Арамнаў: трэба стварыць партыю, а калі яе не паслухаюць, тады ісці на мітынгі

Цяперашнія вулічныя акцыі Арамаў называе «беспарадкамі» і «контрпрадуктыўнымі». І спадзяецца «размаўляць з уладай на мове закона», паведамляе «Еўрарадыё».

Андрэй Арамнаў на пікеце Сяргея Чэрачня / facebook.com/dzmitry.barodka

Андрэй Арамнаў на пікеце Сяргея Чэрачня / facebook.com/dzmitry.barodka


Алімпійскі чэмпіён штангіст Андрэй Арамнаў у інтэрв'ю Tribuna.com расказаў пра сваё стаўленне да цяперашніх вулічных акцыяў у Беларусі.

Як расспавядала Еўрарадыё, падчас вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Арамнаў паставіў подпіс за Сяргея Чэрачня. Пазней ён асудзіў дзеянні сілавікоў, якія дзейнічаюць на вуліцах без формы: "Калі затрымлівае чалавек без апазнавальнай формы, то я лічу, што гэта бандыт. Таму што праваахоўнік заўсёды павінен быць адзеты па форме".

Цяперашнія вулічныя акцыі ён называе "беспарадкамі" і "контрпрадуктыўнымі".

"Я лічу, што мітынгі, з аднаго боку, паказалі незадаволенасць грамадзян Рэспублікі Беларусь. Але я лічу, што калі такая сітуацыя ўзнікла і так шмат людзей збіраецца, то трэба вырашаць усё законна, законным шляхам. Ствараць сапраўдную апазіцыю, сапраўдную палітычную партыю. І размаўляць з уладай на мове закона", — заяўляе Арамнаў.

На яго думку, трэба стварыць новую партыю, якая будзе адстойваць інтарэсы грамадзян. Гэтага, кажа штангіст, ніхто не забараняе: "Лічу, што трэба стварыць партыю, і калі толькі тады нас не будуць слухаць, то тады трэба выходзіць на мітынгі. Я лічу, што гэтыя мітынгі паказалі, што шмат людзей нязгодныя з тым, што дзеецца ў краіне. Ну дык давайце згуртавацца і стварыце партыю... Сапраўдную, працоўную. І вырашайце пытанне ўнутры краіны, таму што ўзяць і зрабіць тое, што кажа натоўп... Не ведаю".

Між тым у Беларусі апошнія два дзясяткі гадоў не рэгіструюць новыя партыі. Еўрарадыё апісвала, якія дачэпкі выкарыстоўваюць для адмовы ў рэгістрацыі: нават не той міжрадковы інтэрвал у заяўцы.

Арамнаў мяркуе, што большасць дзеянняў улады супраць вулічных акцыяў законныя, а да натоўпу яна прыслухоўвацца не абавязаная: "Разумееце, для ўлады тое, што адбываецца на вуліцы... Ну, натоўпы ходзяць... Але народ увесь час ходзіць па вуліцах. Цяпер яны пачалі гуртавацца – усё. І яны парушаюць грамадскі парадак. Па-першае, каранавірусная праграма. Улада павінна збольшага разганяць. Яны-то дзейнічаюць збольшага паводле закона. Вядома, там хапае і беззаконня. Але яны-то могуць гэта абгрунтаваць законна. А натоўп нічога не можа законнага даць, ніяк сябе не можа абараніць. А можна абараніцца толькі законам. Гэта маё меркаванне".