Аляксандр Патупа: Пры пэўных умовах грамадска-кансультацыйная рада можа прынесці станоўчыя вынікі
Адным з тых, хто атрымаў запрашэнне ўзяць удзел у працы грамадска-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, з’яўляецца ганаровы старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў прафесар Аляксандр Патупа. Свае меркаванні наконт задач і перспектыў дзейнасці новай структуры ён выказаў у размове з карэспандэнтам “НЧ Генадзем Кеснерам.
Адным з тых, хто атрымаў запрашэнне ўзяць удзел у працы грамадска-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, з’яўляецца ганаровы старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў прафесар Аляксандр Патупа. Свае меркаванні наконт задач і перспектыў дзейнасці новай структуры ён выказаў у размове з карэспандэнтам “НЧ Генадзем Кеснерам.
— Якой вы бачыце грамадска-кансультацыйную раду?
— Паводле маіх уяўленняў, гэта пэўная экспертная група, якая падбіралася па персанальнай прыкмеце. Сёння, я лічу, нейкі “круглы стол з удзелам партый, грамадскіх
арганізацый — апазіцыйных ці прапрэзідэнцкіх — скрайне неэфектыўны. Гэта было б папросту гублянне часу, для гэтага яшчэ трэба ствараць сітуацыю, і сітуацыя павінна стварацца
менавіта за кошт экспертных груп. Калі гэта будзе насамрэч так, то ёсць шанс дабіцца станоўчага выніку.
Больш за тое, экспертная група зручная ў тым сэнсе, што не так крыўдна, калі праігнаравалі нейкую партыю ці арганізацыю. Адбор экспертаў — гэта, як кажуць, пытанне таго, хто замаўляе. А
другі зручны момант, што адмыслоўцаў заўжды можна прыцягваць. Урэшце распараджэнне спадара Макея (кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта — Г. К.), якое падпісана, можна потым падпісаць наноў,
увесці дадатковых людзей, запрасіць новых экспертаў. Іншымі словамі, выпрацоўваць аптымальны склад значна прасцей. Для гэтага не спатрэбіцца цяжкі механізм нейкіх партыйных галасаванняў. Скажу шчыра:
калі б гаворка ішла пра нейкае фарміраванне кшталту “круглага стала, я зусім не ўпэўнены, што пагадзіўся б на такое дарэмнае гублянне часу. У дадзеным выпадку, магчыма, будзе
карысць.
— Чым рада павінна заняцца ў першую чаргу?
— Найперш там трэба абмеркаваць метадалагічныя моманты. Эканомячы на гэтым першыя гадзіны працы любой структуры, мы потым нясем велізарныя страты. У свой час два ці тры разы была збітая
агромністая праца знакамітай Групы па адміністрацыйных працэдурах, бо не дамовіліся па метадалогіі, што лічыць добрай працэдурай, а што трэба скасаваць. З-за гэтага вялікая колькасць пасяджэнняў
прайшла ўпустую, а тут рызыка яшчэ большая, таму адразу трэба дамовіцца пра прынцыпы работы.
На мой погляд, прынцыпы павінны быць дастаткова простыя. Усё мусіць цесна засяродзіцца вакол трох асноўных кірункаў. Па-першае, было б добра, каб рада мела магчымасць разглядаць тыя праекты
нарматыўных і прававых актаў, па меншай меры, сур’ёзных, значных, якія рыхтуе ўлада, выказваць свае заўвагі, рэкамендацыі, пажаданні.
Другі момант: ёсць дзеючыя законы, падзаконныя акты, указы, дэкрэты і шмат чаго іншага. Я думаю, што і ўлада можа раіцца, але са свайго боку і мы можам вылучаць прапановы па іх змяненню, часам вельмі
істотнаму, паколькі ў нашым заканадаўстве ёсць шмат чаго дастаткова негатыўнага, што варта было б скасаваць.
І трэці момант — гэта прапанова тых ці іншых праектаў з экспертнага боку з тым, каб яны рэальна былі разгледжаны. А ў нашых умовах рэальна гэта можа адбывацца толькі пры падтрымцы
Адміністрацыі прэзідэнта, якая здольная даць каманду тым ці іншым міністэрствам папярэдне нашы прапановы прапрацоўваць і рабіць праекты ўказаў, дэкрэтаў... Гэта таксама вельмі сур’ёзная і
неабходная ўмова.
На мой погляд, кожны з сябраў экспертнай рады мусіць мець магчымасць незалежна вылучаць ініцыятывы па праектах нейкіх актаў. Той праект, які хацеў бы прадставіць нехта з экспертаў ці група экспертаў,
было б вельмі важна абмеркаваць: па-першае, адкрыюцца новыя рысы, а па-другое, і дзяржаўны бок зможа ацаніць грамадскую рэакцыю на папярэднія прапановы або нейкія дэталі, што патрабуюць удакладнення.
Тады гэта мае сэнс.
— Чаго варта чакаць ад дзейнасці новай структуры?
— Я думаю, што такі падыход, канешне, прынясе істотную ачышчальную карысць нашаму заканадаўству, але тут вельмі важная стратэгічная карысць, таму што тады ўлада зможа абсалютна шчыра
сказаць: створана структура, якая ажыццяўляе, хоць і ў абмежаванай ступені, кантрольна-карэкціровачныя функцыі.
Справа ў тым, што наша ўказна-дэкрэтнае заканадаўства, якое ў свой час быццам бы прымалася выключна для надзвычайных абставін, надзвычайных захадаў, насамрэч замацавалася як сталае, рэгулярнае. Гэта
вельмі зручна для ўлады.
Сапраўды, практычна не засталося кантрольных інстанцый над прэзідэнцкай галіной улады. Парламент зарыентаваны зусім інакш, там знаходзяцца людзі, якія па сутнасці не з’яўляюцца палітыкамі.
На гэтай падставе маглі б сфарміравацца ўмовы для сапраўды шырокага дыялога. Па-другое, людзі ўцягнуліся б у такую кантрольна-карэкціровачную дзейнасць, а гэта ўжо сур’ёзнае ўзаемадзеянне з
дзяржавай, і потым яно магло б даць новыя фармулёўкі таго, што мы разумеем пад парламентам, а магчыма, дазволіла б нават прыйсці да нейкай іншай мадэлі выбараў.
Я хачу падкрэсліць, што працаваць з праектамі нарматыўна-прававых актаў — гэта зусім не з лозунгамі, тое вельмі сур’ёзная рэч. Я мяркую, што з боку экспертаў маглі б быць
рэкамендацыі па дасведчаных людзях, якія б маглі ўвайсці ў выканаўчую ўладу на сур’ёзныя пазіцыі. То бок, гэта ўжо сапраўды добрая перспектыва, каб казаць пра дэмакратызацыю і лібералізацыю
ўсяго працэсу ў краіне, але, канешне, пры ўмове, што ўлады змогуць прыняць гэтыя правілы гульні.