Беларускім дэмсілам нельга аб'ядноўвацца з расійскімі лібераламі, бо ў гэтым аб'яднанні беларусы будуць пытаннем трэцяга гатунку
Кірыл Касцян на «Delfi» адказвае крытыкам Ціханоўскай і тым, хто не бачыць розніцы паміж беларусамі і расійцамі.
Нядаўняе інтэрв'ю Святланы Ціханоўскай для «Новай газеты. Еўропа» было азагалоўленае «Мы дамагаемся таго, каб Беларусь і Расію не клалі ў адзін кошык». У ім Ціханоўская адзначыла, што Пуцін, у адрозненне ад Лукашэнкі, з'яўляецца легітымным прэзідэнтам, падкрэсліўшы пры гэтым, што беларускае і расійскае грамадствы маюць абсалютна розныя кантэксты і сітуацыі, у тым ліку і ў дачыненні да вайны Расіі супраць Украіны. Гэтыя выказванні выклікалі масу эмоцый сярод прадстаўнікоў расійскага антыпуцінскага руху. Паспрабуем разабрацца, чаму крытыка лініі беларускіх апазіцыйных структур на выразны падзел паміж Беларуссю і Расіяй з'яўляецца контрпрадуктыўнай і шкодзіць самому расійскаму антыпуцінскаму руху.
Крыху гісторыі
Рэжым Лукашэнкі паўстаў і аформіўся раней, чым рэжым Пуціна. Пакуль цяперашні расійскі лідар толькі падбіраўся да вяршынь улады ў Крамлі, Лукашэнка ў Беларусі пад шырмай нелегітымных рэферэндумаў знішчыў сістэму стрымліванняў і проціваг паміж галінамі ўлады і выбудаваў сваю вертыкаль. У гэтым кантэксце варта таксама нагадаць пра «паслугу», аказаную беларускаму народу вышэйшымі расійскімі чыноўнікамі на чале з тагачасным прэм'ер-міністрам Віктарам Чарнамырдзіным, якія прыехалі ў Мінск у лістападзе 1996 года з мэтай «прымірыць» Лукашэнку з Вярхоўным Саветам. У выніку гэтай місіі Лукашэнка змог нейтралізаваць пагрозу імпічменту з боку парламента, а таксама правёў рэферэндум, чым зацвердзіў дыктатуру ў краіне. Калі б не было гэтага візіту, магчыма, мы б гаварылі пра рэжым Лукашэнкі як пра кароткі эпізод у найноўшай гісторыі Беларусі. Аднак, гэта ўжо ўмоўны лад і ён тут недарэчны. І, напэўна, у наш век Цік-Тока пра гэта ўжо мала хто памятае.
Калі Пуцін заняў прэзідэнцкае крэсла ў Крамлі, Расія ўспрымалася многімі на Захадзе як умоўна дэмакратычная краіна, хоць і са сваёй спецыфікай. У адрозненне ад рэжыму Лукашэнкі, які знаходзіўся з верасня 1997 года пад санкцыямі Еўрапейскага Саюза, Расія доўгі час з'яўлялася часткай «Вялікай васьмёркі», пры гэтым рэалізуючы інтэграцыйны парадак у дачыненні да Беларусі ў палітычнай, эканамічнай і вайсковай сферах. А сказаная ў 2005 годзе Кандалізай Райс фраза пра тое, што Беларусь — гэта апошняя дыктатура Еўропы, на доўгія гады стала своеасаблівым брэндам, па якім пазнавалі краіну. Не дзіўна, што тады многія на Захадзе з прычыны ўласнай шчырай наіўнасці, недальнабачнасці або, магчыма, праз палітычны разлік лічылі, што адносна дэмакратычная Расія зможа паўплываць на далейшую дэмакратызацыю Беларусі.
Прычынай гэтага шмат у чым было няведанне беларускай сітуацыі, па-за постсавецкім (чытай: расійскім) кантэкстам. Дадзеная праблема ў заходніх краінах мела сістэмны характар. Падрыхтоўка кадраў, якія пасля займаліся саветалогіяй, а потым і постсавецкай прасторай, факусавалася на веданні Расіі, яе гісторыі, культуры і мовы. А астатнія краіны, у тым ліку і Беларусь, заставаліся ў цені «старэйшага брата». Гэтая сітуацыя — не віна беларусаў, якія воляю лёсу апынуліся ў краінах вольнага свету. У сілу сваіх магчымасцей яны спрабавалі лабіраваць беларускія інтарэсы і даносіць веды пра краіну свайго паходжання ў дзяржавах, якія сталі іх новай радзімай. З падобнымі праблемамі сутыкалася і нават больш шматлікая і ўплывовая ўкраінская дыяспара. У цэлым, у некаторых сферах, кшталту акадэмічнай, прынцып «Расія і ўсе астатнія» ў дачыненні да постсавецкіх краін быў жывы аж да пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны ў лютым 2022 года, і беларусы, відавочна, не хочуць быць сярод гэтай безаблічнай масы «ўсіх астатніх», тым больш у існуючых геапалітычных рэаліях.
Пра Давіда і Галіяфа
Ціханоўскую папракаюць за яе словы пра імперыялістычныя амбіцыі і легітымнасць Пуціна, а таксама нежаданне супрацоўнічаць з расійскім антыпуцінскім рухам. І тут варта адзначыць некалькі аспектаў.
Гаворачы пра палітычны аспект, варта нагадаць, што Пуцін быў цалкам рукапацісканай фігурай у заходніх краінах аж да лютага 2022 года. Пасля свайго чарговага перавыбрання ў 2018 годзе ён быў з візітамі ў Парыжы, Берліне, Рыме, Вене, Будапешце, Хельсінкі і Жэневе. У апошнім выпадку ён сустракаўся з Джозэфам Байдэнам. Усё гэта толькі сведчыць пра яго легітымнасць у якасці абранага прэзідэнта. У выпадку з Лукашэнкам перыяд з 2015 па 2020 гады, калі ў дачыненні да яго былі спачатку прыпыненыя, а потым знятыя санкцыі, з'яўляецца хутчэй выключэннем. У астатні час для заходніх палітыкаў ён заставаўся ізгоем і нелегітымным дыктатарам. Пры гэтым, у адрозненне ад Пуціна, ён не анэксаваў тэрыторыі, якія належаць, у адпаведнасці з міжнародным правам, іншым дзяржавам. Так што ўжо праз розную палітычную вагу Беларусі і Расіі заходнія краіны дэманстравалі ў дачыненні да рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна розны парог дапушчальнасці. Таму класці іх у адзін кошык абсалютна некарэктна, паколькі ўвесь фокус будзе забіраць на сябе расійская праблематыка, а беларускі кантэкст у ёй па вызначэнні стане пытаннем трэцяга гатунку. І гэта забойна для прыцягнення ўвагі да беларускай сітуацыі і лабіравання беларускіх інтарэсаў.
Гэта ж тычыцца чалавечага і фінансавага рэсурсаў. З часоў распаду СССР на праекты, звязаныя з Расіяй, вылучалася несувымерна больш сродкаў, чым на Беларусь і яе грамадства. Акрамя таго, расійская апазіцыя ў стане сябе фінансаваць на ўзроўні значна большым, чым беларуская. Але ў выпадку такога супрацоўніцтва, дзе гарантыя, што беларускі кантэкст не акажацца на перыферыі? Хоць бы таму, што ў міжнародным кантэксце Пуцін лічыцца большым злом, чым Лукашэнка, і, адпаведна, звяржэнне яго рэжыму па вызначэнні будзе прасоўвацца як прыярытэт. Аднак, варта памятаць, што ні перамога Украіны ў вайне з Расіяй, ні звяржэнне пуцінскага рэжыму ў Расіі не азначаюць аўтаматычнае звяржэнне рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Гэтага беларускае грамадства павінна дамагчыся само, хутчэй за ўсё, пры наяўнасці спрыяльных знешнепалітычных фактараў.
Таксама не варта скідаць з рахункаў культурны і моўны аспекты. Хтосьці скажа, што Беларусь можна дэмакратызаваць у рамках агульных культурных праектаў на рускай мове, бо яе ўсе разумеюць. Так, разумеюць, але сімвалізм і прагматызм ніхто не адмяняў. Сімвалізм заключаецца ў самай наяўнасці такога беларускамоўнага і беларусацэнтрычнага кантэнту. Цяпер, магчыма, мала хто ўспомніць гісторыю 2005 года, калі «Deutsche Welle» атрымала грошы ЕС на арганізацыю праграмы для Беларусі. Мовай вяшчання была абраная расійская, што выклікала незадаволенасць сярод дэмакратычна настроеных беларусаў, бо была відавочнай праява непавагі да іх ідэнтычнасці. Хтосьці скажа, што хоць нешта лепш, чым нічога. Але ж прыхільнасць культурнай і моўнай разнастайнасці заўсёды была адной з апор, на якіх будаваўся ЕС, і наяўнасць мальтыйскай або ірландскай сярод яго афіцыйных моў з'яўляецца выдатным таму сведчаннем. Разгляд расійскага і беларускага выпадкаў «оптам», зноў жа, наўрад ці пакіне дастаткова месца для беларускамоўных і беларусацэнтрычных культурных і медыйных прадуктаў.
Замест заключэння
Можна па-рознаму ставіцца да Ціханоўскай і структур, якія яна ўзначальвае. Аднак у дадзеным выпадку яе словы прагучалі рацыянальна і, у нейкай ступені, своечасова. Праблема беларускай грамадзянскай супольнасці доўгі час палягала ў тым, што яна ў нейкай ступені была адкрытая да кантэкстаў іншых, найперш расійцаў і ўкраінцаў. У гэтым губляўся уласны стрыжань, бо дапамагчы іншым можна толькі тады, калі ты ў стане дапамагчы самому сабе.
Расійская грамадзянская супольнасць, пры несувымерна вялікіх магчымасцях, усё роўна спрабуе гуляць у транснацыяналізм, імкнучыся акумуляваць рускамоўны чалавечы рэсурс з краін былога СССР. І крытыка расійскімі актывістамі Ціханоўскай чарговы раз ілюструе светапогляд, які можна трактаваць як неразуменне беларускай сітуацыі і кантэксту. Таму маюць рацыю тыя, хто кажа, што расійская антыпуцінская апазіцыя не можа хоць неяк якасна ўзмацніць беларускія дэмакратычныя сілы і тым больш дапамагчы ў лабіяванні беларускіх інтарэсаў на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Аднак такое выразнае размежаванне не адмяняе магчымасцей узаемавыгаднага супрацоўніцтва на пэўных узроўнях.