Галоўнае за тыдзень у Беларусі. Версія «Бі-бі-сі»
Не так шмат Беларусі на гэтым тыдні было ў міжнароднай павестцы, але сёе-тое адбылося: Лукашэнка яшчэ мацней уграз у дыктатарскае балота, а Ціханоўская раззлавала расійскіх лібералаў. І, верагодна, журналісты знайшлі, дзе хаваюць ядзерную зброю.
Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з віцэ-прэзідэнтам Ірана, выданне «Wall Street Journal» выявіла магчымае сховішча расийскіх ядзерных боегаловак у Асіповічах, улады прапанавалі заклікаць у войска пры дапамозе смс-паведамленняў, а палітвязня Змітра Дашкевіча яшчэ раз прысудзілі да калоніі. Гэтыя і іншыя гісторыі ў аглядзе навін «Бі-бі-сі» пра падзеі ў Беларусі за тыдзень.
Таварышы па няшчасці
На гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з першым віцэ-прэзідэнтам Ірана Махамадам Махберам, паведамляе яго прэс-служба.
Лукашэнка ніяк не пракаментаваў напад ХАМАС на Ізраіль (у выніку якога загінулі некалькі беларусаў), аднак адзначыў, што крызіс на Блізкім Усходзе «спрыяе таму, што недружалюбныя заходнія краіны на чале са Злучанымі Штатамі Амерыкі пастаянна накіроўваюць вастрыё гэтага канфлікту супраць Ірана».
Ён таксама параўнаў сітуацыю вакол Ірана з тым, што адбываецца ў Беларусі.
«Ціск, які аказваецца на нашы дзяржавы, беспрэцэдэнтны, але вы ўжо навучыліся ў нейкай ступені гэтаму супрацьстаяць, і ваш досвед для нас вельмі важны, — адзначыў Лукашэнка. — Адказ адзін: мы павінны шчыльней працаваць адно з адным, разам супрацоўнічаць, каб супрацьстаяць гэтым выпадам».
ЗША і іншыя заходнія краіны ўвялі санкцыі супраць Ірана за спробу распрацаваць ядзерную зброю. Супраць Тэгерана таксама неаднаразова выстаўляліся абвінавачанні ў парушэнні правоў чалавека.
Санкцыі заходніх краін супраць Беларусі ўведзеныя за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, масавае парушэнне правоў чалавека і падтрымку расійскага ўварвання ва Украіну.
Ціханоўская — пра розніцу паміж Пуціным і Лукашэнкам
17 кастрычніка дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла ў брытанскім парламенце ў Лондане. Яна таксама сустрэлася з кіраўніком МЗС Брытаніі Джэймсам Клеверлі.
Ціханоўская папрасіла афіцыйны Лондан прызначыць спецпасланніка па Беларусі, а таксама заклікала Брытанію прытрымлівацца двухбаковай палітыкі: падтрымліваць беларусаў і, у той жа час, аказваць ціск на рэжым.
Напярэдадні візіту Святланы Ціханоўскай былы прэм'ер-міністр Брытаніі Борыс Джонсан апублікаваў відэа ў X (былым «Твітары»), у якім падтрымаў яе мужа Сяргея Ціханоўскага, асуджанага да 18 гадоў пазбаўлення волі.
Да гэтага некаторыя прыхільнікі апазіцыі пачалі крытыкаваць Ціханоўскую за яе інтэрв'ю расійскаму выданню «Новая Газета. Еўропа», у якім яна заявіла, што ва Уладзіміра Пуціна, у адрозненне ад Аляксандра Лукашэнкі, ёсць велізарная падтрымка сярод насельніцтва, таму «ў вас прэзідэнт легітымны».
«Мы ж бачым знакі "Z" на вуліцах у Расіі, бачым расійцаў, вельмі агрэсіўна супраць Украіны настроеных. У Беларусі вы такога не ўбачыце ніколі. У нас беларусы проста не разумеюць, як можна напасці на суседнюю краіну, на блізкую краіну, — заявіла Ціханоўская. — У расійцаў ёсць імперыялістычныя амбіцыі, і яны распаўсюджваюцца на большасць насельніцтва».
WSJ знайшоў магчымае сховішча расійскіх ядзерных боегаловак у Беларусі
Журналісты амерыканскага выдання «Wall Street Journal» прааналізавалі спадарожнікавыя здымкі і відэазапісы, зробленыя ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці ў розныя перыяды да і пасля пачатку вайны Расіі з Украінай і выявілі магчымае месца, дзе захоўваюцца расійскія ядзерныя боегалоўкі.
Аўтары публікацыі WSJ устанавілі, што на адным з участкаў раёна ў ліпені 2023 года з'явіўся вайсковы ангар, якога там не было яшчэ год таму. Выданне мяркуе, што ён можа выкарыстоўвацца як склад расійскіх ядзерных боегаловак.
На спадарожнікавых здымках таксама можна ўбачыць дзясяткі кампанентаў ракетнага комплексу «Іскандэр», размешчаных на адным з участкаў пасярод ляснога масіву. Акрамя таго, журналісты звярнулі ўвагу на з'яўленне некалькіх новых плотаў вакол вайсковых пляцовак.
WSJ таксама спасылаецца на відэазапісы беларускіх тэлеканалаў, на якіх паказаныя навучальныя вайсковыя палігоны і салдаты, якія стаяць побач з комплексамі «Іскандэр».
«Цяжка сказаць, ці магла Расія пераправіць ядзерныя боегалоўкі ў Беларусь, аднак аналіз спадарожнікавых здымкаў гаворыць пра пашырэнне магчымасцей для іх запуску па-за межамі Расіі», — кажуць журналісты WSJ.
Як сцвярджае выданне, Расія занялася падрыхтоўкай гэтай інфраструктуры яшчэ да ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года.
Напрыканцы чэрвеня гэтага года Лукашэнка заявіў журналістам, што «вялікая частка» ядзернай зброі, якая павінна паступіць з Расіі, ужо завезеная ў Беларусь.