткага – «в своей новой книге "Rock on-line" Мартыненко окончательно сошёл с ума, ибо нельзя так любить Беларусь, как он» (калямузычны сайт «HitKiller»).
Ці варта дадаваць, што мноства рок-гуртоў ствараюць песьні на вершы В. Мартыненкі («P.L.A.N.», «Tesaŭrus», «NeuroDubel», «DeadMarsh»)? Здавалася, што ні ў чым новым ён ужо не праявіцца, аж не…
Напачатку лютага папулярны рэп-гурт «Pananieba» запрасіў яго на галоўную ролю ў сваім кліпе, Вітаўт даў згоду і праз пару дзён прачнуўся зоркай экрана: толькі на «YouTube» кліп спампавала паўтысячы чалавек. Вось што высьветліў з гэтай нагоды Кастусь Баешка на сайце «BelMusic.org»: «Як распавядае "supernova" экрана, ён ніколі ня возьмецца за драматычную ролю, хоць у школьных спэктаклях даводзілася сьмяшыць публіку, але ў кліпах пасьпеў засьвяціцца ("Ура!" гурта "Бонда", "Храмы падаюць" гурта "Рэй"), яны выдаваліся на DVD "Кліп-Марафон", 2008, мелі тэлератацыю…».
Мне асабіста Вітаўт распавёў, што запрашэньне на здымкі было ўсё ж нечаканым, але карысным, бо нездарма ж ён папрацаваў у свой юнацкі час і на кінастудыі, і на TV. Гурт «Pananieba» калісьці кардынальна зьмяніў стаўленьне папулярнага музычнага крытыка да стылю рэп, узьнікла творчая ўзаемапавага, таму адмаўляцца ад запрашэньня ніяк не выпадала, хоць гэта быў усяго толькі ролік на 12 сэкунд для шырокай рэклямы (TV, мэтро, музычныя сайты) плянаванай тады на 23 лютага прэзэнтацыі новага альбому «71» названага калектыва.
Вось што распавядае Вітаўт афіцыйнаму сайту арґанізатара канцэрта – лэйбла «БМАgroup»:
– Гэты досьвед паказаў мне надзвычайную ёмістасць працы РЭЖЫСЭРА КЛІПАЎ, які можа стварыць цуд аж ці не зь бервяна. Запомніце гэтыя імёны: кліпмэйкеры студыі «КапканFilm»  Андрэй Адамовіч (ідэя й сцэнар) ды Аляксандр Крупіна (рэжысэр і апэратар). Над гэтымі 12-цю сэкундамі мы працавалі некалькі гадзін, ды яшчэ безь мяне колькі, а мне ўдалося насьмяшыць нават самога сябе, бо ў хлопцаў быў прадуманы кожны кадр. Дый нейкім выпадковым жэстам у кадры я нават апэратара зьдзівіў, чым ганаруся.
І я ўдзячны ім, кліпмэйкерам, самім музыкам «Pananieba» (хоць яны мяне крытыкавалі за мой рэп-досьвед ва ўласнай песьні «Diss ад Please»), бо гэта цудоўна, калі разам з новымі зоркамі папярэднікі зноў і зноў вяртаюцца ў кантэкст сучаснай моды, дапамагаючы й сабе, і ім. Гэтак жа й сам Божанька загадаў: хто сябруе з зоркамі, той і сам зьзяе.
Дадамо, што паглядзець згаданы ролік можна тут

(Артыкул друкуецца ў арыгінальным варыянце)


Ігар САВОСЬЦЕНКА