Ад логікі дэпалітызацыі да логікі звышпалітызацыі

Нашто (на халеры) казе баян? Пытанне рытарычнае — гэта значыць такое, што не мае патрэбы ў прамым адказе. 

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Рытарычнымі могуць быць і ўлёткі. Міжволі згадваюцца савецкія анекдоты. Напрыклад, дыялог супрацоўніка КДБ з Рабіновічам, які раздае чыстыя аркушы паперы на Краснай плошчы:

— Чаму ў вас тут нічога не напісана?

— Пра што пісаць? І так усё зразумела.

А навошта сучаснай дзяржаве, якая прэтэндуе на званне «дзяржава для народа», ідэалогія? Адназначнага адказу ў сацыяльных мысляроў на гэта пытанне няма. І праблема тут не ў бездапаможнасці «яйкагаловых» прадстаўнікоў роду чалавечага. Праблема — у бясконцай разнастайнасці жыцця.

Каб не расцякацца думай па дрэве, абмяжуюся дзяржавамі, якім ва ўмовах пераходу ад індустрыяльнага грамадства да грамадства постіндустрыяльнага стала няўтульна ў аўтарытарных рамках — і яны вырашылі змяніць іх на рамкі неататалітарызму.

Але і ў гэтай выбарцы «не ўсё так адназначна», бо такога кшталту рэжымы ў сваім развіцці схільныя падпарадкоўвацца адной з дзвюх крайніх логік: логіцы дэпалітызацыі або логіцы звышпалітызацыі. 

Канчаткова сітуацыю заблытвае магчымасць змены логік пад уздзеяннем знешніх і ўнутраных абставінаў.

Усе далейшыя высновы не з'яўляюцца вынікам бяссонных начэй аўтара гэтага артыкула, а запазычаныя з кнігі «Дзве логікі аўтарытарнага праўлення» палітолага Ёханэса Гершэўскага. У ёй аўтар прааналізаваў эвалюцыю 45 азіяцкіх рэжымаў пасля Другой сусветнай вайны.

Ад 7,9% да 0,9%

У першым набліжэнні палітычныя рэжымы прынята дзяліць на аўтарытарныя (АР) і дэмакратычныя (ДР). У спісе іх адрозненняў Гершэўскі вылучае падыходы да нявызначанасці.

Дэмакратычныя рэжымы (ДР) — прыклад арганізаванай нявызначанасці. Ад спаўзання ў хаос ДР утрымліваюць моцныя інстытуты і захаванне працэдур. Нявызначанасць выбараў іх не палохае, бо параза не з'яўляецца фатальнай, і ў тых, хто прайграў, ёсць шанец на перамогу на наступных выбарах.

У аўтарытарных рэжымаў (АР) задача інстытутаў зводзіцца да забеспячэння прынцыпу нязменнасці ўлады. Як у сваёй прастадушнасці неаднаразова падкрэсліваў адзін мой знаёмы палітык, «уладу мы не аддадзім». І вось ужо тры дзесяцігоддзі словы ў гэтага адзінага палітыка не разыходзяцца са справай.

Аднак вернемся да дзвюх логік развіцця АР. На выбар менш за ўсё ўплываюць хацелкі галоўнага аўтакрата. Не варта, аднак, кідацца ў іншую крайнасць і, пераймаючы Маркса, разважаць пра аб'ектыўныя законы гісторыі. Тым не менш логіка дэпалітызацыі не высмоктваецца з пальца. Яна характэрная для АР у фазе эканамічнага поспеху.

Такая фаза ў сузаснавальнікаў Саюзнай дзяржавы назіралася ў першым дзесяцігоддзі XXI стагоддзя. У Беларусі эканоміка ў гэты слаўны перыяд дадавала прырост 7,9% (0,9% у наступны), а ў Расіі — 4,9% (1,3% адпаведна).

Устойлівы рост эканомікі — гарант росту даходаў насельніцтва. Насельніцтва, натуральна, на клопат у «нулявыя» адказвала падзякай. Гэта хараство і прыязнасць да ўлады сацыёлагі фіксавалі ў выглядзе завоблачнага рэйтынгу першай асобы. У сваю чаргу, палітолагі з разумным выглядам разважалі пра сацыяльны кантракт, у аснове якога ляжаў абмен росту даходаў на лаяльнасць.

На публічную праяву незадаволенасці рашаліся толькі гарадскія вар'яты. Што тычыцца шырокіх народных мас, то ні маніпуляцыі з выбарамі, ні абмежаванні свабоды прэсы іх не хвалявалі.

Дзяржавы, у якіх дастаткова рэсурсаў для падкормкі грамадзян, у ідэалогіі не маюць патрэбы, — зрэшты, як і ў масавых партыях. Што да рэпрэсій супраць апанентаў, то дзяржава абыходзілася кропкавымі.

Усіх не пералічыш

Мне запярэчаць: а як жа «ідэалагічная нарада», якая дала старт на выпрацоўку дзяржаўнай ідэалогіі ў Беларусі? Стартаваць — не фінішаваць.

Нарада адбылася 27 сакавіка 2003 года. Уся справа ў даце. На пачатак трэцяга года «нулявых» устойлівасць эканамічнага росту была не відавочная. Патрэба ў тым, каб падсцяліць «саломку», на вяршыні ўладнай вертыкалі востра адчувалася. Усведамленне правільнасці абранага шляху прыйшло пазней, што і адбілася ў частаце згадак слова «ідэалогія» ў пасланнях: 2003 год — 15 разоў, 2006 год — 1 раз. І гэта ў год прэзідэнцкіх «выбараў»!

З-за адсутнасці гербавай паперы пішуць на простай, а калі ёсць дэфіцыт легітымнасці, заснаванай на эканамічных поспехах, на дапамогу заклікаюць легітымнасць ідэалагічную.

Нязменнае знаходжанне ва ўладзе адной і той жа асобы мае патрэбу ў абгрунтаванні, інакш на класічнае пытанне: «калі не ён, то хто?» будзе знойдзены адказ. Гэта, зрэшты, і было прадэманстравана ў жніўні 2020 года.

Зляпіць цэласную ідэалогію — накшталт камуністычнай — не атрымалася. Спроба скакаць ад святасці суверэнітэту і незалежнасці як ад печкі таксама не пракаціла. Бо што ёсць суверэнітэт ва ўмовах пераходу ад аўтарытарнага рэжыму да неататалітарнага? Прывяду вызначэнне, запазычанае ў расійскага публіцыста Івана Давыдава, «суверэнітэт — права ўнутры краіны рабіць літаральна ўсё, што заўгодна, без аглядкі на так званую сусветную супольнасць».

Натуральна, што такім правам валодае вузкая група асобаў, якая ўспрымае любыя спробы крытыкі сваіх дзеянняў у якасці замаху на суверэнітэт. А суверэнітэт, нагадаю, — гэта святое.

Што ў сухім астатку? У сухім астатку — канцэпцыя ўнутраных і знешніх ворагаў. Пасля масавых пратэстаў лета-восені 2020 года з іх пошукам у беларускіх ідэолагаў праблем не ўзнікае. На любы густ. Выбірай, не хачу.

Не сядзела склаўшы рукі і інтэлектуальная абслуга Крамля: шукалі і выкрывалі агентаў варожага ўплыву, праплочаныя Захадам НКА, якія падрываюць «традыцыйныя каштоўнасці». Усіх не пералічыш! І як вынік правалу эканамічнага развіцця — так званая «Спецыяльная ваенная аперацыя».