Святлана Ціханоўская — абраная прэзідэнтка, лідарка дэмсіл або сімвал «пратэснай» Беларусі?

Заходнія краіны па-рознаму пазначаюць статус Святланы Ціханоўскай, але імкнуцца інстытуцыяналізаваць адносіны з яе Офісам. Што гэта азначае для дэмсіл, афіцыйнага Мінска і ўсіх беларусаў?

Святлана Ціханоўская. Фота: ed.ac.uk

Святлана Ціханоўская. Фота: ed.ac.uk

Замест пасланцаў Аляксандра Лукашэнкі — офіс дэмсіл. 10 кастрычніка стала вядома, што беларускія дэмакратычныя сілы атрымалі асобны офіс у будынку Рады Еўропы ў Страсбургу. Даволі сімвалічна, што раней яго займаў прадстаўнік афіцыйнага Мінска. «Акрамя сімвалізму і практычнай карысці мы таксама гаворым пра тое, што паступова забіраем тэрыторыю для працы ў лукашэнкаўскага рэжыму», — заявіў прадстаўнік па міжнародных справах Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі.

Аднак Страсбург — не адзінае месца, дзе дэмсілы Беларусь спрабуюць замяніць сабой пасланцаў Лукашэнкі. Місіі дэмсіл таксама ёсць у Бруселі і Кіеве, а ў Эстоніі і Празе працуюць прадстаўнікі Святланы Ціханоўскай. Ці з'яўляецца адкрыццё такіх структур за мяжой сведчаннем прызнання дэмсіл і ў якой якасці заходнія краіны прызнаюць Святлану Ціханоўскую, разбіралася «Deutsche Welle».

Якія з заходніх краін лічаць Ціханоўскую прэзідэнткай?

Адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года Святлана Ціханоўская ўхілялася ад таго, каб называць сябе прэзідэнткай Беларусі, хоць многія чакалі ад яе такога кроку. Замест гэтага выкарыстоўваліся тэрміны «лідарка апазіцыі» або «лідарка дэмакратычнай Беларусі». Упершыню пра сябе як пра «абраную прэзідэнтку» Ціханоўская заявіла ў лістападзе 2022 года ў артыкуле для часопіса «Politico», што, паводле ацэнак назіральнікаў, хутчэй было палітычным ходам для прыцягнення ўвагі заходняй публікі, чым рэальнай заяўкай на гэты статус.


Глядзіце таксама

Нягледзячы на тое, што заходнія краіны адзіныя ў сваім непрызнанні легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі як прэзідэнта Беларусі, гэта аўтаматычна не азначае, што яны прызнаюць у такой якасці Святлану Ціханоўскую. З замежных дзяржаў прэзідэнткай яе лічаць, мабыць, толькі ў Літве — у верасні 2020 года літоўскі Сейм прыняў рэзалюцыю, у якой прызнаў Ціханоўскую абранай прэзідэнткай, а створаную ёю Каардынацыйную раду — законным прадстаўніком беларускага народа.

На ўзроўні Еўрасаюза, як і ў ЗША, Святлану Ціханоўскую прэзідэнткай ніколі не называлі: падчас нядаўняга выступу ў Еўрапарламенце яе прадстаўлялі як «лідарку беларускай дэмакратычнай апазіцыі».

Ціханоўская дамагаецца прызнання не для сябе, а для грамадства ў цэлым

Як патлумачыў DW Валерый Кавалеўскі, ні ЗША, ні ЕС не прызналі вынікі апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, а значыць, ніхто з іх удзельнікаў, паводле логікі заходніх краін, не можа лічыцца пераможцам кампаніі. «Аднак мы бачым фактычнае прызнанне — да Святланы ставяцца як да абранай прэзідэнткі, яе прымаюць на высокім узроўні ў многіх дзяржструктурах розных краін, асабліва ў парламентах, у якіх больш свабоды», — кажа Кавалеўскі.

Разам з тым, паводле яго слоў, у сваёй дзейнасці Ціханоўская не кіруецца задачай дамагчыся для сябе асабіста прызнання прэзідэнткай: «Яна імкнецца да таго, каб дэмсілы і грамадзянская супольнасць прызнаваліся міжнароднай супольнасцю як прадстаўнікі інтарэсаў беларускага народа».


Глядзіце таксама

Офісы за мяжой — прыкмета інстытуцыяналізацыі дыялогу з дэмсіламі

Адкрыццё місіі пры Радзе Еўропы ў Страсбургу Кавалеўскі называе важным крокам у працэсе інстытуцыяналізацыі адносінаў іншых краін з дэмсіламі. Акрамя офіса пры Радзе Еўропы місія дэмакратычнай Беларусі на чале з экс-паслом Уладзімірам Астапенкам ужо працуе ў Бруселі, у Кіеве такую ж структуру ўзначальвае Генадзь Манько, які да таго каардынаваў сувязі Офіса Ціханоўскай з беларускімі добраахвотнікамі ва Украіне. Таксама ў Святланы Ціханоўскай ёсць свае прадстаўнікі ў Чэхіі і Эстоніі.

«Наяўнасць офісаў за мяжой дазваляе трымаць узровень кантактаў вышэй, чым калі б іх не было», — адзначае палітычны аналітык Арцём Шрайбман. Паводле яго слоў, гэта вылучае беларускія дэмсілы з астатніх такіх рухаў па ўсім свеце, бо мала ў каго ёсць настолькі інстытуцыяналізаваныя сувязі. Шрайбман дадае, што назіраецца і сустрэчны рух, бо некаторыя заходнія краіны — Польшча, Эстонія і ЗША — па факце маюць акрэдытаваных дыпламатаў пры Офісе Ціханоўскай.


Глядзіце таксама

Асабліва паспяховым аналітык знаходзіць той факт, што цяпер ЗША і ЕС выбудоўваюць адносіны наўпрост з дэмсіламі, а не з уладамі ў Мінску. Так, з Еўрасаюзам ужо дзейнічае кансультатыўная група «Беларусь — Еўрасаюз», у якой Беларусь цяпер прадстаўляюць дэмсілы, а ЗША нядаўна абвясцілі аб пачатку стратэгічнага дыялогу з дэмсіламі. «І ў Бруселі, і ў Вашынгтоне ёсць разуменне, што дыялог трэба ставіць у інстытуцыйныя рамкі. Гэта дасягненне дэмсіл», — мяркуе Шрайбман.

Разам з тым, наяўнасць такіх прадстаўніцтваў за мяжой фармальна не сведчыць пра міжнароднае прызнанне Офіса Ціханоўскай як законнага ўрада Беларусі або ўрада ў выгнанні. «Ніхто не адклікаў прызнанне ў Беларусі. Відавочна, што аб'ём прызнання ў афіцыйнага Мінска вышэйшы. Але мы бачым зародкі, элементы квазіпрызнання. Ва ўсялякім выпадку, Офіс цяпер успрымаюць як нешта большае, чым проста НДА», — удакладняе Шрайбман.

Важныя не офісы дэмсіл, а прыярытэтнасць Беларусі як пытання

Гаворачы пра далейшае пашырэнні геаграфіі прадстаўніцтва беларускіх дэмсіл за мяжой, Валерый Кавалеўскі адзначае, што тут многае залежыць ад фінансавага забеспячэння: «У адрозненне ад Кіева або Таліна, Вашынгтон — гэта зусім іншы ўзровень выдаткаў. Патрэбныя сур'ёзныя ўкладанні, якія, да таго ж, павінны быць стабільнымі, бо ў нас павінна быць забяспечанасць на гады наперад, каб праца была бесперапыннай».


Глядзіце таксама

Арцём Шрайбман таксама не бачыць сур'ёзных перашкод да павелічэння прысутнасці дэмсіл у розных краінах, акрамя, уласна, наяўнасці фінансавых і людскіх рэсурсаў: «Суб'ектнасць афіцыйнага Мінска ў вачах свету падае, і гэта з'яўляецца прамой прычынай росту суб'ектнасці дэмсіл. Чым больш краін спыняюць камунікацыю з Мінскам, тым больш яны схільныя мець справу з дэмсіламі».

Пры гэтым аналітык паказвае, што не варта надаваць вялікае значэнне фармальна адкрытым офісам: «Куды важней прыярытэтнасць Беларусі як пытання, і на гэты момант яна падае».