«Все нормально. Ее-версия»: прэзентаваны першы ў Беларусі зборнік п'ес, створаных жанчынамі
Напрыканцы 2019 года ў выдавецтве «Логвінаў» выйшла анталогія сучаснай беларускай драматургіі «Все нормально. Ее-версия». Рэдактаркамі і ўкладальніцамі анталогіі выступілі Таня Арцімовіч, Ксенія Князева і Алена Мальчэўская. Чаму гэтая падзея вартая ўвагі, а кніга — месца на вашай паліцы?

Па-першае, выданне зборнікаў драматургіі, не кажучы ўжо пра сучасную беларускую, — з’ява нячастая. З апошняга можна прыгадаць салідны (больш за 600 старонак) том «Антология современной белорусской драматургии», выдадзены ў 2016 годзе «Беларускай Энцыклапедыяй», і некалькі тамоў анталогіі на польскай мове, падрыхтаванай Андрэем Масквіным, якая пабачыла свет у Польшчы (прызентацыя трэцяга тома адбылася ў 2015 годзе). Па-другое, многія п’есы анталогіі «Все нормально. Ее-версия» былі адзначаны на міжнародных драматургічных конкурсах і фестывалях, прайшлі «апрабацыю на гледачах» падчас чытак у Беларусі і за яе межамі, а некаторыя ўжо былі пастаўлены, што сведчыць пра іх мастацкі ўзровень. Нарэшце, анталогія ўяўляе сабой першае ў гісторыі беларускага тэатра выданне п’ес, створаных выключна жанчынамі-драматургамі.

Рэдактаркi i aÿтаркi кнігі
Ідэя падрыхтоўкі такога выдання, як распавяла на прэзентацыі ў прасторы «Другі паверх» Таня Арцімовіч, узнікла дастаткова спантанна, але ініцыятыва была падтрымана выдавецтвам «Логвінаў», нягледзячы на тое, што зборнікі драматургіі не самы папулярны тавар на кніжным рынку.

Анталогія «Все нормально. Ее-версия» стала часткай праекта «Формат+. Чтения современной белорусской драматургии» Платформы перфарматыўных практык «зЕрне», у межах якога на працягу 2019 года праходзілі чыткі сучаснай беларускай драматургіі ў Брэсце, Гомелі, Магілёве, Барысаве, Лідзе, прычым удзел у іх прынцыпова бралі непрафесійныя акцёры.

У зборнік увайшло семь п’ес: «Шкура» Алёны Іванюшанка, «Мастэктамія» Кацярыны Чэкатоўскай, «Усё нармальна» Улады Хмель, «Дабрабыт» Марыі Бяльковіч, «Бездакорны» Рымы Ушкевіч, «Жывёла» Юліі Шаўчук і «Liebfraumilch / Малако маёй маці» Анастасіі Васілевіч. З мэтай даць прастору для галасоў аўтарак, паказаць перадгісторыю з’яўлення новай генерацыі актыўных, маладых драматургінь, шлях і ўмовы, у якіх жанчыны дабіваліся(-юцца) і даказвалі(-юць) сваё права быць часткай беларускага тэатра, ствараць і змяняць яго, рэдактаркі ўключылі ў анталогію таксама маналогі Алёны Іванюшанка, Алены Папавой і рэжысёркі Валянціны Мароз. Такі падыход дазволіў аб'яднаць у кнізе розныя пакаленні жанчын, што па меркаванні Алены Мальчэўскай, з’яўляецца вельмі важным у кантэксце беларускага тэатра.

Рэдактаркi i дызайнерка кнiгi Наста Стальмахова чытаюць падчас прэзентацыi фрагмент п’есы Улады Хмель Усё нармальна
П’есы, якія ўвайшлі ў анталогію, былі створаны ў апошняе дзясяцігоддзе, асноўная частка ўвогуле — тэксты 2017—19 гадоў, і ў іх адлюстравалася актуальная на сённяшні дзень праблематыка, зрухі, што адбываюцца ў сучасным грамадстве і свядомасці людзей, яго болевыя кропкі. Тэматычна поле прадстаўленых п’ес, дастаткова разнародных паводле жанра і эстэтыкі (напрыклад, «Жывёла» Юліі Шаўчук вербацім), досыць шырокае. Гэта тэмы сексуальнага і псіхалагічнага гвалту, нянавісці, разгубленасці чалавека ў сучасным свеце з яго спусташальным тэмпам, канфлікту пакаленняў, цыклічнасці траўматычнага вопыту, абумоўленага самім станам постсавецкага грамадства, якое, па трапным выразе Ксеніі Князевай, «яшчэ не пераадолела крызіс пубертату».

«Все нормально. Ее-версия» анталогія драматургіі, напісанай жанчынамі, але рэдактаркі, якія натуральна мелі канцэпцыю і мэтанакіравана адабралі для ўключэння ў зборнік менавіта такія тэксты, свядома пазбеглі вызначэння «жаночая» драматургія. На прэзентацыі яны адзначылі, што галоўным крытэрыем для іх з’яўляўся мастацкі, літаратурны ўзровень матэрыялу, таму, у першую чаргу, гэта — высокаякасная драматургія. Акрамя таго, акцэнт рабіўся на тэкстах тых аўтарак, якія да гэтага не друкаваліся.

Што тычыцца ідэі сабраць пад адной вокладкай выключна тэксты драматургінь, то яе ўзнікненню садзейнічала само жыццё. У апошні час у беларускай тэатральнай прасторы з’явілася дастаткова вялікая колькасць заўважных тэкстаў і рэжысёрскіх работ, аўтаркамі якіх з’яўляюцца жанчыны. «Заўсёды і зараз таксама тэатр застаецца мужчынскім светам і прыход туды жанчыны — гэта выключэнне, подзвіг, — кажа Таня Арцімовіч. — Таму з’яўленне ў беларускім тэатры плеяды жаночых імёнаў прымусіла нас звярнуць на гэта ўвагу».

Ці можна бачыць у такім падыходзе праявы фемінізму і называць «Все нормально. Ее-версия» фемінісцкім зборнікам?
Ксенія Князева адказвае, што галоўнай задачай анталогіі было прадставіць класную літаратуру, напісаную жанчынамі. Фемінісцкая павестка першачарговай не з’яўлялася, аднак была надзвычай важнай, да таго ж яна моцна адчуваецца ў многіх тэкстах: гэта тэмы мізагініі, сястрынства, вікцімблэймінга. Па меркаванні Тані Арцімовіч, якая напісала ўступны артыкул да анталогіі, прысвечаны фемінісцкаму тэатру ў Беларусі, зусім неабавязкова, каб самі аўтаркі атаясамлівалі сябе з фемінісцкім рухам. Галоўнае, што ў выданні прадстаўлены жаночыя галасы:
«Фемінізм не як вузкая палітычная павестка, а як больш шырокая вобласць, оптыка, мае на ўвазе прастору для голаса жанчыны, якая заўсёды на маргінэзе. Мы ж адбіралі п’есы такім чынам, каб у іх былі прадстаўлены розныя тэмы: жанчына кажа пра палітыку, жанчына кажа пра асабістае, пра сексуальнасць. Каб паказаць, што прыход жанчыны ў мастацтва, драматургію робіць вельмі шырокім тэматычнае полі і эмансіпіруе эстэтыку і стыль».
Пагартаць і набыць анталогію «Все нормально. Ее-версия» можна ў кнігарні «Логвінаў».
Аÿтар фота Палiна Хадорык