Азбука паліталогіі: Радуйся, пляшывы, над табою любата, ці Чарговы поспех Беларускай мадэлі

Беларуская мадэль, як і яе савецкі продак — гэта ўлік і кантроль, плюс электрыфікацыя ўсяго, што толькі можна.

fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__3__1_logo.jpg


17 траўня 2017 года сайт самай саліднай газеты Беларусі ўпершыню распавёў сваім чытачам пра тое, што існуе сувязь паміж заходнімі санкцыямі і «акном магчымасцей». Пра гэта казалася ў артыкуле «На службе народу і дзяржаве».
Дамарослым скептыкам, а такія ёсць у любым грамадстве, перш чым яны пачнуць падвяргаць сумневу галоўную выснову гэтага артыкула, нагадаю пра прынцып падвойнага аўтарытэту (аўтарытэт газеты + аўтарытэт аўтара). Пра «саліднасць» газеты было сказана вышэй, а што да аўтара, сваімі поглядамі на службу народу і дзяржаве 17 траўня 2017-га падзяліўся міністр замежных спраў РБ Уладзімір Макей.
Яму і дам слова: «Адмена большасці санкцый у дачыненні да Беларусі адкрыла “акно магчымасцей” для развіцця поўнафарматнага дыялогу з Захадам ва ўсіх сферах узаемадзеяння — у першую чаргу ў важных для нас гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай, разам з доступам Беларусі да рэсурсаў міжнародных і еўрапейскіх фінансавых інстытутаў».
Нескладана заўважыць, што гаворка ідзе пра пазітыўны ўплыў на Беларускую мадэль не санкцый, а, наадварот, іх адмены! Быў, аказваецца, і такі перыяд у гісторыі адносін рэспублікі-партызанкі з кансалідаваным Захадам.
Аднак тое, што было, сплыло. Каб усвядоміць усю паўнату пазітыўнага ўплыву санкцый, дзяржаўным мужам спатрэбіліся чатыры гады і тры месяцы, што пацвярджае наступная заява старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка: «Улічваючы, што ў нас няма права дапусціць пагаршэння якасці жыцця нашых грамадзян, трэба самую пільную ўвагу надаць мерам процідзеяння для таго, каб з гэтага санкцыйнага супрацьстаяння выйсці мацнейшымі, больш эканамічна эфектыўнымі, уважліва папрацаваць над выдаткамі і адкрыць новае акно магчымасцей для нашых прадпрыемстваў» (06.08.2021).
Адсутнасць права на дапушчэнне пагаршэння якасці жыцця нашых грамадзян, як паказалі далейшыя падзеі, сама па сабе мала што гарантуе. Гэта і пацвердзіў днямі Нацыянальны статыстычны камітэт. Цытую паводле сайта belstat.gov.by: «Рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва Рэспублікі Беларусь у студзені-ліпені 2022 года склалі 96,6% да ўзроўню студзеня-ліпеня 2021 года».
З валавым унутраным прадуктам справы ідуць яшчэ больш сумна. За студзень-жнівень аб’ём ВУП у супастаўных цэнах да ўзроўню студзеня-жніўня 2021 года склаў 95,1%.

Ад прасядання да станоўчай дынамікі

Зніжэнне базавых эканамічных паказчыкаў, ад якіх скачуць усе астатнія, аўтаматычна не вядзе да зніжэння ўзроўню аптымізму на вяршыні ўладнай «вертыкалі». Урэшце ў любым мностве негатыўных статыстычных даных прафесіяналу нескладана адшукаць жамчужнае зерне — было б жаданне!
У прафесіяналізме прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі сумнявацца не даводзіцца. 10 верасня пасля наведвання археалагічных раскопак на месцы Менскага гарадзішча ён падзяліўся з журналістамі сваёй знаходкай: «Што тычыцца экспарту, то ў нас было пэўнае прасяданне, звязанае з прамым уплывам санкцый і стратай украінскага рынку. Але пачынаючы з чэрвеня мы прырастаем у экспарце тавараў ад 6 да 8 працэнтаў. Таму сітуацыя з экспартам аднаўляецца. У нас ідзе станоўчая дынаміка па штомесячным аднаўленні экспарту. Кожны месяц паляпшаецца знешнегандлёвае сальда. Цяпер станоўчае сальда складае 2,300 мільярда долараў. Разлічваем, што ў жніўні яно яшчэ павялічыцца на 500 мільёнаў долараў».
Сайт belstat.gov.by аптымізм прэм’ер-міністра з нагоды поспехаў экспарцёраў пацвярджае. Калі ў першым паўгоддзі 2022 года экспарт тавараў склаў 95,8% да аналагічнага перыяду 2021-га, то ў студзені-ліпені — 96,5%. Дробязь, а прыемна, пагадзіцеся.
Аднак, калі хто забыўся, знешнегандлёвы абарот — гэта сума экспарту і імпарту. А як ідуць справы з імпартам? Ён як зніжаўся, так і працягвае зніжацца: у першым паўгоддзі — 93,2%, у студзені-ліпені — 90,3%. І менавіта зніжэнне імпарту стала прычынай паляпшэння знешнегандлёвага сальда.
«Радуйся, пляшывы, — як гаварыў мой дзед, — над табою любата».

Як гукнеш, так і адгукнецца

Беларуская мадэль вельмі падобная да свайго савецкага продка. Гэта ўлік і кантроль, плюс электрыфікацыя ўсяго, што толькі можна. З электрыфікацыяй пасля ўвядзенне другога блока БелАЭС праблем не будзе ўзнікаць, зрэшты, іх і сёння практычна няма. Праблемы паўстаюць з лішкамі электраэнергіі, аднак гэта тэма для асобнай гутаркі. Таму прапаную звярнуць увагу на ўлік і кантроль.
Вернемся ў 10 верасня на археалагічныя раскопкі, дзе кіраўнік урада падзяліўся з журналістамі сваёй радасцю з нагоды прырастання экспарту. Адначасова ён паведаміў: штотыдзень праводзіцца маніторынг стану спраў на буйных прадпрыемствах краіны. Усяго ў фокусе каля 8 тысяч прадпрыемстваў.
Аднак гэта колькасны паказчык. Зрэшты, і наконт якасці кантролю перажываць не даводзіцца: «Валодаем сітуацыяй па кожным з іх. І мы бачым, што ўвесь комплекс абмежаванняў — санкцыі, лагістыка, разлікі — стварае сур’ёзныя праблемы для любога прадпрыемства. Але я лічу, што мы спраўляемся з гэтымі выклікамі — гэта вельмі годны вынік. Мы матываваныя. Мы не здадзімся і дакажам, што на адным Захадзе свет клінам не сыходзіцца».
Цікава, а каму мы збіраемся даказваць гэту азбучную ісціну? Захаду ці Усходу? Але бакоў свету, калі мне памяць не здраджвае, не два, а чатыры. Ёсць жа яшчэ Поўнач і Поўдзень!
Яшчэ два гады таму перад беларускімі экспарцёрамі ставілася задача траціну прадукцыі накіроўваць у Еўрасаюз, траціну — у Расію, а яшчэ траціну — у астатнія краіны. Што мы фактычна маем у першым паўгоддзі? У Расію — 53%, у Еўрасаюз — 19% і ў астатнія краіны — 28%.
Гэта толькі ў галовах ідэалістаў і рамантыкаў эканоміка можа функцыянаваць сама па сабе, а палітыка — сама па сабе. Прырода, між тым, міждысцыплінарная, і таму як у палітыцы гукнеш, так у эканоміцы і адгукнецца.