Урсула фон дэр Ляен выказала падтрымку Святлане Ціханоўскай і беларускай апазіцыі
Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен па выніках сустрэчы ў Германіі выказала словы падтрымкі Святлане Ціханоўскай і беларускай апазіцыі.
«Дзякуй, паважаны Моладзевы саюз Германіі, за цудоўны прыём на Deutschlandtag 2023. Вы бераце на сябе адказнасць за будучыню Еўропы. Мы разам стаім на баку Ізраіля і Украіны. Мы салідарныя са Святланай Ціханоўскай і апазіцыяй у Беларусі», — напісала яна ў X.
«Дарагая Урсула фон дэр Ляен, я высока цаню вашу рашучую пазіцыю і цвёрдую падтрымку дэмакратычнай Беларусі. Наяўнасць сярод нашых сяброў такога выбітнага лідара ўмацоўвае нашу ўпэўненасць у барацьбе за свабоду. Мы заклікаем вас і надалей падтрымліваць нас на шляху да дэмакратыі і ў Еўропу», — напісала ў адказ Святлана Ціханоўская.
У нямецкім Браўншвейгу 20-22 кастрычніка прайшоў форум Моладзевага саюза Германіі, у якім прыняла ўдзел лідарка беларускіх дэмсіл.
У сваім выступленні перад нямецкай моладдзю Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што для беларусаў вельмі важна мець альтэрнатыву« рускаму міру», і Еўрапейскі саюз гэтую альтэрнатыву ўвасабляе. Ціханоўская таксама выказала словы падтрымкі Ізраілю і Украіне.
Дарэчы, у пачатку снежня плануецца другая сустрэча Кансультатыўнай групы ЕС-Беларусь у Бруселі, у якой возьме ўдзел Святлана ЦІханоўская, прадстаўнікі АПК і КР, а таксама грамадзянскай супольнасці.